4 траўня 2024, Субота, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чаму я павінен не атрымліваць, а выкупляць пасылку?»

31
«Чаму я павінен не атрымліваць, а выкупляць пасылку?»
Фота: БелТА

Дзве гісторыі пра беларускую пошту.

У кастрычніку музыка і калекцыянер Сяргей Скрыпнічэнка атрымаў з Украіны пасылку каштоўнасцю $43. За гэта ён заплаціў мыту — відавочна, пра тое, што без мыты беларус можа прыняць толькі пасылку коштам да 22 еўраў, памяталі ўсе, акрамя Сяргея, паведамляе Еўрарадыё.

Але на гэтым гісторыя не скончылася. У тым жа месяцы Скрыпнічэнка атрымаў яшчэ адну пасылку, на гэты раз прадбачліва ацэненую ўсяго на $12. Каб забраць яе, калекцыянеру давялося... аддаць мытні яшчэ 27 рублёў.

"Я атрымліваю пасылкі з усяго свету, - распавядае Сяргей Скрыпнічэнка. - Ніколі са мной не здаралася нічога такоўскага. Мыта за першую пасылку была аплачаная. Чаму я павінен плаціць другі раз? У паштовым аддзяленні тлумачылі вельмі незразумела. І там жа мне іншы наведвальнік распавёў, што, высвятляецца, нормы перавышэння распаўсюджваюцца на ўвесь месяц. Гэта значыць, калі мне прыйшла пасылка коштам больш за 22 еўры, усе наступныя пасылкі ў гэтым месяцы будуць лічыцца перавышэннем незалежна ад таго, на колькі ацэньваюцца. У выніку за другую пасылку я заплаціў мыту, якая была вышэйшая за кошт самой пасылкі".

Абмяркоўваючы сітуацыю з сябрамі, Сяргей Скрыпнічэнка зразумеў, што ён не адзін такі. Павучальная гісторыя: знаёмы калекцыянер адправіў падарунак сяброўцы. Хацеў здзівіць, і сюрпрыз атрымаўся: каб забраць прэзент, дзяўчыне давялося раскашэліцца.

Як жа так?

У Менскай рэгіянальнай мытні Еўрарадыё пацвердзілі, што ліміт на 22 еўры на кошт тавараў, якія перасылаюцца і на 10 кг на іх вагу ўстаноўлены для кожнага атрымальніка на адзін каляндарны месяц:

"Калі ліміт перавышаны, то адрасат павінен заплаціць 30% ад сумы перавышэння, але не менш за 4 еўры за 1 кг вагі ў частцы перавышэння. Акрамя таго, калі тавары, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленнях на адрас фізічнай асобы, абкладаюцца мытамі і падаткамі, трэба выплаціць яшчэ 10 беларускіх рублёў - збор за правядзенне мытных аперацый. Аплата праводзіцца ў беларускіх рублях пры атрыманні пасылкі".

Калі чалавек не можа заплаціць за пасылку, ён мае права ад яе адмовіцца. У такім выпадку яна вернецца да адпраўніка, а мытныя аплаты спаганяцца не будуць. Адправіць пасылку ў бессэнсоўнае адваротнае падарожжа, не ўзяўшы ні капейкі ні з адпраўніка, ні з атрымальніка, для мытні не праблема. Дык не дастанься ж ты нікому!

"Навошта наогул патрэбная пошта, калі мы пасылкі не атрымліваем, а выкупляем?"- абураецца Сяргей Скрыпнічэнка. На ягоную думку, дзейныя правілы фактычна правакуюць людзей на хлусню. Атрымальнік загадзя можа дамовіцца з адпраўніком, каб той паказаў кошт пасылкі меншы, чым напраўду. І калі мытня не капне глыбей, план выгарыць - плаціць мыту за перавышэнне нормы не давядзецца ад слова "наогул".

Уся гэтая гісторыя хвалюе калекцыянера. Раней ён з такімі праблемамі не сутыкаўся, хоць і здзіўляўся некаторым парадкам, заведзеным на пошце:

"Увесь час бяруцца нейкія два ці тры рублі за так званае ўдакладненне звестак. Ты, калі адсочваеш на сайце "Белпошты" сваё паведамленне, раптам там вылазіць штука, што патрабуецца ўдакладненне. І ты запаўняеш імя па бацьку... Я не магу зразумець з пункту гледжання здаровага сэнсу: што незразумела мытні, каб мая пасылка прыйшла да мяне".

Забыўся пазначыць прозвішча, імя — плаці?

"Мне прыйшло паведамленне аб неабходнасці падачы дадатковых звестак для атрымання пасылкі — - распавядае лідар гурта Trollwald Андрэй Апановіч. - Адрас, прозвішча, імя — імя па бацьку - усё было напісана дакладна. Высветлілася, што мой таварыш, адпраўляючы мне падарунак, не ўказаў, што знаходзіцца ў пасылцы і які яе кошт.

Паводле ягоных слоў, ніхто не папярэдзіў яго аб гэтых правілах пры афармленні перадачы. Я апынуўся ў вельмі недарэчнай і некарэктнай сітуацыі, удакладняючы звесткі. Пасылку пакуль не забіраў, таму пакуль не ведаю, колькі з мяне спішуць за гэтую працэдуру, але ў паведамленні ёсць папярэджанне аб тым, што гэта не бясплатна".

У менскім паштовым аддзяленні №51 Еўрарадыё распавядаюць, што на пасылцы трэба абавязкова пісаць імя і прозвішча. Калі да вас прыйшло паведамленне з просьбай удакладніць гэтую інфармацыю, пазначыць трэба будзе поўныя звесткі, і ў дадатак заплаціць 3 рублі 54 капейкі — як за даведку для мытні.

Але чаму столькі?

Растлумачыць, як была налічана гэтая сума, якая складае прыблізна 1/7 базавай велічыні, на пошце не змаглі. Чаму за адсутнасць прозвішча атрымальніка на пасылцы трэба заплаціць менавіта 3 рубля 54 капейкі, застаецца загадкай.

"Ёсць правілы, і іх трэба выконваць, - кажуць у РУП "Белпошта". — Інфармацыю аб пытаннях адрасных звестак можна знайсці ў "даведцы" у раздзеле "сачэнне за паштовымі адпраўленнямі" - у падраздзеле "ўдакладненне звестак для перадачы на мытны кантроль". У "Даведцы" ёсць тлумачэнні і з нагоды таварнага ўкладання. Акрамя таго, мы рэгулярна абнаўляем навіну на сайце "Важная інфармацыя для атрымання міжнародных паштовых адпраўленняў", якая размешчаная на галоўнай старонцы".

Увогуле, калі вы цяпер знаходзіцеся за мяжой і адправілі сваёй бабулі пасылку, а нейкія звесткі пазначыць забыліся, адпраўце ёй гэтыя спасылкі. На пошце гавораць, што там усё напісана.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках