28 красавiка 2024, Нядзеля, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка: Не сакрэт, што алкаголь - сур'ёзная дапамога

28
Лукашэнка: Не сакрэт, што алкаголь - сур'ёзная дапамога
Фота: AP

Дыктатар загаварыў пра ўзмацненне алкагольнай манаполіі.

Лукашэнка канстатаваў з'яўленне прыкмет нядобрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку алкаголю, наяўнасць складанасцяў ва ўзаемаразліках паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі, павольны рост экспарту.

Як паведаміла прэс-служба правадыра, пра гэта ён заявіў у панядзелак на нарадзе аб развіцці лікёра-гарэлачнай галіны.

«Насцярожвае, што ўрад, мясцовая ўлада, сілавыя структуры, ды і самі вытворцы глядзяць на развязанне праблем па-рознаму і не змаглі выпрацаваць узгодненую пазіцыю», - заявіў Лукашэнка.

«Алкагольная прадукцыя - тавар асаблівы, падакцызны, і ва ўсім свеце ён рэгулюецца жорстка дзяржавай. Беларусь не выключэнне. Напэўна, у нас самае жорсткае рэгуляванне, бо існуе пэўная манаполія на вытворчасць і рэалізацыю алкаголю. І я абсалютна перакананы, што мы на гэтым этапе павінны, паглядзеўшы на гэтае пытанне, гэтую манаполію ўзмацніць, зыходзячы з досведу дзейнасці апошніх гадоў», - сказаў правадыр.

Лукашэнка адзначыў, што на нарадзе трэба абмеркаваць і праблемы ў сувязі з ужываннем алкаголю насельніцтвам. «Не сакрэт, што гэты прадукт з'яўляецца сур'ёзнай дапамогай для нашага бюджэту. Так усюды, у кожнай дзяржаве, мы гэта не ўтойваем. Але не гэта галоўнае. Галоўнае - наступствы гэтага піцця, таму хацелася б, каб прысутныя тут адказныя за развіццё алкагольнай галіны закранулі і пытанне наступстваў», - сказаў правадыр.

Дыктатар нагадаў, што развіццё лікёра-гарэлачнай галіны ўжо абмяркоўвалася тры гады таму, былі падрабязна разгледжаны праблемы гэтай сферы і прыняты патрэбныя пастановы. «Сёння пытанне ў тым, наколькі гэтыя пастановы адпавядалі духу часу, зыходзячы ўжо з практыкі. Таксама былі вызначаныя накірункі эфектыўнага развіцця галіны - сёння трэба адказаць на пытанне, чаго не стае ў гэтым плане», - працягваў ён.

У якасці аднаго з пытанняў Лукашэнка пазначыў абарону ўнутранага рынку: «Нельга дапускаць з'яўлення няякаснай прадукцыі і ценявога абарачэння алкагольных напояў».

«Не скажу, што ў нас ужо вельмі вялікая праблема з гэтай справай, асабліва з імпартам недабраякаснай прадукцыі з-за мяжы (імпарт у нас складае ўсяго 3-3,5%, і то тых прадуктаў, якія мы не вырабляем)», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што пасля нарады неабходна прыйсці да ўзважанай, сістэмнай і канчатковай пастановы. «Аднак зрабіць гэта трэба прафесійна і аб'ектыўна, бо любое змяненне або новаўвядзенне закранае як спажыўцоў, так і работнікаў галіны. А ўсе яны нашы людзі, і мы найперш павінны ўлічваць іх інтарэсы», - дадаў дыктатар.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках