5 траўня 2024, Нядзеля, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэаліці-шоў «Лялькі» з удзелам АМАПу: «Абняславіліся на ўвесь свет»

16
Рэаліці-шоў «Лялькі» з удзелам АМАПу: «Абняславіліся на ўвесь свет»
ФОТА: «БРЭСЦКАЯ ГАЗЕТА»

Спіс недарэчных забарон у Беларусі неўзабаве можа папоўніцца яшчэ адной.

У Берасці з'яўленне на плошчы Леніна чалавека ў строі Ліса міліцыя расцаніла як несанкцыянаванае мерапрыемства.

Як распавялі «Салідарнасці» сведкі, роставая лялька Ліс з'явілася на плошчы 11 лістапада пад 12.30. Апоўдні на гэтым месцы збіраюцца неабыякавыя мясцовыя жыхары. Людзі кормяць галубоў, такім чынам выказваючы пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

Берасцейка Юлія Зубік бачыла, як затрымлівалі чалавека ў строі Ліса:

- Ліс раздаваў балонікі і гуляў з дзецьмі. Яны бегалі, за хвост яго тузалі. Мы нават не ведалі, хто гэта - чалавек жа ў строі. Са з'яўленнем лялькі на плошчы актывізавалася міліцыя. Калі кармленне галубоў скончылася, людзі правялі Ліса ў бус, на якім ён прыехаў. Да аўто пад'ехаў іншы бус з АМАПам, і Ліса затрымалі. Людзі былі шакаваныя.

Таццяна Фесікава таксама была на плошчы і бачыла, як Ліса забіралі амапаўцы.

- У АМАПе наяўнасць крапавага берэта - гэта вышэйшы пілатаж. І гэтых людзей накіравалі пакаваць цацку! - не хавае эмоцый Таццяна. -Дачка маёй суседкі бачыла гэта і плакала. Дзецям жа не патлумачыш, чаму ў міліцыю забіраюць ляльку.

Юлія Зубік мяркуе, што прычынай затрымання стала тое, што убачыўшы казачнага персанажа, у міліцыі ўзнікла асацыяцыя са старшынём Берасцейскага аблвыканкама на прозвішча Ліс.

- Як быццам лялька зачапіла гонар Ліса. Хоць на цаццы не было надпісаў «Я старшыня» або «Я супраць акумулятарнага завода».

Чалавек, які з'явіўся на плошчы ў строі Ліса, - Канстанцін Астапук - ноч правёў у ізалятары часовага ўтрымання. 12 лістапада яго выпусцілі. Паводле ягоных слоў, на яго склалі пратакол за ўдзел у масавым мерапрыемстве і ўручылі позву з’явіцца ў РАУС найбліжэйшую нядзелю а 12.00 - у гэты час берасцейцы пачынаюць карміць галубоў.

КАНСТАНЦІН АСТАПУК
ФОТА: «БРЭСЦКАЯ ГАЗЕТА»

- У РАУС былі збянтэжаныя, што ў мяне хвост, - распавёў Канстанцін Астапук «Брэсцкай газеце». - Мяне пасадзілі на прамавугольнае сядзенне. Я кажу амапаўцам: Расшпілі мне маланку ззаду. А ён кажа: «А сам не дастанеш?» - «Не». І амапавец мне дапамог расшпіліць.

Канстанцін кажа, што яго старанна абшукалі.

- Калі ўжо ў дзяцей цацку забіраюць - я не ведаю, што будзе далей. Я думаю, гэтым яны абняславіліся на ўвесь свет, - мяркуе мужчына, які правёў ноч у камеры за з'яўленне ў строі Ліса.

Строй, дарэчы, канфіскаваны - як рэчавы довад.

Актывісты, якія выступаюць супраць будаўніцтва завода АКБ, звярнуліся да юрыстаў, каб дапамагчы Канстанціну. Тыя, у сваю чаргу, не бачаць прыкмет несанкцыянаванага мерапрыемства: «Ліс» проста стаяў на плошчы і раздаваў балонікі дзецям.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках