У Мінабароны Украіны дэталёва растлумачылі, каго з ваеннаабавязаных будуць мабілізоўваць
13- 4.05.2024, 13:55
- 9,118
Крытэрыі прыдатнасці да службы змяніліся.
Згодна з новымі зменамі ў загад аб ваенна-лячэбнай камісіі (ВЛК) пры вызначэнні прыдатнасці або непрыдатнасці ваеннаабавязанага будуць брацца да ўвагі не толькі ягоныя захворванні, але і парушэнне функцый арганізма, да якіх прывялі гэтыя захворванні.
Пра гэта піша РБК-Украіна са спасылкай на каментар дырэктаркі Дэпартамента аховы здароўя міністэрства абароны Украіны Аксаны Сухарукавай у эфіры тэлемарафону.
Паводле ейных словаў, паводле абноўленага загаду № 402 і зменаў, якія ў ім ёсць, дакладна знікае паняцце «абмежавана прыдатны», застаюцца статусы «прыдатны» і «непрыдатны».
«У прыдатных – цалкам прыдатныя або прыдатныя да службы ў пэўных воінскіх часцях. Разам з тым былі перагледжаныя крытэры прыдатнасці. Там ёсць спалучэнне міжнароднага класіфікатара хваробаў 10-га выпуску і ступені парушэння функцый», – расказала яна.
У сваю чаргу, паводле ейных словаў, захворванні разбітыя на групы, у кожнай з іх ёсць некалькі катэгорый.
«Цяжкі, сярэдні, лёгкі стан, у сувязі з гэтым ідзе вызначэнне прыдатнасці ці непрыдатнасці ці прыдатнасці для праходжання службы ў асобных частках. Яшчэ раз – у залежнасці ад ступені парушэння функцый», – адзначыла Сухарукава.
Гэтыя крытэры прыдатнасці, паводле ейных словаў, сумешчаны паводле прынцыпу «захворванне – ступень парушэння функцый».
«Так, у загадзе ёсць 86 групаў, у якіх больш за 70 пунктаў прадугледжваюць пункт “непрыдатны”, дзе блізу 5000 дыягназаў, а ў кожнай групе могуць быць як цалкам прыдатныя, так цалкам і непрыдатныя, зноў жа, у залежнасці ад ступені парушэння функцый», – падкрэсліла дырэктарка.
Прыклады
Для больш дэталёвага разумення спецыфікі чыноўніца прывяла наступныя прыклады:
была язва, застаўся толькі рубец – чалавек прыдатны;
язва была з ускладненнем, было праведзенае аператыўнае ўмяшанне з выдаленнем значнай часткі страўніка – непрыдатны;
ампутацыі на любым узроўні, акрамя пясця, ступні і пальцаў – непрыдатны;
адсутнасць аднаго вока (слепата аднаго вока) – непрыдатны.
Што рабіць ужо дзейным вайскоўцам у выпадку пагаршэння здароўя
Сухарукава таксама нагадала, што ў выпадку пагаршэння здароўя ў вайскоўца заўсёды ёсць магчымасць звярнуцца да свайго камандзіра з рапартам пра пагаршэнне стану здароўя.
«У сваю чаргу камандзір вайсковай часткі можа накіраваць вайскоўца як на лячэнне, так і на праходжанне ваенна-лячэбнай экспертызы (ВЛЭ)», – патлумачыла яна.