19 апреля 2024, пятница, 17:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Варшаве запрацавала Беларуская школа мастацтваў імя Міколы Равенскага

У Варшаве запрацавала Беларуская школа мастацтваў імя Міколы Равенскага
Фота: zbsb.org

Гэта месца, дзе можна мець дзіцячую беларускую супольнасць.

Арганізатарка Беларускай школы мастацтваў імя Міколы Равенскага – харавы дырыжор Галіна Казіміроўская. Пробныя заняткі з дзецьмі пачаліся яшчэ ў лютым, а цяпер ёсць прапанова таксама і для дарослых, піша сайт «Радыё Рацыя».

Запатрабаванне вялікае – кажа спадарыня Галіна:

– Увогуле спачатку стваралі гэтую школу як бы для сваіх дзетак. Бо тут вельмі шмат зараз беларусаў, беларускіх сем’яў. І нашыя дзеці, якія калісьці займаліся творчасцю ў Беларусі, ім зараз цяжка знайсці сабе магчымасць гэта працягваць. У іх ёсць патрэба сустракацца, знаёміцца. Ім сацыяльна і псіхалагічна таксама вельмі складана. І часам яны адчуваюць сябе самотнымі. І мы зрабілі такую прастору яшчэ і дзеля таго, каб у дзяцей была магчымасць сустрэцца і знайсці сяброў. Гэта месца, дзе можна мець дзіцячую беларускую супольнасць.

– Вы асабіста выкладаеце ў школе спевы?

– Я выкладаю спевы, але спевы для дарослых. У нас ёсць спевы для дарослых, для дзетак, працуе тэатральная студыя для дзетак розных узростаў, дзіцячы хор, канешне ж, дарослы хор. І я таксама пачынаю новы курс – гэта сальфеджыа для дарослых. Аказалася, што ў гэтым ёсць патрэба.

Зараз такі час, што пры ўсёй удзячнасці Польшчы, нам нельга цалкам інтэграваца ў польскую культуру. Нам важна знайсці магчымасць захаваць сваё. Для нас гэта вельмі важна. Магчыма, у нашых дзетак гэта адзіная прастора, дзе яны могуць чуць беларускую мову, дзе яны могуць навучацца па-беларуску. Гэта дае нам шанец, што нашыя дзеці і мы, дарослыя, не забудзем нашую мову. І для дзяцей мы спрабуем адкрыць беларускі свет культуры, які, на жаль, закрыты быў нават у Беларусі, калі яны там жылі, яны няшмат ведалі пра беларускую культуру.

Беларуская школа мастацтваў імя Міколы Равенскага адкрытая ў Варшаве для ўсіх ахвотных, а пачыналася найперш для тых беларусаў, якія вымушана выехалі за мяжу. Гэта таксама месца сустрэч і псіхалагічнай падтрымкі адно аднаго.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях