2 траўня 2024, Чацвер, 12:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ГРУ не любяць Пуціна

У ГРУ не любяць Пуціна

Элітныя войскі для бруднай працы.

«Прэзідэнт Пуцін задзейнічаў сваю вайсковую спецслужбу для атручвання ў Солсберы і хакерскіх нападаў на Захад. Як працуе ГРУ і чаму апошнім часам усё так часта руйнуецца? (...) Дагэтуль гэта вайковая спецслужба ці нешта іншае, большае»? - задаецца пытаннямі журналіст нямецкага выдання Der Spiegel Крысціян Эш (пераклад - Inopressa).

«Раней ГРУ ўважалася за прафесійнае, калі не сказаць педантычным. Але апошнія навіны паказваюць яго ў іншым святле», - піша аўтар публікацыі, адзначаючы, што выступ Башырава і Пятрова на тэлевізіі быў «да смеху непраўдападобным», а аперацыя чатырох супрацоўнікаў ГРУ ў Гаазе, якія спрабавалі ўзламаць кампутарную сетку АЗХЗ і трапіліся ў рукі галандскай спецслужбы, была «няўмелай».

«З таго часу, як была зруйнаваная ўніверсальная савецкая служба КДБ, у Расеі існуе шмат спецслужбаў, - апавядае Эш. - ГРУ адрозніваецца тым, што гэта адзіная спецслужба, якая не мае нічога агульнага са старым КДБ і яго спадчынай. Яна знаходзілася і знаходзіцца ў падпарадкаванні Генштаба. Адначасова яна валодае ўласным рэгулярным войскам: атрады спецназа ГРУ - гэта элітныя войскі, якіх навучаюць аперацыям у варожых краінах. Той, хто зарэкамендаваў сябе на службе ў спецназе ГРУ, мог падняцца ўнутры апарата. (...) Таму тыповы агент ГРУ адрозніваецца ад сваіх грамадзянскіх канкурэнтаў са Службы замежнай выведкі. Груба кажучы, гэта не праніклівы аналітык з добрымі манерамі, а бестактоўны кар'ерыст, які ведае, як закласці выбухоўку, і пад варожым агнём адчувае сябе лепш, чым у ангельскай правінцыі. Абодва падазраваныя ў справе Солсберы, афіцэры ГРУ Чапіга і Мішкін, на першы погляд здаюцца вельмі падыходнымі пад гэты тыпаж».

За Пуціным, прадаўжае журналіст, ГРУ страціла ўплыў у параўнанні з ФСБ, якая станавілася ўсё больш магутнай. Асабліва ўдарыла па ім вайсковая рэформа, якая пачалася ў 2008 годзе. Тагачасны міністр абароны Анатоль Сердзюкоў забраў у ГРУ спачатку тое, што адрознівала яго ад астатніх спецслужбаў, - атрады спецназа. Пазбавілі ГРУ і яго знакаў: назву скарацілі да ГУ, а лятучую мыш на эмблеме, якую некаторыя ветэраны службы набівалі сабе ў якасці татуіроўкі, замянілі гваздзіком.

«У ГРУ не любяць Пуціна», - кажа Сяргей Канеў, вядомы маскоўскі журналіст, які вядзе ўласныя расследаванні. Канеў - адзін з тых, хто праліў святло на дзеянні ГРУ ў Солсберы, і той, хто даведаўся пра лютасць у міністэрстве абароны РФ у дачыненні да ГРУ.

«Для Канева дзіўныя прамашкі спецслужбы ў апошнія гады не з'яўляюцца праблемай, характэрнай толькі для ГРУ. «Уся дзяржаўная сістэма дэградуе», - кажа ён. Калі службовыя асобы ў Расеі прадаюць доступ да базы звестак пашпартоў, што, як мяркуецца, палегчыла расследаванне справы Скрыпаля, чаму вайсковая спецслужба павінна быць выключэннем»? - гаворыцца ў артыкуле.

«Але, тым не менш, можна зрабіць выснову аб тым, што ГРУ, магчыма, пашырыла сваё поле зроку, раз яно так часта ўсплывае, - разважае Эш. - Гэтая экспансія, у сваю чаргу, звязаная з незвычайным узлётам, які служба выпрабавала пасля 2012 года. Тады міністра абароны Сердзюкова замянілі Сяргеем Шайгу, адным з найбольш магутных і славалюбных людзей пры прэзідэнце - і адначасова тым, з кім Пуцін ахвотней за ўсё праводзіць адпачынак на прыродзе».

Шайгу часткова адмовіўся ад вайсковай рэформы свайго папярэдніка, падняў прэстыж войска. «Карысць мела і ГРУ: Шайгу вярнуў яму атрады спецназа. Аднак яшчэ большую выгаду яно атрымала ад кардынальнага павароту ў расейскай замежнай палітыцы з часоў украінскага крызісу. Менавіта войскі ГРУ ва ўніформе без апазнавальных знакаў суправаджалі ў 2014 годзе анэксію Крыма і ваявалі на Данбасе супраць войска Кіева», - сцвярджае журналіст.

«З Крыма пачалося натхненне «маленькімі зялёнымі чалавечкамі», таемнымі аперацыямі спецназаўцаў без апазнавальных знакаў, - прыводзіць Эш словы вайсковага экспэрта Аляксандра Гольца. - Стваралася ўражанне, што так можна завалодаць светам». Так ГРУ пачало ўмешвацца ў рэчы, якія раней яго зусім не цікавілі. «Гэта логіка расейскага кіраўніцтва: адзіны інструмент, які Расея можа выставіць на міжнародным узроўні, - гэта вайсковая сіла. І пакуль няма адкрытых баявых дзеянняў, ГРУ будзе інструментам, з дапамогай якога праводзяцца таемныя аперацыі», - паведамляе Эш.

У 2016 годзе ГРУ дзейнічала практычна хаатычна, піша далей журналіст, згадваючы ўзлом кампутараў амерыканскіх дэмакратаў і перадвыбарчай кампаніі Хілары Клінтан, спробу перавароту, запланаванага прарасейскімі сіламі ў Чарнагорыі, хакерскія атакі на кампутары спартовых функцыянераў у Рыа-дэ-Жанэйра і Лазане, накіраваныя на тое, каб абмежаваць наступствы расейскага допінгавага скандалу на Алімпійскіх гульнях 2014 года.

«Гэта было асабліва дзіўна, - адзначае Эш. - Нарэшце, сістэматычны допінг ажыццяўляўся пад эгідай ФСБ. (...) Навошта ГРУ дапамагаць канкурэнтам з ФСБ выбірацца з непрыемнасцяў»? «Таму што ў яго ёсць для гэтага магчымасці, - кажа брытанскі экспэрт што да спецслужбаў Марк Галеоці. З ягоных слоў, кожная са спецслужбаў, якія спаборнічаюць паміж сабой, спрабуе саслужыць Пуціну асабліва карысную службу. - Гэта ж наогул самае галоўнае для расейскіх службоўцаў - прадбачыць, чаго захоча Пуцін заўтра».

«Не пазней, чым з 2016 года ГРУ ператварылася ў палітычны інструмент. Пры гэтым у нас войска не ўмешвалася ў палітыку з паўстання дзекабрыстаў у 1825 годзе. Гэта вельмі небяспечна, а наступствы непрадказальныя», - цытуе Эш словы маскоўскага журналіста Андрэя Салдатава, які цягам некалькіх гадоў вывучае расейскія спецслужбы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках