5 траўня 2024, Нядзеля, 5:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што будзе з коштамі на арэнду кватэр у Менску

3
Што будзе з коштамі на арэнду кватэр у Менску

Экспэрты распавялі, ці варта чакаць «студэнцкага буму» сёлета.

Штогод напярэдадні новага навучальнага года ўласнікі здаваных у арэнду кватэр спадзяюцца на павелічэнне кошту арэнды праз прыток іншагародніх студэнтаў, якія маюць патрэбу ў жыллі. Але экспэрты кажуць: чаканні не апраўдваюцца ўжо не першы год, піша tut.by.

Што цяпер адбываецца з коштам арэнды?

У адрозненне ад коштаў продажу кватэр, якія за апошнія некалькі гадоў паспелі як знізіцца, так і вырасці, кошт арэнды кватэр які год застаецца без змяненняў.

— Зніжэнне ставак арэнды ў Менску скончылася ў канцы зімы 2016-га і пасля гэтага іх сярэдні ўзровень застаецца нязменным, — распавядае начальніца аддзела арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая. — Прычыну я бачу ў балансе прапановы і фінансава забяспечанага попыту.

Зрэшты, за апошні год з'явіліся перадумовы да змены сітуацыі.

У 2012-2014 гадах на ўсіх арандатараў кватэр не ставала, і правілы маглі дыктаваць уласнікі. Але цяпер арандатараў не толькі не становіцца больш — ёсць перадумовы да памяншэння іх колькасці.

— Нягледзячы на тое, што відавочныя крызісныя з'явы ў эканоміцы краіны ўжо ззаду, адчувальнага росту даходаў насельніцтва дагэтуль не назіраецца. На гэтым фоне за 2017 год больш чым напалову паменшыўся міграцыйны прырост насельніцтва Менска — людзі разумеюць, што заробкі ў сталіцы не растуць, а кошт жыцця (ежа і т. п.) даражэе.

Акрамя таго, на колькасць арандатараў, хай нязначна, але ўсё ж паўплывалі патаннелыя крэдыты на жыллё. Дзякуючы ім тыя, хто раней не мог разлічваць на ўласнае жыллё, цяпер развязалі сваё жыллёвае пытанне. Логіка простая — сям'і больш выгадна штомесяц выплачваць крэдыт за ўласную кватэру (пры крэдыце 60 тысяч рублёў аплаты — амаль 600 рублёў), чым аддаваць гэтыя грошы на арэнду.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што кожны год расце колькасць здаваных у арэнду кватэр. Пра гэта кажуць нават афіцыйныя звесткі — на здачы жылля ў Менску зарабляе 53 тысячы чалавек, здаецца кожная 12-я кватэра. Прыбытковасць кватэр цяпер удвая вышэйшая за банкаўскія дэпазіты — на ўзроўні 5% гадавых пасля выплаты падаткаў.

Маргарыта адзначае, што эфект ад даступных крэдытаў на рынку арэнды можа яшчэ мацней праявіцца праз год−два:

— Многія набылі кватэры ў новабудоўлях на стадыі будаўніцтва, і, чакаючы іх уводу ў эксплуатацыю, прадаўжалі жыць у арэнднай кватэры. Але па меры гатоўнасці дамоў арандатары будуць сыходзіць з арэндных кватэр у свае ўласныя.

Што будзе ў канцы лета?

Штогод вялікія чаканні ўласнікі ўскладаюць на канец лета — на фоне росту попыту можна павялічыць кошт арэнды.

— Безумоўна, у канцы лета — пачатку восені доля студэнтаў у агульнай колькасці паступаючых заявак павялічваецца, але не ў такім аб'ёме, каб гэта давала падставы ўласнікам павялічваць кошт арэнды. Калі дэфіцыту кватэр няма, завышаныя ў кошце прапановы арандатары проста ігнаруюць.

Хоць экспэрт адзначае: у жніўні−верасні можна здаць кватэру завышаным коштам — студэнты, якія не паклапаціліся пошукам загадзя, бяруць тое, што даюць. Але потым цягам месяца−двух з'язджаюць у жыллё з больш адэкватным цэннікам. І, здаўшы кватэру ў сезон даражэй, можна страціць больш — бо пасля з'езда такога арандатара ўласнік застаецца з пустуючай кватэрай у міжсезонне.

Заробкі на здачы кватэр: чаго чакаць уладальнікам

Інвестыцыі ў арэнднае жыллё не перастаюць быць прывабнымі. Маргарыта прыводзіць у прыклад з'яўленне новай формы здачы ў арэнду — паводле даверанасці.

— Толькі за 2018 год колькасць запытаў да нас на набыццё кватэры для здачы ў арэнду павялічылася ўдвая. Тыповы запыт гучыць так: набыць ліквідную кватэру і, прыкладаючы мінімум намаганняў, атрымліваць стабільны прыбытак ад здачы яе ў арэнду. Людзі хочуць, каб ім параілі, якая кватэра цяпер і ў агляднай будучыні будзе запатрабаваная арандатарамі, каб дапамаглі яе знайсці і набыць, а ў далейшым каб хтосьці займаўся яе здачай у арэнду — пошукам арандатараў, укладаннем дамоваў, узгадненнямі і да т. п.

Аднак разлічваць на вяртанне «дакрызісных» ставак арэнды, калі арандатар на аднапакаёвую кватэру з не самым найлепшым размяшчэннем знаходзіўся за дзень, коштам 350 USD, у агляднай будучыні не варта.

— Трэба разумець, што студэнты цяпер забяспечаныя інтэрнатамі значна лепш, чым гэта было 5 гадоў таму. Пры гэтым не варта скідаць з рахункаў дзяржаўнае арэнднае жыллё для іншых катэгорый арандатараў. Таму канкурэнцыя сярод уласнікаў кватэр адчувальная. Здаць кватэру ў арэнду за дзень-два і цяпер рэальна, але для гэтага патрэбна шырокая і стала абнаўляльная база запытаў ад арандатараў. А калі гэтым займацца самастойна, галоўнае — не пераацэньваць кватэру і не адмаўляцца ад самастойнага пошуку арандатараў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках