18 апреля 2024, четверг, 11:34
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Біскуп Алег Буткевіч: Мы зрабілі чарговы крок да сапраўднай перамены нашага жыцця

Біскуп Алег Буткевіч: Мы зрабілі чарговы крок да сапраўднай перамены нашага жыцця
Фото: catholic.by

Працэсія ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў прайшла па Браславе.

Пасля адзінаццаці гадзін вечара 20 жніўня з браслаўскага санктуарыя вырушыла працэсія са свечкамі, на пачатку якой мужчыны неслі копію цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў, паведамляе catholic.by.

Начная працэсія вакол Замкавай гары, на якой больш за тысячу гадоў таму ўзнік Браслаў, падчас мінулагодніх урачыстасцяў з-за складаных эпідэмічных умоў не праводзілася.

Таму для ўдзельнікаў сёлетняга фэсту яе аднаўленне стала знакам надзеі на тое, што Маці Божая ніколі не пакіне сваіх дзяцей на зямных шляхах і абароніць іх ад кожнай небяспекі для душы і для цела.

Фото: catholic.by

Гэта як быццам пацвярджалася і знакам на небе: месяц, які ў Святым Пісанні з’яўляецца сімвалам Маці Божай, спачатку быў схаваны за хмарамі. Але паступова, хоць над браслаўскімі азёрамі стаяла бязветраная жнівеньская ноч, неба расычцілася, і месяцовае сяйва поўні мяккім срэбным святлом, нібы лагодны позірк Матулі, напоўніла ўсё навокал.

Як і на самым пачатку ўрачыстасці, удзельнікі працэсіі маліліся Ружанец, што суправаджаўся біблійнымі тэкстамі-разважаннямі да кожнай балеснай таямніцы і малітвамі вялікага шанавальніка Панны Марыі святога Яна Паўла ІІ.

Фото: catholic.by

Паміж таямніцамі вернікі спявалі «Матачку Божую» — адну з самых прыгожых беларускіх марыйных песень, і яе напеўны матыў лунаў па-над соннымі вуліцамі старажытнага горада.

…На заканчэнне працэсіі, стоячы перад цудадзейным абразом Маці Божай Браслаўскай, кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, браслаўчанін, звярнуўся да ўсіх прысутных. Іерарх зазначыў, што працэсія па начным Браславе стала даручэннем апецы Марыі ўсёй нашай краіны і яе народа, на які Маці Божая глядзіць сваім матчыным позіркам з браслаўскага алтара, а таксама з іншых святыняў роднай зямлі.

Фото: catholic.by

«Сённяшняя сустрэча, сённяшняя малітва няхай будзе чарговым крокам да паглыблення нашай веры; будзе чарговым крокам да сапраўднай перамены нашага жыцця: нашага асабістага жыцця і жыцця ў нашай краіне.

<…> Няхай заступніцтва і прысутнасць Божай Маці будзе для нас сёння крыніцай радасці і непахіснай надзеі», — сказаў біскуп Буткевіч перад святой Імшой, якая з удзелам пяці біскупаў распачалася ў браслаўскім санктуарыі адразу пасля працэсіі.

Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Фото: catholic.by
Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях