4 траўня 2024, Субота, 22:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сакратар Савета бяспекі Арменіі: Беларусь спрыяе гонцы ўзбраенняў у рэгіёне

9
Сакратар Савета бяспекі Арменіі: Беларусь спрыяе гонцы ўзбраенняў у рэгіёне

Менск прадаўжае падтрымліваць Азербайджан зброяй.

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі Арменіі Армэн Грыгаран на сустрэчы з паслом Беларусі Ігарам Назарчуком выказаў глыбокую занепакоенасць Ерэвана ў сувязі з тым, што Менск прадае ўзбраенне Азербайджану.

«Беларусь, якая з'яўляецца дружалюбнай краінай Арменіі і мае партнёрскія абавязацельствы, прадае Азербайджану ўзбраенне. Гэтым яна спрыяе гонцы ўзбраенняў у рэгіёне, якая ставіць пад пагрозу намаганні для падтрымання стабільнасці ў рэгіёне», - напісаў у сябе ў Facebook Армэн Грыгаран, піша tut.by.

Раней міністэрства замежных спраў Арменіі выказала шкадаванне аб пастанове Беларусі прадаць Азербайджану рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Паланэз».

«Шкадуем, што Беларусь, якая з'яўляецца сяброўскай для нас краінай, уцягнутай з намі ў шматбаковыя фарматы, і мае саюзніцкія абавязацельствы, прадае ўзбраенне краіне, якая з намі канфліктуе», - заявіў намеснік міністра замежных спраў Арменіі Рубен Рубінян.

Гісторыя продажу «Паланэзаў»

Нагадаем, што ў красавіку гэтага года стала вядома, што Азербайджан зацікавіўся купляй «Паланэзаў». Паводле першага кантракта Менск павінен быў паставіць Баку дзесяць камплектаў РСЗА (туды ўваходзяць ракеты, транспартна-зараджальныя машыны, пункт кіравання, радыёлакацыйныя станцыі і г.д.). Вайсковыя аналітыкі разглядалі гэты кантракт як «некалькі запознены адказ Азербайджана на пастаўкі Расеяй комплексаў «Іскандэр» у Арменію».

Падчас травеньскай сустрэчы на саміце ЕАЭС у Сочы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна ўздымалася пытанне паставак зброі з Беларусі ў Азербайджан, паведамляў сайт News.am.

Характэрна, што аб пастаўках Беларуссю «Паланэзаў» у Азербайджан стала вядома 11 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень Лукашэнка павіншаваў Азербайджан і Арменію з 25-годдзем з дня ўстанаўлення дыпламатычных стасункаў.

«Абедзве дзяржавы [Беларусь і Азербайджан] плённа ўзаемадзейнічаюць на шматбаковых пляцоўках, займаюць салідарныя пазіцыі ў ключавых міжнародных праблемах. Супольнымі намаганнямі выбудаваны трывалы эканамічны падмурак супрацоўніцтва, рэалізуецца шэраг праектаў у галіне прамысловасці», - гаворыцца ў віншаванні Менска Баку.

«За мінулыя чвэрць стагоддзя беларуска-армянскія сувязі набылі ўстойлівую дынаміку развіцця, падтрымліваецца канструктыўны дыялог. Падмуркам плённага супрацоўніцтва абедзвюх дзяржаў заўсёды былі трывалыя традыцыі дружбы і ўзаемаразумення паміж нашымі народамі», - гаворыцца ў віншаванні Менска Ерэвану.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках