5 траўня 2024, Нядзеля, 7:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца ў менскіх школах?

16
Што адбываецца ў менскіх школах?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У Менску вучняў выганяюць на пераменах у калідоры, а кабінеты замыкаюць.

Пасля восеньскіх канікул у менскай школе №28 дзяцей пачалі выганяць на пераменах у калідор і замыкаць кабінеты. Пра гэта паведаміла маці адной з навучэнак старэйшых класаў, якая папрасіла не называць ейнае імя. Еўрарадыё разабралася, ці сапраўды школьнікі больш не могуць заставацца ў класах на перапынку, і ці быў такі загад зверху.

"У бацькоўскім чаце у Viber класная напісала пра тое, што з новай чвэрці ў школе дзейнічае правіла: на перапынках вучні выходзяць з кабінета, ён замыкаецца, час да пачатку наступнага ўрока дзеці бавяць у калідорах, - распавядае маці школьніцы. - Нам патлумачылі, што гэта загад зверху, маўляў, у канцы мінулай чвэрці з акна школы ў Фрунзенскім раёне выпала дзяўчынка - усё робяць дзеля бяспекі нашых дзяцей".

З перапіскі: "Дзеці павінны выходзіць з класаў у калідор і будуць на перапынках НЕ ў кабінетах. Усе настаўнікі распісаліся ў загадзе школе і АБАВЯЗАНЫ яго выконваць. Разумею, што не ўсім спадабаецца, таму прашу вас пагутарыць з дзецьмі. Гэты ўказ і ўзнік у сувязі з іх бяспекай. У нас, як толькі што-небудзь здарыцца, адразу трэба прыдумаць што-небудзь, каб гэтага больш не было. Таму хай ведаюць, што са званком хутка выходзяць з класа, бо настаўніку на перапынку трэба схадзіць даць справаздачу, каго няма і з якой прычыны, замовіць харчаванне ў сталоўцы, здаць журнал, а цяпер яшчэ знайсці наступнага настаўніка, каб перадаць ключ".

У Следчым Камітэце пацвердзілі: "Сапраўды, 26 кастрычніка з акна школы ў Фрунзенскім раёне выпала дзяўчынка 2006 года нараджэння. Пасля таго, што здарылася яе шпіталізавалі. Яна жывая. Паводле гэтага факту распачатая крымінальная справа. Следчыя правяраюць абставіны здарэння, у тым ліку версію давядзення да самагубства непаўналетняй".

"200-300 дзяцей у вузкіх калідорах, дзе таксама ёсць вокны, а яшчэ і сходы"

Суразмоўніца кажа, што новым правілам задаволеныя сапраўды не ўсё. Па-першае, на думку бацькоў, школьнікаў пазбаўляюць магчымасці сядзець за партамі і паўтараць ўрокі. Па-другое, збой вялікай колькасці вучняў у калідорах спрыяе распаўсюджванню розных вірусаў і грыпу. Ну і нарэшце, гэта проста небяспечна.

"Два дзяжурныя настаўнікі на паверсе не змогуць прасачыць за ўсімі дзецьмі, - мяркуе маці школьніцы. - 200-300 дзяцей у вузкіх калідорах, дзе, дарэчы, таксама ёсць вокны, а яшчэ і сходы! Правілы ніяк не вяжуцца з нормамі пажарнай бяспекі. Цікава, колькі пераломаў спатрэбіцца, каб выйшла новая пастанова - замыкаць дзяцей у класах і не пускаць у калідор?"

Маці апытала знаёмых, у якіх дзеці вучацца ў іншых школах. Большасць пра такія правілы не чулі: часцей за ўсё, каб дзеці не адчынялі вокны, з іх здымаюць ручкі. Праўда, адная з навучэнак школы №34, якая, як і 28-я, знаходзіцца ў Савецкім раёне Менска, распавяла, што і ў іх замыкаюць кабінеты на перапынках.

"Цяпер гэта як загад для ўсіх, - кажа дзяўчына. - Нам таксама тлумачаць гэта мерамі бяспекі, звязанымі з нейкім трагічным выпадкам".

Па тлумачэнне сітуацыі журналісты звярнуліся да дырэктараў школ, дзе, са слоў бацькоў і вучняў, дзяцей выганяюць на пераменах у калідоры.

СШ №28: "У нас кабінеты не замыкаюць"

"У многіх школах дзяцей выводзяць на калідоры на перапынках, каб школьнікі не сядзелі на скразняку падчас праветрывання, - кажа дырэктарка СШ №28 Інэса Класінская. - Я сама мама, і разумею, як гэта небяспечна, а мы заўсёды прымалі захады для абароны нашых дзяцей. У нашай школе замыкаюць кабінеты толькі падчас праветрывання - гэта правіла дзейнічае спакон веку, і яно ніяк не звязана з трагічнай падзеяй, бо ў калідорах таксама ёсць вокны".

"Усе кабінеты не замкнутыя. Калі настаўнік уважае за патрэбнае праветрыць, ён можа выйсці з дзецьмі з класа або, калі ў яго ёсць іншыя справы, за навучэнцамі у калідорах прыглядаюць дзяжурныя. Калі малодшыя школьнікі ідуць арганізавана ў сталоўку на экспрэс-сняданкі ці абеды, кабінеты, вядома, замкнутыя. Так было заўсёды", - кажа яна.

СШ №34: "Мы ўжо неяк разбяромся, каб усё было правільна"

Хто даў загад зачыняць кабінеты і выганяць вучняў у калідоры? Ці сапраўды ён быў? Дырэктар школы №34 Святлана Сацукевіч адказвае ўнікліва:

"Калі вы ставіце пытанне аб тым, што дзеці будуць праводзіць перапынкі на калідорах, мы ўжо неяк разбяромся, каб усё было правільна. Дзеці будуць знаходзіцца там, дзе павінны знаходзіцца. Падчас урокаў - на ўроках, падчас перапынкаў - у сталовай ці дзе-небудзь яшчэ. Не абавязкова, што яны будуць стаяць пад дзвярыма і марнаваць свой час. У нас усё гэта разумна прадумана. Пытанне нават не ў тым, дзе будуць знаходзіцца дзеці, а ў тым, што трэба звярнуць увагу на тое, каб дзеці не заставаліся адны, былі пад наглядам. Вы пытаецеся, "ці сапраўды быў загад"? Я не разумею, для чаго вам гэта трэба. Да пабачэння".

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках