Леанід Кулакоў: Улады баяцца, што мы будзем пратэставаць супраць прыезду Пуціна
8- 18.06.2018, 12:48
- 14,470
У дом Вольгі Нікалайчык спрабуе трапіць міліцыя.
Актывістка і грамадская рэжысёрка Вольга Hікалайчык паведаміла «Белсату», што да яе ў акно грукаў міліцыянт. Звычайна такія візіты заканчваюцца затрыманнямі актывісткі.
Вольга Нікалайчык – адна з найбольш актыўных удзельніцаў акцыі пратэсту каля рэстарана «Поедем поедим». Актывістка, аднак, звязвае візіт праваахоўнікаў з прыездам у Менск Пуціна.
«[Пуцін] едзе ў Менск, так будуць ужо бадзяцца за мной», – напісала Нікалайчык у «Фэйсбуку».
«Вольга мяркуе, што яны баяцца, каб мы не выйшлі і не сказалі Пуціну сваё “фу”», – кажа актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў, сябар Вольгі Нікалайчык.
Паводле словаў актывіста, ніякіх спецыяльных акцый, прымеркаваных да прыезду ў Менск кіраўніка Расеі, Вольга Нікалайчык не планавала.
У выніку міліцыянт сышоў, пакінуўшы Вользе позву.
Нагадаем, Пуцін наведае Менск з афіцыйным візітам 19 чэрвеня. Ён сустрэнецца з Лукашэнкам і возьме ўдзел у паседжанні «найвышэйшай дзяржаўнай рады» «саюзнай дзяржавы».