2 траўня 2024, Чацвер, 23:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фізік-ядзернік пра беларускі даследчы рэактар: Ці трэба вам гэта?

14
Фізік-ядзернік пра беларускі даследчы рэактар: Ці трэба вам гэта?
АНДРЭЙ АЖАРОЎСКІ
ФОТА: RFE/RL

Кожны атамны рэактар небяспечны.

Пару тыдняў таму расейская дзяржаўная карпарацыя «Расатам» паведаміла, што плануе пры садзейнічанні Акадэміі навук пабудаваць у Беларусі Цэнтр ядзерных даследаванняў.

Згодна з праектам прадугледжана выкарыстанне даследчай ядзернай устаноўкі з «шматмэтавым рэактарам басейнавага тыпу магутнасцю да 20 МВт», радыёхімічнага комплексу для абыходжання з напрацаванымі на даследчым рэактары медыцынскімі ізатопамі, участак для ядзернага легіравання крэмнію, інжынерна-тэхналагічны комплекс ды іншае. Са слоў распрацоўнікаў, усе гэтыя тэхналогіі будуць выкарыстаныя для развіцця прамысловасці, аховы здароўя і сельскай гаспадаркі.

Зялёны партал даведаўся ў фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага наколькі бяспечны такі рэактар і навошта ён патрэбны беларусам напраўду:

«Гэта ўжо не тэарэтычная небяспека - трагічныя выпадкі бывалі»

Цэнтр ядзерных даследаванняў адрозніваецца ад звычайнай АЭС сваімі маштабамі. Гэта проста маленькі рэактар, і небяспека яго прапарцыйная маштабу. Адзінае выключэнне - гледзячы якія экспэрыменты на ім будуць праводзіць, як выкарыстоўваць. Калі няправільна працаваць на маленькім рэактары, можна атрымаць вялікія праблемы, як у мінулым годзе ў Чэлябінску, дзе на камбінаце «Маяк» адбыўся выкід у атмасферу вялікай колькасці рутэнію.

Бо кожны рэактар небяспечны. Проста прапанаваны «Расатамам» праект цэнтра даследаванняў цяпер значна меншай магутнасці, чым рэактар на Астравецкай АЭС. Таму яго небяспека прапарцыйна меншая. У Расеі ёсць прыклады, калі менавіта праз дзейнасці даследчага рэактара істотна забруджаная радыёнуклідамі навакольнае асяроддзе - гэта адбылося на Урале, у раёне размяшчэння Белаярскай АЭС. Там знаходзіцца даследчы рэактар басейнавага тыпу магутнасцю 15 МВт ІВВ-2М, які належыць ААТ «ІРМ», які запэцкаў найбліжэйшыя тэрыторыі так, што цяпер не зусім зразумела, што з гэтым можна зрабіць. Гэта ўжо не тэарэтычная небяспека - трагічныя выпадкі бывалі.

У праекце гаворыцца пра радыёхімічную вытворчасць, а такая вытворчасць азначае адразу вылучэнне ізатопаў з адпрацаванага паліва ад прадуктаў дзейнасці рэактара, а гэта безумоўна небяспечна.

Пры гэтым дзель адкідаў павялічыцца, але ненамнога. Даследчыя рэактары значна менш магутныя, адкіды там будуць, але іх колькасць будзе непараўнальна з адкідамі Астравецкай станцыі.

«Больш за 99% ізатопаў не маюць ніякага дачынення да рэактара»

Зыходзячы з рыторыкі «Расатама», можна зразумець, што яны спрабуюць замаскаваць праблему. Там ёсць прыклад маніпуляцыі, бо гаворыцца, што карпарацыя будзе выкарыстоўваць рэактар менавіта для, цытую, «падрыхтоўкі кадраў для атамнай станцыі». Усе астатнія выкарыстанні, якія называюцца - навука і медыцына - хутчэй за ўсё будуць мець нязначную частку ў працы гэтай устаноўкі.

Растлумачу, такія ізатопы важныя, і я сам не супраць ядзернай медыцыны. Але большасць з іх сёння вырабляюцца не на рэактарах, а на паскаральніках. Больш за 99% медыцынскіх ізатопаў, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў лячэбных мэтах, не маюць ніякага дачынення да рэактара. Гэта проста факт. Тое ж самае з навукай. Нічога новага адкрыць на атамным рэактары ў ядзернай фізіцы цяпер немагчыма. Навука развіваецца за кошт касмічных даследаванняў, будаўніцтва паскаральнікаў. На рэактары басейнавага тыпу, 20-мегаватнага, ніякіх новых навуковых адкрыццяў здзейсніць проста немагчыма.

Даследчы цэнтр варта ўспрымаць асабліва як інструмент, які выконвае дакладную задачу. Вы ж купляеце ў краме малаток, загадзя ведаючы, што можна ім дома прыбіць, а не наадварот. А тут сітуацыя адваротная. Вось калі ў Нацыянальнай акадэміі навук будзе апублікаваны план даследаванняў, з'явіцца спіс фармацэўтычных прэпаратаў, які плануецца вырабляць, тады можна пра нешта весці размову. Але такога дакладна не адбудзецца, бо цяпер у свеце так не робіцца. Вельмі нязначная дзель радыенуклідаў з рэактара можа быць выкарыстаная ў медыцыне. Як толькі мы ўсё гэта ўбачым, можна будзе разважаць. А цяпер гэта проста заявы, якія варта расцэньваць як частку праграмы для выпраўлення іміджу Астравецкай АЭС. Гэта даволі стандартны падыход - спроба паказаць, што рэактар бывае не толькі вялікім і дрэнным, але і добрым, маленькім, даследчым. Хоць гэта не зусім так.

Адзінае, што з камюніке сказана, што легіраванне крэмнію можа быць нейкім разумным бізнэсам. Але гэтую паслугу прапаноўваюць многія дзейныя станцыі і не на маленькіх рэактарах. І тут таксама незразумела, якую нішу яны хочуць заняць і наколькі гэта апраўдана.

На сёння не зразумела, для чаго гэты праект робіцца. Мы ж не ведаем, хто будзе будаваць, які кошт рэактара, як будуць падзеленыя выдаткі. І самае галоўнае - у чым выгада? Чаму нельга праводзіць тыя ж самыя даследаванні ў іншых месцах, на ўжо пабудаваных станцыях? Мы ведаем, што гэты рэактар зусім не з нулявой небяспекай. Ён можа забрудзіць велізарную тэрыторыю. І ўзнікае велізарнае пытанне - ці трэба вам гэта?

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках