The Telegraph: Мэркель адмовіцца ад удзелу ў саміце Brexit
1- 21.11.2018, 21:17
- 13,673
Саміт адбудзецца 25 лістапада.
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель плануе адмовіцца ад удзелу ў саміце выхаду Вялікабрытаніі з Еўразвязу 25 лістапада, калі дагэтуль не ўдасца ўрэгуляваць унутраныя спрэчкі аб умовах пагаднення што да Брэксіту. Пра гэта паведамляе svoboda.org са спасылкай на газету The Telegraph.
Напярэдадні прэм'ер-міністр Гішпаніі Пэдра Санчэс дапусціў, што не падтрымае дакумент праз нявырашаныя пытанні Гібралтара. Жыхары гэтай заморскай тэрыторыі Брытаніі маюць цесныя сувязі з Гішпаніяй, і ў 2016 годзе большасць з іх прагаласавала на рэферэндуме супраць выхаду з Еўразвязу.
У сувязі з гэтым улады паўвострава пачалі абмяркоўваць варыянты захавання сяброўства ў ЕЗ. Пры гэтым шмат хто з жыхароў Гібралтара не хочуць выходзіць са складу Брытаніі. У Брусэлі прапанавалі Злучанаму Каралеўству абмеркаваць пытанне гэтай тэрыторыі з Гішпаніяй. У Лондане да прапановы паставіліся скептычна, бо Мадрыд мае свае прэтэнзіі на паўвостраў.
14 лістапада ўрад Вялікабрытаніі зацвердзіў праект пагаднення аб выхадзе краіны з ЕЗ. Згодна з дакументам, Лондан заплаціць Брусэлю блізу 39 мільярдаў фунтаў і забяспечыць адкрытую мяжу Вялікабрытаніі з Ірландыяй. З такой дамовай не пагадзіліся 11 міністраў з кабінета Тэрэзы Мэй. Двое з іх сышлі ў адстаўку.
Брытанцы прагаласавалі за выхад з Еўразвязу летам 2016 года. Велікабрытанія далучылася да ЕЗ у 1973 годзе і стане першай краінай, якая яго пакіне. Законапраект аб Брэксіт прадугледжвае адмену акта аб Еўрапейскіх супольнасцях 1972 года, на падставе якога краіна ўступіла ў Еўрапейскі звяз, а таксама замену законаў Еўразвязу брытанскімі.