29 марта 2024, пятница, 8:06
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

160 гадоў таму Каліноўскі стварыў першы ўрад новай Беларусі

3
160 гадоў таму Каліноўскі стварыў першы ўрад новай Беларусі

Падзею, якая адбылася ў Вільні 1 лютага 1863 году, можна называць гістарычным цудам.

Роўна 160 гадоў таму ў Вільні адбылася падзея, якая шмат у каго ў былым Вялікім Княстве Літоўскім і Царстве Польскім выклікала зьдзіўленьне і непрыманьне. У той дзень было абвешчана аб стварэньні Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім. Урад праіснаваў 39 дзён, піша Сяргей Абламейка ў артыкуле для «Радыё Свабода».

1 лютага 1863 году са стварэньнем Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі ўзьнікла новая палітычная суб’ектнасьць мадэрнай Беларусі, якая да таго існавала пад назвамі і Русь, і Літва.

У XVIII стагодзьдзі абшар прымяненьня назвы «Белая Русь» пашыраўся ў заходнім і паўднёвым кірунку, а з пачатку XIX стагодзьдзя ў асяродзьдзі ўніяцкіх сьвятароў нарадзілася беларуская нацыянальная ідэя.

Жыхары былога Вялікага Княства Літоўскага ў XIX стагодзьдзі мелі шматузроўневую нацыянальную сьвядомасьць, пра што сьведчаць вядомыя формулы «gente Lithuanus natione Polonus», «gente Ruthenus natione Polonus».

У 40–50-я гады XIX стагодзьдзя тыя, хто хацеў ідэнтыфікаваць сябе на падставе сваіх «рускіх» продкаў і іх «рускай» мовы, зрабілі выбар на карысьць тэрмінаў «Беларусь», «беларус» і «беларускі».

Гэты выбар тлумачыцца польскамоўнасьцю шляхты і культурнай эліты. Для іх слова «ліцьвін» (Litwin) было сынонімам сёньняшняга слова «літовец» (балт, lietuvis). Таму яны зрабілі выбар на карысьць «Беларусі» і «беларусаў».

Палітычная прабеларуская дзейнасьць Кастуся Каліноўскага сьведчаць пра нараджэньне новай формулы мясцовай ідэнтычнасьці — «natione Albaruthenus».

У кастрычніку 1862 году Каліноўскі адмаўляецца выдаць «літоўскі» нумар «Мужыцкай праўды» і адпраўляе яго ў архіў, у лютым 1863 году стварае Ўрад Літвы і Беларусі, а ў траўні 1863 году Нацыянальны ўрад у Варшаве ўжо зьвяртаецца з палітычнай адозвай да «братоў-беларусаў».

Беларускі нацыяналізм вырас з агульнапольскага, вычленіўся, аддзяліўся ад яго. І ў гэтым сэнсе абсалютна ня важна, як паўстаньне 1863–1864 гадоў называць: Студзеньскім, польскім ці паўстаньнем Каліноўскага. Усё гэта праўда.

Але праўда і тое, што ў 1862–1863 гадах палітычна нарадзілася новая мадэрная Беларусь. І палітычным бацькам яе стаў 26-гадовы юнак Вікенцій Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі.

Падзею, якая адбылася ў Вільні 1 лютага 1863 году, можна сьмела называць гістарычным цудам. У той дзень было абвешчана аб стварэньні Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім.

«Літва» ня толькі аддзялялася ад Расейскай імпэрыі, але ў пэўнай ступені і ад Польшчы, абвяшчаючы сябе самакіраванай часткай былой Рэчы Паспалітай. І цудам было тое, што «Літва» ў разуменьні віленскіх паўстанцаў ужо складалася зь дзьвюх раўнапраўных частак — уласна Літвы і Беларусі.

Урадам абвясьціў сябе Літоўскі правінцыйны камітэт, які больш за тыдзень спрачаўся, ці павінен ён далучацца да створанага 22 студзеня ў Варшаве Часовага нацыянальнага ўраду і абвешчанага ім паўстаньня. Камітэтам кіраваў беларус Кастусь Каліноўскі.

Адкуль Беларусь узялася

Доўгі час тэрмін «Белая Русь» быў безгаспадарным, туляўся па розных геаграфічных абшарах і ў розных галовах азначаў зусім розныя, часта супярэчлівыя рэчы і зьявы.

Але сёньня гісторыкі могуць прасачыць, што прынамсі з пачатку XIV стагодзьдзя гэты тэрмін тычыўся і тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пад 1305 годам у Іпацьеўскім летапісе ёсьць запіс, што князі Вялікага Княства Літоўскага прадавалі палонных палякаў і мазураў у Літве і Белай Русі як рабоў, а пад 1382 годам адна з польскіх хронік сьцьвярджае, што Кейстут закаваў свайго пляменьніка Ягайлу ў жалеза і пасадзіў яго разам з маці ў турму ў адным з замкаў Белай Русі — Полацку.

У другой палове XVI стагодзьдзя выхадцы з Полаччыны ўжо пачалі называць сябе беларусамі, а сваю радзіму — Беларусьсю. Так, напрыклад, зрабіў у 80-я гады таго стагодзьдзя паэт-лацініст Салямон Рысінскі, паступаючы ва ўнівэрсытэт у Нямеччыне.

З пачатку XVII стагодзьдзя абодва тэрміны пачалі ўжывацца вельмі шырока. Зь сярэдзіны таго стагодзьдзя адміністрацыйныя адзінкі, у назьве якіх было слова «беларускі(ая)», мелі ўсе асноўныя цэрквы Беларусі. Архіяпіскапства Полацкае, Віцебскае і ўсяе Белае Русі — ва ўніятаў, Беларуская япархія з цэнтрам у Магілёве — у праваслаўных, Беларускі архідыяканат — у рыма-католікаў, і Беларускі дыстрыкт — у кальвіністаў. Прычым беларуская структура рыма-католікаў сягала Гомельшчыны (Рагачоў), а кальвінісцкая — Менску.

У XVIII стагодзьдзі абшар прымяненьня назвы «Белая Русь» пашыраўся ў заходнім і паўднёвым кірунку, а з пачатку XIX стагодзьдзя ў асяродзьдзі ўніяцкіх сьвятароў нарадзілася беларуская нацыянальная ідэя. Спачатку ў нулявыя і дзясятыя гады пра гэта гаварылі ў прыватных размовах і ў студэнцкіх гуртках, а ў 1826 годзе на публічным адкрыцьці курсу славяназнаўства ў Галоўнай духоўнай сэмінарыі Віленскага ўнівэрсытэту ўніяцкі сьвятар, прафэсар Міхал Баброўскі заявіў, што дзяржаўнай мовай ВКЛ і мовай літоўскіх статутаў была «беларуская мова».

З таго часу тэрміны «беларуская мова» ці «беларуская гаворка» сталі пашырацца ў сфэрах, зьвязаных найперш зь літаратурай і фальклёрам. Напрыклад, у 1838 годзе ў віленскім альманаху «Bojan» друкуецца «Песьня на беларускай гаворцы» паэта Ігната Легатовіча, які нарадзіўся аж пад Горадняй. У 1842 годзе чэскі славіст Павел Шафарык выдаў у Празе «Славянскі народапіс», дзе сярод іншых славянскіх моваў назваў і беларускую.

Але і блытаніны ў галовах мясцовых людзей яшчэ было дастаткова. У 1835 годзе ў Вільні па-беларуску быў выдадзены «Кароткі збор навукі хрысьціянскай для вяскоўцаў рымска-каталіцкага веравызнаньня, якія гавораць мовай польска-рускай». На пачатку 40-х гадоў XIX стагодзьдзя Адам Міцкевіч падчас лекцый у Парыжы казаў студэнтам, што «гаворку Белай Русі» называюць «русінскай ці літоўска-русінскай». А сябар і паплечнік Міцкевіча Аляксандар Рыпінскі, які яшчэ ў 1840 годзе ў Парыжы выдаў кнігу «Беларусь», у прадмове да выдадзенай ім аж у 1853 годзе беларускай баляды «Нячысьцік» напісаў: «Просты народ на Беларусі і амаль што ва ўсёй Літве, там, дзе селянін не па-літоўску, але па-руску гаворыць...»

У 1840-я гады справа пайшла шпарчэй. Зьявіліся беларуская паэма «Энэіда навыварат» Вікенція Равінскага, «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага, «Сялянка» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Добрыя весьці» Ўладзіслава Сыракомлі. У 1849 годзе ў Вільні пры ўдзеле Станіслава Манюшкі ўзьнік праект беларускага часопіса, які меўся ўзначаліць Рамуальд Падбярэскі, але рэпрэсіі не дазволілі гэтай ідэі ажыцьцявіцца.

Кропку ва ўсім гэтым рознагалосьсі ў 1855 годзе паставіў Дунін-Марцінкевіч, які на вокладцы сваёй кнігі «Гапон» напісаў, што гэта «беларуская аповесьць... на мове беларускага народу напісаная».

Для таго каб зьявілася Беларусь, у якой жыве беларускі народ, які гаворыць на беларускай мове, не хапала толькі дзеяньняў і рашэньняў палітыкаў, што і здарылася ў 1862 і 1863 гадах.

Некалькі ўзроўняў нацыянальнай сьвядомасьці

Але блытаніна была ня толькі адносна назваў мовы і народу. Блытаніна была і ў самаідэнтыфікацыі жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага.

Шырока ўжываныя ў XVII і XVIII стагодзьдзях тэрміны «русін» і «рускі» (напрыклад, віленская «Прамова русіна» або «рускія» сэсіі Трыбуналу ВКЛ у Менску) перайшлі і ў XIX стагодзьдзе.

Да гонару польскіх гісторыкаў, яны ў XX стагодзьдзі распрацавалі тэорыю аб шматузроўневай нацыянальнай сьвядомасьці жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага, якая вынікае з шырока тады ўжываных нашымі людзьмі формул «gente Lituanus natione Polonus», «gente Ruthenus natione Polonus», «gente Prussicus natione Polonus».

Нехта называў сябе русінам, нехта ліцьвінам, нехта адначасова і русінам, і ліцьвінам, і палякам. Можна было пачуць і дзівосныя формулы накшталт таго, што «беларусцы» — гэта такія самыя палякі, як і ліцьвіны.

А пасьля паўстаньня 1831–1831 гадоў адбылася зусім экстравагантная падзея, калі польскамоўныя выхадцы з былога Вялікага Княства Літоўскага ў Парыжы аддзяліліся ад палякаў з Царства Польскага і стварылі «Камітэт рускіх земляў», які складаўся зь дзьвюх раўнапраўных частак — аддзелу Літвы і аддзелу Валыні.

Як бачым, то «Русь» уваходзіла ў «Літву», то «Літва» — у «Русь».

У першай палове XIX стагодзьдзя ў Эўропе пачаліся нацыянальныя рухі, людзі пачалі задумвацца над сваёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй. Не былі выключэньнем і адукаваныя ліцьвіны і русіны на землях былога ВКЛ. І тыя зь іх, хто захацеў ідэнтыфікаваць сябе на падставе сваіх «рускіх» продкаў і іхнай, або і сваёй, «рускай» мовы, пачалі шукаць сабе новую назву. Тут і прыдаліся «Беларусь», «беларус» і «беларускі». Гэтак у некаторых галовах адбыўся таемны цуд нацыятварэньня — беларускі кісель заварыўся.

Тыя людзі гаварылі па-польску. Для іх слова «ліцьвін» (Litwin) было сынонімам сёньняшняга слова «літовец» (балт, lietuvis). Таму яны зрабілі выбар на карысьць «Беларусі» і «беларусаў».

І гэта, як бы мы сёньня ні ставіліся да назвы нашага народу і краіны, стала паратункам і выйсьцем з той тэрміналягічнай блытаніны, у якой, нават пры вялікім жаданьні, сёньня цяжка знайсьці сыстэму і лёгіку. Гэта зразумела нават з тых некалькіх прыкладаў тэрміналягічнай кашы, якія я тут прывёў.

Можна сьмела сьцьвярджаць, што галоўную ролю ў нараджэньні новай беларускай ідэнтычнасьці адыгралі пісьменьнікі XIX стагодзьдзя.

Заставалася замацаваць гэты выбар палітычнага.

Выбар Каліноўскага

Сёньня мы можам называць Каліноўскага беларусам. Гэтая выснова вынікае з аналізу яго палітычных рашэньняў і зьместу яго палітычнага запавету — «Лістоў з-пад шыбеніцы».

У гэтым творы ён выкарыстоўвае ўведзенае ім у ранейшай беларускамоўнай публіцыстыцы паняцьце народнай (мужыцкай) праўды і называе яе то «твая праўда», то «наша праўда». Гэты тэрмін ён выкарыстаў у сваіх тэкстах больш за 50 разоў. «Мужыцкай праўдай» ён называе і сваю газэту.

У «Лістах...» Каліноўскі выразна адрозьнівае сябе і свой народ ад расейцаў і ад палякаў:

«Каб знаў сьвет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстаньне польскае»;

«Енарал Касьцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш сьпявае»;

«...Нам пад рондам польскім не заўсім было добра»;

«...маскалі... пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаваньне, да нашага брацтва хоча ўпісаціся».

Нарэшце, у разьвітаньні ён піша, што яму

«горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе».

Не забыўся ён у сваім палітычным запавеце і пра адукацыю на роднай мове:

«...Маскаль... там, дзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах вучаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску».

Запавет Каліноўскага датаваны пачаткам 1864 году. Але два самыя важныя рашэньні для свайго жыцьця і жыцьця яго народу ён прыняў раней.

Схаваны на 33 гады архіў Каліноўскага

У 1989 годзе падчас рэстаўрацыі бэрнардынскага касьцёла ў Вільні знайшлі пакет дакумэнтаў XIX стагодзьдзя. Рэстаўратары здалі тыя паперы на захаваньне ў Нацыянальны музэй Літвы.

У 2013 годзе ў Вільні з нагоды 150-й гадавіны паўстаньня выйшаў зборнік дакумэнтаў, у якім беларускі гісторык Васіль Герасімчык заўважыў здымкі беларускамоўнага дакумэнту, напісанага лацінкай. Гэтым дакумэнтам аказаўся рукапіс нявыдадзенага шостага нумару «Мужыцкай праўды», які стаў гістарычнай сэнсацыяй. Невядомы аўтар гэтага нумару пісаў: «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».

У 2018 годзе Васіль Герасімчык апублікаваў гэты чарнавік «Мужыцкай праўды» у сваёй кнізе «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда».

Далейшае разьвіцьцё гэтая гісторыя атрымала ў ліпені 2022 году, калі іншы беларускі гісторык — Алесь Смалянчук, дабраўся да фондаў Нацыянальнага музэю Літвы і атрымаў доступ да знойдзеных у 1989 годзе дакумэнтаў.

Аказалася, што там знаходзяцца і іншыя рукапісныя і друкаваныя матэрыялы на беларускай мове, у тым ліку зварот да папы Рымскага з просьбай абараніць уніяцкую царкву, публіцыстычны твор «Каімшчына на Літве і Белайрусі», а таксама ўнівэрсытэцкія паперы Кастуся Каліноўскага і яго фатаздымкі — усяго больш за 100 дакумэнтаў і рэчаў, у тым ліку пісталет, які, хутчэй за ўсё, быў за поясам у Каліноўскага 25 траўня 1863 году, калі ён, паводле ўспамінаў Ю.Ягміна, інспектаваў у Ракітнянскіх лясах на Падляшшы атрад Берасьцейскага павету пад камандаваньнем Стасякевіча.

У мяне не выклікае сумненьняў, што гэта... асабісты архіў Кастуся Каліноўскага. Вельмі шкада, што ў свой час літоўскія калегі не палічылі патрэбным пазнаёміць беларускіх гісторыкаў з гэтай знаходкай і, фактычна, схавалі гэтыя паперы ад беларусаў на 33 гады.

У той час яшчэ жыў і працаваў вялікі знаўца XIX стагодзьдзя прафэсар Генадзь Кісялёў, які мог усебакова вывучыць гэтыя дакумэнты, апублікаваць і пракамэнтаваць. З гэтага магла б нарадзіцца яго новая кніга пра Каліноўскага, а, магчыма, і не адна.

Кастрычнік 1862 году — люты 1863-га

У тым жа ліпені 2022 году я вырашыў правесьці ў Празе почырказнаўчую экспэртызу «Лістоў з-пад шыбеніцы» і нявыдадзенага шостага нумару «Мужыцкай праўды». У 2021 годзе я выказаў меркаваньне, што Каліноўскі не пісаў тэксту, у якім сьцьвярджалася, што «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы». Трэба было атрымаць заключэньне экспэрта, якое б пацьвердзіла ці абвергла гэтую выснову.

А калі за некалькі дзён да прызначанай экспэртызы Алесь Смалянчук апублікаваў старонкі знойдзеных ім у Нацыянальным музэі Літвы звароту да папы Рымскага і «Каімшчыны на Літве і Белайрусі», то я даў на экспэртызу і іх.

Па-першае, экспэртыза паказала, што Кастусь Каліноўскі не пісаў тэксту нявыдадзенага шостага нумару «Мужыцкай праўды».

Па-другое, экспэрт зрабіла заключэньне, што прадстаўленыя ёй для аналізу ўсе чатыры беларускамоўныя тэксты XIX стагодзьдзя («Лісты з-пад шыбеніцы», нявыдадзены «літоўскі» нумар «Мужыцкай праўды», «Каімшчына на Літве і Белайрусі» і зварот да папы Рымскага аб пакутах уніяцкай царквы) напісаныя рознымі асобамі.

Вынікі экспэртызы паказалі, што вакол Каліноўскага існавала цэлае кола беларускамоўных аўтараў і што ягоная група сапраўды стаяла ля вытокаў беларускай нацыянальнай палітычнай гісторыі.

І зьвязана гэтая выснова найперш з тым, што Каліноўскі не пісаў нявыдадзенага шостага нумару «Мужыцкай праўды». Цяпер мы ведаем, што ўхвалены да друку Літоўскім правінцыйным камітэтам 12 кастрычніка 1862 году гэты нумар ня быў страчаны, як пра гэта часта пішуць неабазнаныя аўтары. Каліноўскі яго проста адклаў у свой архіў і ў лістападзе 1862 году выдаў іншы шосты нумар «Мужыцкай праўды», прысьвечаны ўніяцкай царкве.

Я лічу, што менавіта тады Каліноўскі прыняў канчатковае рашэньне пра назву краіны, якую ён абараняў, і народу, да якога ён зьвяртаўся. Гэта быў першы яго найважнейшы палітычны выбар.

У кастрычніку 1862 году, дарэчы, яшчэ быў жывы старэйшы брат Кастуся Каліноўскага Віктар, і можна меркаваць, што ідэнтычнасьць Каліноўскага кшталтавалася не безь ягонага ўплыву.

Акт 1 лютага 1863 году, калі ў Вільні было абвешчана аб стварэньні Часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі, стаў другім найважнейшым палітычным выбарам Каліноўскага і вынікам ягонага кастрычніцкага рашэньня.

Стварэньне ўраду азначала зьяўленьне новай палітычнай суб’ектнасьці Беларусі, якая раней існавала пад назвамі і Русь, і Літва, пад яе новай, мадэрнай назвай.

Гэта стала адной з кульмінацый беларускага гістарычнага лёсу.

Вынікі палітычнай дзейнасьці Каліноўскага

Урад Каліноўскага пасьля інтрыг і пагроз выдаць ягоных членаў царскім уладам быў распушчаны варшаўскімі дзеячамі 11 сакавіка 1863 году. Сам кіраўнік ураду быў вымушаны прыняць прызначэньне на пасаду паўстанцкага камісара Горадзенскага ваяводзтва.

Але нацыянальны палітычны шлях беларусаў быў распачаты. Менш як праз два месяцы пасьля роспуску ўраду, 3 траўня 1863 году, Нацыянальны ўрад у Варшаве ўжо прыняў адозву да «братоў беларусаў», тым самым прызнаючы іх нацыянальную суб’ектнасьць.

І тут трэба дакладна разумець, што Літва і Беларусь у 1863 годзе ўжо ўспрымаліся паўстанцамі як дзьве краіны, але яшчэ адзіная дзяржава. Каліноўскі і яго паплечнікі не ўяўлялі сабе мяжы там, дзе яе ніколі не было. «Літва» ў шырокім сэнсе была для іх найбольш блізкім па часе гістарычным макратапонімам радзімы. Таму сучасьнікі ў адзін голас і называлі Каліноўскага «літоўскім сэпаратыстам».

Для праціўнікаў Каліноўскага побач з макратапонімам «Літва» існаваў яшчэ супэртапонім «Польшча». Гэта зноў жа адпавядае тэорыі аб шматузроўневай нацыянальнай сьвядомасьці жыхароў былога ВКЛ.

Характэрны прыклад тых часоў — лёс удзельніка паўстаньня, былога прафэсара Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту Ўладзімера Спасовіча. Народжаны ў Рэчыцы, праваслаўны паводле веравызнаньня, унук уніяцкага сьвятара Ўладзімер Спасовіч лічыў сябе палякам, быў членам рэдкалегій польскіх часопісаў і скончыў жыцьцё ў Варшаве, але пра сваю радзіму напісаў так:

«...Мая радзіма, мая Літва, ці Белая, ці Чорная Русь, — розныя па-рознаму яе называлі».

Ня быў выключэньнем і галоўны герой беларускай гісторыі XIX стагодзьдзя Кастусь Каліноўскі. На дадатак да тых месцаў «Лістоў з-пад шыбеніцы», якія тут прыводзіліся раней і дзе Каліноўскі адназначна залічае сябе да беларусаў, ёсьць там адна фраза, якая сьведчыць і пра яго шматузроўневую сьвядомасьць:

«Доўга палякі ждалі памоцы з заграніцы, народы чужаземныя крычалі многа і да гэтай пары нічога для нас не зрабілі; кажуць, што яны ня маюць ніякай патрэбы сваей у польскім дзеле, каб на маскаля ісьці за нас ваяваці».

Зразумела, што тут мы маем справу толькі з адным з узроўняў сьвядомасьці — палітанімічным.

А польскі гісторык Валеры Пшыбароўскі аднойчы прывёў фразу Каліноўскага, сказаную ім на беларускай мове:

«[Каліноўскі] быў адным з галоўных прыхільнікаў і папулярызатараў сэпаратысцкіх літоўскіх памкненьняў і не адзін раз выказаўся на сваёй сакавітай народнай мове, што „дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёсы Літвы“».

Такім чынам, мы бачым тут два палітанімічныя (польскі і літоўскі) і адзін энданімічны (беларускі) узроўні сьвядомасьці.

Але палітычная прабеларуская дзейнасьць Каліноўскага, стварэньне першай палітычнай суб’ектнасьці Беларусі і беларускага народу, а таксама напісаньне нацыянальнага запавету (Лістоў з-пад шыбеніцы), зьвернутага да беларусаў з залічэньнем сябе да іх ліку, сьведчаць пра нараджэньне ў былым Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім новай формулы мясцовай ідэнтычнасьці — «natione Albaruthenus». І нават «gente Albaruthenus natione Albaruthenus», якую сёньня акцэптуе ўжо большасьць жыхароў сучаснай Беларусі.

Вядома, гэтая гістарычная, лёсаносная для нас сёньняшніх падзея — палітычнае нараджэньне беларускай ідэі ў галовах вельмі вузкай групы палітыкаў-інтэлектуалаў — была падрыхтаваная дзесяцігодзьдзямі актыўнай і самаахвярнай працы тых, каго Генадзь Кісялёў назваў «пачынальнікамі». Але палітычна яна адбылася вельмі хутка. У кастрычніку 1862 году Кастусь Каліноўскі адмаўляецца выдаць «літоўскі» нумар «Мужыцкай праўды» і адпраўляе яго ў архіў, у лютым 1863 году стварае Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі, а ў траўні 1863 году Нацыянальны ўрад у Варшаве ўжо зьвяртаецца з адозвай да «братоў-беларусаў».

Новая, мадэрная ідэнтычнасьць старога эўрапейскага народу крывічоў-русінаў-ліцьвіноў прабівала сабе дарогу ня проста і ў наступныя пасьля паўстаньня дзесяцігодзьдзі. Зразумела, што большасьць удзельнікаў падзей 1863–1864 гадоў лічылі сябе палякамі і ў рэшце рэшт сталі імі ці засталіся імі.

Але зьявілася ўжо і беларуская нацыянальная плынь. Некаторыя яе прыхільнікі зь ліку тых удзельнікаў паўстаньня, што выжылі, — такія, як Альгерд Абуховіч, Францішак Багушэвіч, Антон і Тэрэза Гардзялкоўскія, Вінцэсь Каратынскі, Карл Кастравіцкі, Габрыель Есьман, Фэлікс Тапчэўскі, Ян Чэрскі і многія іншыя, — перадалі яе наступным пакаленьням.

Можна сказаць, што беларускі нацыяналізм вырас з агульнапольскага, вычленіўся, аддзяліўся ад яго. І ў гэтым сэнсе абсалютна ня важна, як паўстаньне 1863–1864 гадоў называць: Студзеньскім, польскім ці паўстаньнем Каліноўскага. Усё гэта праўда.

Але праўда і тое, што ў 1862 — 1863 гадах палітычна нарадзілася новая мадэрная Беларусь. І палітычным бацькам яе стаў 26-гадовы юнак Вікенцій Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях