26 красавiка 2024, Пятніца, 7:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары вёскі пад Нясвіжам: Ніхто не верыць у «суіцыд» у міліцэйскім аўто

34
Жыхары вёскі пад Нясвіжам: Ніхто не верыць у «суіцыд» у міліцэйскім аўто
СЯРГЕЙ АБРАМОВІЧ

Рэпартаж з вёскі Слаўкава, дзе адбылася загадкавая трагедыя.

Журналісты «Радыё Свабода» з'ездзілі ў вёску Слаўкава Нясвіжскага раёна і паразмаўляла з сястрой, суседам і калегам Сяргея Абрамовіча. Ніхто з іх не верыць у афіцыйную версію смерці Сяргея. 29 лістапада, як сцвярджае міліцыя, Сяргей «павесіўся на матузку свайго чаравіка ў міліцэйскім аўто».

Сястра: «Прычын, чаму ён гэта мог зрабіць, я не знаходжу»

Сяргею было 48 гадоў. Ён жыў з бацькам у вёсцы Слаўкава, за 5 кіламетраў ад Нясвіжа. Апошнім часам працаваў вальшчыкам лесу.

«Нічога дрэннага пра брата сказаць не магу, - кажа Іна Русак, родная сястра Сяргея. - Найпрыгажэйшы чалавек быў. І спроб самагубства ў яго ніколі не было. Прычын, чаму ён гэта мог зрабіць, я не знаходжу».

У вечар смерці Сяргей вярнуўся ўдзень з працы. Іна акурат была ў іх у гасцях. Паводле ейных слоў, Сяргей «быў нападпітку, але не п'яным». Ён пасварыўся з бацькам, і той выклікаў на сына міліцыю.

«Тата стаў яго даймаць, чаму Сяргей пайшоў пасля працы да сяброў, а не дадому. Казаў, што ягоныя сябры не давядуць да дабра. Што яго трэба адправіць зноў у лячэбна-працоўны прафілакторый. Яны часта праз гэта сварыліся», - кажа Іна.

Пасля смерці сына ў 2012 годзе Сяргей пачаў выпіваць. Двойчы кадаваўся, год адбыў у ЛПП.

«У сакавіку ён вярнуўся, а ў чэрвені патроху са знаёмым зноў пачаў выпіваць. Кожны дзень не піў, але пачаў. Хоць я яму і казала, што нельга», - кажа Іна.

Антон Янчык, сусед Сяргея, кажа, што той сапраўды выпіваў. Але ніякіх перадумоў для самагубства ў яго не было.

«Ён быў вясёлы чалавек, які любіў пажартаваць, пасмяяцца. Калі вып'е, ён з бацькам пачынаў буяніць. Але не чапаў яго ніколі», - кажа Антон.

"Да Нясвіжа ехаць 10 хвілін. Дзе яго вазілі 2,5 гадзіны? Хтосьці нешта недагаворвае»

Міліцыя забрала Сяргея 29 лістапада а 16.40. Следчы патэлефанаваў Іне праз 2,5 гадзіны - а 19.10.

«Я думала, можа ён уцёк з аўто. А высветлілася «што павесіўся на матузку ад чаравіка». Сантыметраў 40 ад сілы. Дзе там можна ў аўто, спецыялізаваным, калі там і ручкі няма? І краты зашклёныя. Куды можна было ўсунуць і зачапіцца? Я не разумею».

Потым Іна даведалася, што з дома Сяргея павезлі не наўпрост у РАУС, а праз вёскі Юшэвічы, Затур'е, Сейлавічы. Гэта на 20 кіламетраў даўжэй, чым ехаць у Нясвіж наўпрост.

«Калі б павезлі са Слаўкава адразу, гэтага не было б. А так яго невядома дзе вазілі, невядома што там адбывалася», - кажа Іна.

Потым знаёмыя распавядалі Іне, як бачылі міліцыянтаў каля вёскі Пагулянка. Каля іх на зямлі ляжаў чалавек.

«Нават калі гэта здарылася, усё адно вінаватая міліцыя, - мяркуе Іна. - Яны яго пакінулі аднаго. Значыць, хтосьці недагаворвае. Я разумею, што мне яго не ўваскрэсіць. Я хачу, каб людзі не заставаліся беспакаранымі».

Сястра Іна сумняваецца, што ейны брат памёр праз самагубства. Яна бачыла, як выглядае чалавек пасля задушвання. Бо раней павесіўся ейны малодшы брат.

«На шыі Сяргея я не знайшла следу ад пятлі. Разоры не было. Толькі разрэзы ад выкрыцця. А павінна была быць разора. Сіні пігмент вакол яе. Рукі чыстыя. Ацёкаў сініх на руках не было. Застой крыві павінен быць і пазногці быць сінімі. Гэтага не было».

У довады сваіх слоў Іна паказвае даведку пра смерць. І там напісана, што прычыны высвятляюцца.

«Калі б быў суіцыд, было б напісана «асфіксія» (удушша), а потым ужо расшыфроўка: або шляхам задушвання, або павешання. Гэтага няма», - кажа Іна.

У той жа час на целе брата Іна ўбачыла драпіну, якой не было да затрымання.

«Як мне тлумачыў следчы, яна была 20-дзённая. Але яна не была 20-дзённая, я бачыла брата, калі забіралі. Не было ў яго драпіны», - кажа Іна.

«Следчы пытаўся, ці ўважаю за вінаватых у смерці брата міліцыянтаў. Я сказала, што так»

Іна кажа, што ў Сяргея не было стрэсу, які мог бы прывесці да самагубства.

«Сын у яго памёр у 2012-м. І ён 6 гадоў з сабой не рабіў нічога пасля такога стрэсу. А цяпер у міліцэйскую машыну забралі, і ў яго здарыўся стрэс? Не тое што я сама, ніхто не верыць у гэта», - кажа Іна.

Тое ж самае кажа і Уладзімір Балтуцкі, калега і даўні сябар Сяргея.

«Мы ж з ім даўно былі знаёмыя, 10 гадоў працавалі разам. Нават блізка не было такой размовы», - кажа Уладзімір.

Пасля смерці Сяргея Абрамовіча міліцыя адзін раз звязвалася са сваякамі. Цяпер вядома, што расследаванне падоўжанае да 29 снежня.

Другі раз да следчага Іна хадзіла сама.

«Ён пытаўся, ці ўважаю я за вінаватых к смерці брата міліцыянтаў. Я сказала, што так. Што ім жыць з іх сумленнем».

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках