27 красавiка 2024, Субота, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнты філасофскага аддзялення БДУ: На занятках чыталі па ролях «Віні-Пуха»

10
Студэнты філасофскага аддзялення БДУ: На занятках чыталі па ролях «Віні-Пуха»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Беларускія студэнты напісалі жорсткі ліст з патрабаваннем рэфармаваць універсітэт.

У інтэрнэце з'явілася ананімны ліст студэнтаў «Аб становішчы філасофскіх ведаў у адукацыйнай сістэме БДУ». У ім студэнты кажуць аб застоі на факультэце філасофіі і сацыяльных навук. Яны прапануюць або рэфармаваць філасофскае аддзяленне, або ліквідаваць: ажыццявіць «акадэмічнае самагубства», як называюць гэта аўтары ліста, паведамляе nn.by.

Акадэмічнае самагубства

«Святкаванне 100-годдзя ВЛКСМ маладымі людзьмі ў сімволіцы той даўняй дзяржавы; славянскія каштоўнасці, што прапагандуюцца кіраўніком дзяржавы, які дае права прымяняць фізічны гвалт да дзяцей і жанчын; наяўнасць на пасадзе міністра адукацыі чалавека з адкрытымі камуністычнымі поглядамі; кіраванне галоўным ВНУ краіны рэктарам, зусім з ім не звязаным, а адзіным філасофскім факультэтам — дэканам, які ніколі не навучаўся на гэтым факультэце, павышэнне аплаты за навучанне і павелічэнне колькасці праверак пры пагаршэнні арганізацыі і якасці адукацыі — усё гэта падобна на сюр, але гэта рэальны кантэкст, у якім трэба разглядаць сапраўдны дакумент», — пішацца ў пачатку ліста.

Але галоўнай мэтай яны называюць спыненне гвалту «з філасофіі і яе апошнімі прадстаўнікамі ў акадэмічным асяродку Беларусі».

Чаму зварот ананімны? Студэнты лічаць, што ўнутрыўніверсітэцкія парадкі не дазваляюць весці адкрыты дыялог.

«Планавае складанне навучальнага раскладу з боку адміністрацыі пры мінімальным, прыстасавальніцкім характары ўдзелу ў ім выкладчыкаў спараджае немагчымасць для іх прадставіць свой прадмет у той форме і змесце, які яны лічаць патрэбным і неабходным», — адзначаецца ў дакуменце.

«Прадмет філасофіі мала таго, што не займае належнага яму палажэння ні ў дзяржаве, ні ва ўніверсітэце, дык яшчэ і застаецца рэдукаваным да ўзроўню шараговай, модульнай, дысцыпліны». Пры гэтым адзначаецца, што ёсць вялікая колькасць прадметаў «дзеля птушачкі».

«У БДУ філасофія стала спецыяльнасцю, якая мае аднолькавы стыль праверкі і выкладання як з прыродазнаўчымі, так і з тэхнічнымі спецыяльнасцямі, што забівае ўсякую магчымасць для яе стаць хоць бы ў патэнцыі крытычнай, асуджанай вечна выпрабоўваць неразуменне як у самой сабе, так і ў вонкавым поглядзе», — адзначаюць аўтары.

«Адсутнасць свабоды пры вывучэнні ў філасофіі ператварае яе не ў акадэмічную дысцыпліну, але ў зборнік афарызмаў. Насамрэч гэта не філосафы, а абмежаваныя рабы грамадства і чужога меркавання, якія ў найлепшым выпадку ўмеюць добра гаварыць і ківаць галавой, нават калі не просяць — занадта моцны рэфлекс вонкавага і ўнутранага прыняцця».

«Чыталі па ролях Віні-Пуха»

«Нашай Ніве» ўдалося паразмаўляць з адным з аўтараў ліста. Ён растлумачыў, што сталася прычынай напісання дакумента. «Усе мы разумеем праблемы. Напрыклад, ролю студэнтаў у ВНУ, іх пасіўнасць у жыцці ўніверсітэта. Але ніхто не хоча нічога рабіць. Калі б гэта зварот быў не ананімным, то з намі нават бы ніхто не пачаў размаўляць», — упэўнены студэнт БДУ.

«Калі параўнаць праграму філасофскага факультэта БДУ з аналагічным у МГУ [Маскоўскім дзяржаўным універсітэце], то што мы ўбачым? У МГУ на курсе маецца шэсць прадметаў па філасофіі, каб ахапіць іх у поўнай меры. У нас жа дванаццаць прадметаў. У выніку выходзіць, што на АБЖ [асновы бяспекі жыццядзейнасці — прадмет аб правілах бяспекі, які ніхто не ўспрымае ўсур'ёз] гадзін набіраецца не меней, чым на «Гісторыю філасофіі». Праз такую колькасць прадметаў няма часу чытаць самі творы. На дзяржаўных экзаменах жа патрабуюць толькі тое, што запісана ў навучальна-метадычным комплексе».

Пры гэтым, па словах аўтара маніфеста, на многія прадметы проста не хапае часу. Ён прывёў прыклад эстэтыкі, якая вывучаецца ўсяго адзін семестр: «Гэтага мала для чалавека, які не мае базы ў гісторыі мастацтва».

Студэнт крытыкуе рэйтынгавую сістэму, якую ўвёў новы рэктар БДУ Андрэй Кароль: «Праз гэта выкладчыкі вымушаныя слухаць усіх студэнтаў, у тым ліку якім няма чаго сказаць. Даходзіла да таго, што на адным з прадметаў мы проста чыталі «Віні-Пуха» па ролях, за што потым атрымлівалі залікі.

Студэнты не могуць уплываць на выбар прадметаў. Калі мы паставілі гэтае пытанне, то нам далі выбар між адным курсам, які толькі называўся па-рознаму. Мы абіралі між курсам «Філасофія глабалізацыі» і «Усход. Захад. Расія». Гэта абсурд у крайняй ступені.

Калісьці нам вельмі спадабаўся курс «Лацінскай мовы», мы хадзілі ў дэканат з просьбай працягнуць яго. На што нам адказалі, што, калі мы не асвоілі прадмет у вызначаны праграмай тэрмін, то будзе пакараны выкладчык».

Пасля таго, як ліст быў надрукаваны ў інтэрнэце, студэнтаў сабралі на агульны сход. «Добра, што сабраліся, але ніякіх высноваў зроблена не было. Нам расказвалі, што тут усё па сусветных стандартах, што ніхто закрываць факультэт не будзе. Маўляў, нават размоваў такіх няма, хаця пра гэта чуваць пастаянна. Мы дабіліся таго, каб быў дыялог».

Аўтар маніфеста кажа, што выкладчыкі не сталі ў падтрымку студэнтаў, што стварылі гэты ліст: «Ніякіх правоў яны не маюць, менш за студэнтаў, абіраць тэмы яны не могуць. Многім проста падабаецца чытаць лекцыі з Вікіпедыі».

Студэнты не выключаюць, што для іх гэта можа скончыцца выключэннем з ВНУ.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках