29 красавiка 2024, панядзелак, 7:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фігурант справы аб «плюшавым дэсанце» адсудзіў за 8 мільёнаў за месяц у следчым ізалятары КДБ

8

Журналіст Антон Сурапін атрымае 8 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды за 35 дзён, якія ён правёў у ізалятары КДБ ў справе аб «плюшавым дэсанце» ў 2012 годзе.

Кампенсацыю яму выплаціць Міністэрства фінансаў паводле выраку суда Маскоўскага раёна Менска, які пакінуў без змены Менскі гарадскі суд. Пра гэта tut.by 16 траўня распавёў сам журналіст.

ФОТА: ГАЛІНА РЫБАКОВА

Запатрабаваць кампенсацыі маральнай шкоды Антон Сурапін планаваў некалькі гадоў:

- Адразу пасля таго, як у дачыненні да мяне спынілі крымінальны пераслед праз адсутнасць у маіх дзеяннях складу злачынства, я параіўся з юрыстамі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і пачаў пісаць заявы ў КДБ.

Сурапін мог звярнуцца ў суд пры ўмове, што КДБ прызнае за ім права на кампенсацыю маральнай шкоды і вынесе пра гэта адпаведную пастанову (прысуд). Ён дамагаўся гэтага з лета 2013 да восені 2014 года, але безвынікова. Не атрымаў журналіст і копіі дакументаў аб працэсуальных дзеяннях у дачыненні да сябе, якія запытваў ў КДБ.

- Рэч у тым, што пасля ўсёй гэтай гісторыі ў мяне на руках была толькі копія пратаколу ператрусу. Пазней у судзе прадстаўнік КДБ паведамляў, што ўсе копіі дакументаў былі мне дадзеныя пад подпіс. Не выключаю, што ў тыя вельмі стрэсавыя для мяне ліпень-жнівень 2012 года я мог паставіць такі подпіс, але рэальна на руках гэтых дакументаў ніколі не меў, - кажа Антон.

У снежні 2015 года журналіст падаў пазоўную заяву ў суд Маскоўскага раёна Менска з разлікам на тое, што ў рамках судовага следства шуканыя дакументы будуць атрыманыя.

У заяве ён пазначыў, што ў выніку незаконнага ўтрымання пад вартай і ўжывання меры стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе яму былі прычыненыя маральныя і фізічныя пакуты. Ён папрасіў суд спагнаць з дзяржбюджэту кампенсацыю маральнай шкоды, які ацаніў на 190 мільёнаў рублёў. У якасці адказчыка выступала Міністэрства фінансаў. Камітэт дзяржаўнай бяспекі быў трэцяй асобай на баку адказчыка.

2 сакавіка 2016 года суд Маскоўскага раёна Менска прыняў пастанову кампенсаваць журналісту маральную шкоду на суму 8 мільёнаў рублёў. Скаржніка не задаволіла гэтая сума, і ён падаў касацыйную скаргу ў Менскі гарадскі суд. Вызначаная судом сума кампенсацыі «не адпавядае характару ягоных пакут», зазначыў Сурапін, і вызначаная без належнага ўліку фактычных абставін, пры якіх яму была прычыненая маральная шкода.

- Калі мяне выпусцілі, мне трэба было купляць фотаапарат і кампутар, бо маю сканфіскаваную тэхніку мне вярнулі толькі пад наступнае лета. 8 мільёнаў у даляравым эквіваленце - гэта менш за кошт ноўтбука і менш за палову кошту фотаапарата, - удакладняе журналіст.

Мінфін таксама падаў касацыйную скаргу, у якой прасіў скасаваць вырак суда першай інстанцыі. Адказчык аргументаваў свой пункт гледжання, сярод іншага, тым, што раённы суд не прыняў да ўвагі пазіцыю следчай управы КДБ. З яе вынікае, што падстаў для кампенсацыі Сурапіну маральнай шкоды няма.

Судовая калегія цывільных спраў Менскага гарадскога суда разгледзела справу аб касацыйнай скарзе журналіста 28 красавіка.

- Перад пасяджэннем мы наважылі падстрахавацца жалезным аргументам у выглядзе псіхалагічнай экспэртызы, якая б зарыентавала суд што да сумы кампенсацыі. У Беларусі не здалелі знайсці ніводзін экспэртны орган, які мог бы назваць суму, на якую я «напакутаваўся». А тым больш, незалежны орган. Давялося ехаць у Кіеў. Экспэртызу праводзіў прафесіянал з некалькімі вышэйшымі адукацыямі. Ён прыйшоў да высновы, што я «напакутаваўся» на суму 16-32 тысяч даляраў. Дакладней, столькі каштавацьме комплекс захадаў для псіхалагічнай карэкцыі маёй асобы пасля крымінальнага пераследу, - распавядае Сурапін.

Нягледзячы на атрыманыя высновы экспэрта, судовая калегія пакінула без змен вырак суда першай інстанцыі.

- Антон мае права абскардзіць гэты прысуд у частцы сумы кампенсацыі ў парадку нагляду на працягу 3 гадоў. Таксама ён мае магчымасць звярнуцца з індывідуальным паведамленнем аб парушэнні грамадзянскіх правоў і свабод у міжнародныя органы, напрыклад, у Камітэт правоў чалавека ААН, - кажа прадстаўнік Антона Сурапіна ў судзе Алег Агееў, юрыст, сябра ўправы Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пра гісторыю судовай цяганіны Сурапін распавёў пасля таго, як атрымаў копію выраку суда (яна выдаецца за 10-дзённы тэрмін). Кампенсацыю яму пакуль не выплацілі, але ён разлічвае атрымаць грошы ўжо на гэтым тыдні.

- Сума мізэрная. Калі палічыць, колькі сродкаў пайшло на друк сабраных за тры гады заяў-хадайніцтваў-пазоваў, на лісты з зваротнымі паведамленнямі, на паездку ў Кіеў, то выявіцца, што прыбытак проста мінімальны. Але гэта прэцэдэнт! За апошнія гады не было ніводнага выпадку, калі палітвязню дзяржава нешта сплачвала! - звяртае ўвагу Сурапін.

Нагадаем, 4 ліпеня 2012 года аднаматорны самалёт, якім кіравалі супрацоўнікі швэдскай PR-кампаніі Studio Total, несанкцыянавана пераляцеў паветраную мяжу Беларусі. Ён правёў у паветранай прасторы краіны блізка што паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менска больш за 800 плюшавых медзведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Антон Сурапін, на той момант 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі, першым выклаў на сваім сайце фатаграфіі цацак.

Першыя здымкі мядзведзікаў з'явіліся на сайце BNP.BY

Першапачаткова вайскоўцы і памежнікі адмаўлялі парушэнне дзяржаўнай мяжы. Пазней паводле гэтага факту была распачатая крымінальная справа. 13 ліпеня ў рамках расследавання Сурапін быў затрыманы. Пазней стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго чалавека - рыэлтара Сяргея Башарымава, у якога швэды планавалі здымаць жытло.

16 ліпеня Сурапіну і Башарымаву выставілі абвінавачванне паводле часткі 6 артыкула 16 (дапамога ва ўчыненні злачынства) і часткі 3 артыкула 371 (Незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса.

25 ліпеня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сурапіна вязнем сумлення.

31 ліпеня за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў у гарантаванні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка зняў з пасадаў кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага і начальніка Вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі амбасадару Швэцыі Стэфану Эрыксану, пасля чаго выбухнуў беларуска-швэдскі дыпламатычны скандал.

17 жніўня Камітэт дзяржбяспекі змяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

28 чэрвеня 2013 года намеснік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка паведаміў, што расследаванне ў крымінальнай справе аб «плюшавым дэсанце» закончанае. Казаць пра якія-небудзь падрабязнасці ён адмовіўся. З галоўных фігурантаў гэтай справы знятыя абвінавачванні і падпіска аб нявыездзе. Следчы спыніў крымінальны пераслед у дачыненні да Сурапіна праз адсутнасць у ягоных дзеяннях складу злачынства.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках