27 красавiка 2024, Субота, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтаўладальнікі пратэстуюць супраць пабораў

32
Аўтаўладальнікі пратэстуюць супраць пабораў

Больш за палову кіроўцаў у Беларусі будуць байкатаваць «дарожны падатак».

У Беларусі распрацоўваецца новая схема аплаты дарожнага падатку паводле прынцыпу «колькі ездзіш - столькі плаціш», паведамляе «Белсат». Кошт дзяржаўнага збору застанецца ранейшы, але пры выплаце яго адразу за год будзе паніжальны каэфіцыент - блізу 80%. За нявыплату парушальнікам прапануюць выстаўляць збор у двухразовай суме. Пры гэтым чыноўнікі прапануюць дазволіць фіксаваць парушэнне на фотарадары, якія сёння сочаць толькі за парушэннямі хуткаснага рэжыму. З канчатковым парадкам выплаты чыноўнікі вызначацца да 1 лютага наступнага года.

«Тэхагляд я не праходжу, бо шалёныя падаткі на дарогі», - распавядае аўтаўладальнік Сяргей.

Чатыры гады таму ў Беларусі кіроўцаў абавязалі плаціць дзяржпадатак за допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. Аплату падатку прывязалі да тэхнічнага агляду: яго не пройдзеш, пакуль не заплаціш падатак. І прыблізна 55% аўтаўладальнікаў у Беларусі адмовіліся праходзіць агляд. Сяргей, напрыклад, ездзіць без яго ўжо чатыры гады. Апошнім часам з'явіліся навіны, што падатак плануюць адвязаць ад тэхнічнага агляду. З сярэдзіны 2019-га падатак можна будзе плаціць штомесяц. Але Сяргей і новыя правілы ўважае за несправядлівыя, бо аўтамабілем карыстаецца вельмі рэдка.

«За месяц шэсць разоў. За месяц плаціць сэнсу я таксама не бачу. Бо я цэлы месяц на аўтамабілі не езджу», - адзначае кіроўца.

Аўтамабіль Сяргея важыць больш за дзве тоны. Транспартны падатак для такога аўто - 196 рублёў на год. Гэта амаль 800 рублёў за чатыры гады. А за чатыры гады адсутнасці тэхнічнага агляду Сяргей атрымаў усяго шэсць штрафаў - сумарна на 275 рублёў.

«Я мяркую, прасцей заплаціць штраф. Раз на год ці два, нават тры разы няхай. Усё адно будзе танней, чым ты заплаціш за тэхагляд і падаткі», - разважае Сяргей.

Чыноўнікі казалі, што сродкі, сабраныя за аплату транспартнага падатку, будуць «накіроўваць на ўтрыманне дарог». Улады казалі, што грошы пойдуць на рэканструкцыю старых трас і на будаўніцтва новых сучасных магістраляў. Таму плаціць павінны ўсе аўтаўладальнікі, каб ездзіць па добрых, своечасова адрамантаваных дарогах без выбоін і калдобін.

«Калі ўвялі дзяржпадатак для ўдзельнікаў дарожнага руху, зменшылася колькасць людзей, якія праходзяць тэхагляд. З той прычыны, што для многіх гэта даволі сур'ёзная сума», - каментуе дырэктар станцыі тэхнічнага агляду Максім Якаўлеў.

Тэхнічны агляд існуе, каб пераканацца, што кіроўцы ездзяць на спраўных аўтамабілях. Пасля ўвядзення дзяржаўнага падатку на СТА «Універсал», што ў Заслаўі, стала прыязджаць удвая менш аўтаўладальнікаў. Праходзяць тэхнічны агляд таксоўкі і прадстаўнікі юрыдычных фірмаў - людзі, для якіх працэдура з'яўляецца допускам да працы. А таксама кіроўцы старой загартоўкі, якія прывыклі, што ўсё павінна быць паводле правілаў.

У Станіслава - аўто, якое важыць менш за паўтары тон. Аўтамабілю няма дзесяці гадоў, а гэта значыць, што мужчына павінен праходзіць тэхнічны агляд раз на два гады. Тэрмін агляду аўтамабіля Стаса скончыцца як раз перад Новым годам. Лішніх грошай не будзе, таму мужчына сумняваецца, ці трэба яму ехаць на СТА.

«Шмат людзей казалі пра тое, каб уключыць гэты падатак у кошт паліва. Ты ездзіш - ты плаціш, не ездзіш - не плаціш. А так плацяць усе. Незразумела, за што. Дарогі лепшымі не сталі за гэтыя чатыры гады», - адзначае кіроўца.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках