29 красавiка 2024, панядзелак, 17:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзярждэпартамэнт ЗША аддасць выведку на аўтсорсінг

2
Дзярждэпартамэнт ЗША аддасць выведку на аўтсорсінг
ФОТА: GETTY IMAGES

Адсочваць вайсковыя ўгоды ў свеце стане значна прасцей.

Дзярждэпартамэнт ЗША будзе адсочваць камерцыйную актыўнасць вайскова-прамысловых комплексаў замежных дзяржаваў з дапамогай іншых арганізацый, як амерыканскіх, так і замежных. Шукаць інфармацыю амерыканцы плануюць у тым ліку і на расейскай мове, піша bbc.com.

Акрамя расейскай, адсочваць інфармацыю прапануецца ў крыніцах на арабскай, кітайскай, фарсі і урду. Пры гэтым Дзярждэпартамэнт цікавяць не толькі будучыя ўгоды і пастаўкі ўзбраенняў, але таксама цяперашнія і мінулыя.

Пра планы Дзярждэпа стала вядома з інфармацыі на дзяржаўным партале ўрадавых грантаў. Там апублікаваная аб'ява пра конкурс на стварэнне праекта маніторынгу і аналізу інфармацыі, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе, пра ўгоды ў галіне гандлю зброяй і вайсковай тэхнікай.

Аб'ём кантракту – да паўмільёна даляраў. Удзельнічаць у ім могуць няўрадавыя, камерцыйныя і адукацыйныя арганізацыі.

Гэтая інфармацыя неабходная Дзярждэпартаменту для кантролю над выкананнем рэжыму санкцый і нераспаўсюджвання. У аб'яве асабліва падкрэсліваецца, што гаворка ідзе пра актыўнасць ва ўсіх сферах гандлю зброяй і вайсковай тэхнікай, уключаючы звычайную зброю.

Кампанія павінна будзе сама аналізаваць і вызначаць падазроную актыўнасць у галіне нераспаўсюджвання альбо гандлю з аб'ектамі санкцый і забароненымі арганізацыямі, а таксама рыхтаваць даклады і паведамленні на гэтую тэму – у тым ліку і для прадастаўлення іншым дзяржавам.

Кантракт апублікаваны ад імя Офіса супольнага зніжэння пагрозы (Office of Cooperative Threat Reduction), які займаецца кантролем над нераспаўсюджаннем тэхналогій і зброі масавага паражэння, рэалізацыяй рэзалюцый Рады бяспекі ААН, контртэрарыстычнай і іншай дзейнасці.

Адкрытыя крыніцы

Збор інфармацыі з адкрытых крыніцаў (Open Source Intelligence – OSINT) – адзін з самых важных відаў выведвальнай дзейнасці спецслужбаў. Цэнтральная выведвальная ўправа ЗША займаецца аналізам адкрытых крыніцаў з 1940-х гадоў.

ВАЕННЫ АЭРАДРОМ БОРДЖА-БАДЖЫ-МАХТАР У 2016 ГОДЗЕ. ТАК ЦАЛКАМ МОЖА ВЫГЛЯДАЦЬ ЗДЫМАК, З ЯКОГА АНАЛІТЫКІ ДАВЕДАЮЦЦА ПРА ПАСТАЎКІ ВАСКОВАЙ ТЭХНІКІ Ў АЛЖЫР
ФОТА: GETTY IMAGES

Гаворка ідзе не толькі пра публікацыі ў прэсе. Інфармацыя змяшчаецца ў розных апублікаваных дзяржаўных дакументах, навуковых даследаваннях, камерцыйных матэрыялах.

Атрыманнем і аналізам інфармацыі, важнай для прымання палітычных пастановаў, займаліся і займаюцца не толькі выведслужбы, але і аддзелы ў розных амерыканскіх міністэрствах.

З з'яўленнем інтэрнэту, а яшчэ больш з развіццём сацыяльных сетак у адкрытым доступе стала з'яўляцца ўсё больш інфармацыі, якую ўсё цяжэй кантраляваць. Інфармацыя пра вайсковыя кантракты распаўсюджваецца праз спецыяльныя тэматычныя інфармацыйныя сайты.

Зборам і аналізам такой інфармацыі займаюцца як урадавыя арганізацыі, так і камерцыйныя кампаніі і групы валанцёраў, як, напрыклад, Bellingcat, вынікі дзейнасці якой выкарыстоўваюць і дзяржаўныя службы.

Адсочваннем вайсковых кантрактаў, паставак вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў таксама займаецца вялікая колькасць розных групаў, якія часцяком і распаўсюджваюць сваю інфармацыю (ці, як мінімум, яе частку) праз адкрытыя крыніцы.

Наколькі надзейныя адкрытыя крыніцы?

Вайсковы эксперт Васіль Кашын мяркуе, што схаваць буйную вайсковую ўгоду вельмі складана.

"Любое буйное пагадненне пра продаж зброі – гэта транзакцыя на сумы ў мільярды або сотні мільёнаў даляраў, якая закранае сотні прадпрыемстваў-сумежнікаў, паколькі гэта вялікая вытворчая кааперацыя. Калі адбываецца нейкае буйное пагадненне ў варунках расейскай эканомікі, якая носіць рынкавы характар, то публікуецца шмат кантрактаў, ёсць шмат кампаній, усё гэта, так ці інакш, вылазіць у СМІ", – апавёў ён Бі-бі-сі.

Расейскі Цэнтр аналізу стратэгій і тэхналогій займаецца зборам і аналізам інфармацыі пра міжнародны рынак гандлю зброяй і вайсковай тэхнікай.

Як адзначае намеснік дырэктара Цэнтра Канстанцін Макіенка, агульны аб'ём расейскіх угодаў такі вялікі, што адсачыць іх большую частку немагчыма. Паводле ягоных словаў, Расабаронэкспарт за год заключае блізу тысячы ўгодаў, а ў прэсу за месяц трапляе інфармацыя пра дзве-тры.

Праўда, калі казаць пра аб'ём, то суадносіны будзе трохі іншымі. "Гэты рынак вельмі залежыць ад вялікіх угодаў. Тут важная не колькасць кантрактаў, а іхні кошт. Адносна кошту паводле вынікаў года мы ідэнтыфікуем блізу 50% угодаў", – апавёў Макіенка.

Паводле ягоных словаў, вельмі многае залежыць ад таго, з якой краінай заключаецца кантракт. Да прыкладу, інфармацыя пра пастаўкі ў Алжыр можа з'явіцца толькі тады, калі нехта ўжо на месцы сфатаграфуе тэхніку на мабільны і выкладзе здымкі ў сетку. Яшчэ адной краінай, пра вайсковыя пастаўкі якой даведацца даволі цяжка, з'яўляюцца ЗША. А ў Індыі многія звесткі пра перамовы і кантракты публікуюцца паводле закону, апавёў эксперт.

У Расеі статыстыка гандлю ўзбраеннямі афіцыйна абвяшчаецца на пасяджэнні вайскова-тэхнічнай камісіі, калі падводзяцца вынікі года. Аднак там звычайна называюць агульныя паказнікі, не ўдаючыся ў дэталі. Асноўная інфармацыя становіцца здабыткам галоснасці праз прэсу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках