25 апреля 2024, четверг, 1:12
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Каталіцкі змагар», герой Полацкага паходу Баторыя і сябар французскага караля

1
«Каталіцкі змагар», герой Полацкага паходу Баторыя і сябар французскага караля

Што вядома пра беларускага магната і рэфарматара Мікалая Радзівіла Сіротку.

Мікалай Радзівіл Сіротка ўвайшоў у гісторыю як мінімум дзвюма важнымі справамі: ён моцна паспрыяў перамозе каталіцызму на нашых землях і правярнуў адзін з самых грандыёзных гарадскіх эксперыментаў свайго часу. За сваё жыццё Сіротка паспеў зрабіць шмат: пабудаваў у Нясвіжы старажытны ПВТ, з’ездзіў пілігрымам у Іерусалім, рызыкнуў прывезці з сабой дзве сапраўдныя муміі і ледзьве не загінуў у моры. А яшчэ ён быў заўзятым гульцом у вялікую палітыку і стаў сябрам самога Генрыха Валуа, піша Onliner.

Смешная мянушка — моцны характар

Мікалай Радзівіл Сіротка вылучаецца сярод іншых Радзівілаў сваёй крыху смешнай мянушкай. Захавалася легенда, якая распавядае, што, калі Мікола быў яшчэ зусім малы, яго бацькі патрапілі на вялікі баль з удзелам караля і пакінулі малога ў адным з пакояў палаца. Самі яны пайшлі забаўляцца. Так сталася, што іншая прыслуга таксама разышлася — малы хлопчык застаўся ў пакоі зусім адзін.

І вось так здарылася, што якраз у гэты час побач прагульваўся, стаміўшыся ад шматлікіх феерверкаў, кароль Жыгімонт Аўгуст. Ён пабачыў малога дзіцёнка і пачаў з ім гуляцца, называючы яго «сіроткам». А пасля ў пакой прыйшлі самі Радзівілы і прыслуга. Усе разам яны вельмі смяяліся, што сына паважаных людзей так называюць.

Але гэтая мянушка моцна прыклеілася да маленькага Радзівіла. Мы не ведаем, ці шмат яго так называлі пры жыцці, але ў гістарычных крыніцах ён заўсёды ўзгадваецца менавіта так. І відаць, што сам ён не крыўдаваў на людзей за гэтую мянушку — проста таму, што так яго называў сам кароль. А тое, што кажа кароль, адразу становіцца вельмі статусным.

Мікалай Радзівіл Сіротка ўвайшоў у гісторыю, нягледзячы на сваю смешную мянушку, як мінімум дзвюма вельмі важнымі справамі: па-першае, ён моцна паспрыяў перамозе каталіцызму над пратэстантызмам на нашых землях і правярнуў адзін з самых грандыёзных горадабудаўнічых эксперыментаў свайго часу пад назвай «Нясвіж».

Зрэшты, і біяграфію ён меў не сумную. Нарадзіўся Мікалай Радзівіл Сіротка 2 жніўня 1549 года. Яго бацька быў канцлерам Вялікага княства Літоўскага. Па сутнасці, другі чалавек у краіне, а ў пэўных момантах нават і першы. Бацьку Сіроткі звалі Мікалаем Радзівілам Чорным, бо ў яго быў стрыечны брат, Мікалай Радзівіл Руды. Адпаведна, той быў Руды, гэты — Чорны, так іх і адрознівалі пры называнні. Вучыўся Сіротка спачатку ў пратэстанцкай гімназіі ў Нясвіжы, а пасля — у Страсбургу. Яго бацька быў пратэстантам і адправіў сына менавіта ў такую школу.

Падарожжы, бунтарства падчас дэлегацыі ў Парыж і сяброўства з французскім каралём

А пасля былі падарожжы па еўрапейскіх гарадах. Сіротка пабываў у Цюрыху, Падуі, Рыме, шмат пра што даведаўся і чаго ўбачыў. І верагодна, дзесьці тут адбыўся вельмі важны злом у яго свядомасці. Ён пачаў пераход з пратэстантызму ў каталіцызм. Яго бацька пра гэтую вельмі страшную для сябе навіну так і не даведаўся — ён памёр, калі Сіротка падарожнічаў па Еўропе.

Вярнуўся Сіротка на радзіму ў 1569 годзе і адразу «ўкінуўся» ў розныя дзяржаўныя справы. Ён быў малады, амбітны, багаты. Сіротка нават удзельнічаў у Люблінскай уніі і быў супраць яе падпісання, як усе літоўскія магнаты. Гэта відавочна, бо ўсе яны гублялі сваю ўладу і лічылі гэтую унію вялікай несправядлівасцю. Сіротка таксама ўдзельнічаў у Інфлянцкай вайне і ездзіў на розныя сеймы.

Варта адзначыць важны момант яго біяграфіі: у 1573 годзе ён быў адзіным прадстаўніком ВКЛ у дэлегацыі, якая паехала ў Парыж запрашаць Генрыха Валуа на трон Рэчы Паспалітай. На той момант памёр Жыгімонт Аўгуст — і наша шляхта разам з польскай вельмі доўга выбірала сабе караля. У выніку яны спыніліся на французскім прынцы і адправілі дэлегацыю якраз да Генрыха. І тады здарыўся вельмі цікавы момант: шляхта наказала Сіротку прадставіць нашу краіну асобна. Справа ў тым, што ўжо на той час існавала саюзная дзяржава Польшчы і ВКЛ, але шляхце ўсё ж было важна абазначыць і сваю асобнасць.

Пра гэта Сіротка распавёў іншым дэлегатам — аказалася, што палякі выступілі супраць. І гэта яны аргументавалі досыць лагічна: «Гэтыя французы і так не разумеюць, адкуль мы прыехалі, — нейкія варвары з незразумелай краіны. А тут яшчэ давядзецца тлумачыць, што існуе раздзяленне на палякаў і літоўцаў. Заблытаюцца». Аднак Сіротка ўсё ж вырашыў выканаць даручэнне сваіх суграмадзян, збег ад дэлегацыі і крыху раней прыехаў у Парыж. Прадставіўся будучаму каралю, пазначыўшы, што ён прадстаўнік «крыху асобнай часткі саюзнай дзяржавы».

У выніку ў верасні 1574 года ў Нотр-Дам-дэ-Пары адбылося першае прадстаўленне Генрыха Валуа як караля польскага і вялікага князя літоўскага. Калі Генрых Валуа ў наступным годзе прыехаў у Кракаў, адным з нешматлікіх яго сяброў стаў якраз Мікалай Радзівіл Сіротка. Яны былі аднаго году, з падобнай адукацыяй, поглядамі, адной рэлігіі. Генрыху Валуа было сапраўды цяжка ў халодным Кракаве. А Сіротка нейкімі забавамі, паляваннямі і балямі ратаваў яго ад гэтай нуды.

Менавіта таму ў наступным годзе Мікалая Радзівіла Сіротку адправілі ў Парыж упрошваць Генрыха Валуа, які да таго часу паспеў збегчы са свайго каралеўскага трона ў Рэчы Паспалітай у Францыю. Там вызваліўся французскі трон, які відавочна быў яму бліжэйшы. І вось Сіротка павінен быў упрасіць Генрыха Валуа застацца каралём на дзвюх пасадах. Сіротка ездзіў у Парыж двойчы, але ў яго нічога не атрымалася. Генрыху зусім не спадабаўся Кракаў і ўся Паўночная Зямля. У выніку ён так і не прыехаў.

Адважнасць у вайне, прагматыка і паломніцтва ў Іерусалім

Пасля гэтага, у 1579 годзе, Сіротка ўдзельнічаў у паходзе на Полацк. Новы кароль Стэфан Баторый сабраў вялікае войска, каб вызваліць Полацк ад Івана Грознага. Сіротка прывёў свой аддзел і вельмі мужна хадзіў у атаку, быў паранены падчас бітвы і нават атрымаў узнагароды ад караля: вызначыўся сваёй смеласцю. Атрымліваецца, з аднаго боку, Сіротка быў спешчаным франтам, які любіў балі, розныя забавы і Парыж, але з іншага — праявіў сябе вельмі смелым рыцарам таго часу.

Пры ўсім пры гэтым дзесьці ў другой палове 1570-х гадоў у жыцці Сіроткі пачалі адбывацца нейкія пераломныя моманты. У яго не ладзілася з гаспадаркай, згарэў касцёл, што ён будаваў у Клецку. Генрых Валуа, на якога ён так спадзяваўся, збег у Парыж. Дарэчы, магчыма, менавіта там, у Парыжы, Сіротка падхапіў такую непрыгожую хваробу, як сіфіліс. Яна была даволі распаўсюджанай у асяроддзі вышэйшай эліты. Гэта было хранічнае захворванне, якое паступова падрывала яго здароўе. Адчуваючы недарэчнасць свайго жыцця, разумеючы, што ён пакліканы на нешта большае, Сіротка захацеў прыдумаць сабе нейкі чэлендж, які б абнуліў яго жыццё і накіраваў у новае рэчышча.

У выніку ён вызначыў самую сур’ёзную задачу, якую мог бы прыдумаць жыхар ВКЛ. І гэта было, канешне, паломніцтва ў Іерусалім. Так у 1583 годзе Сіротка сабраў невялікую каманду, узяў пэўныя грошы і адправіўся ў вельмі сур’ёзнае падарожжа. Ён даехаў да Венецыі, адтуль перабраўся ў Дамаск, нарэшце, патрапіў у Іерусалім і пакланіўся Гробу Гасподняму. Там манахі-францысканцы прынялі яго ў Ордэн Труны Гасподняй. Калі вы зараз паглядзіце на любую выяву Сіроткі, ён будзе намаляваны абавязкова з чырвоным крыжыкам — менавіта гэта сімвал шляхецкага ордэна, члены якога неяк мусілі абараняць Труну Гасподнюю.

Пасля гэтага Сіротка пабываў у Яфе і перабраўся ў Егіпет, наведаў Каір і вельмі ўразіўся муміямі, якія прадаваліся на мясцовым кірмашы. Сіротка вырашыў прывезці дахаты такі «сувенірчык» — і купіў дзве муміі. Пасля гэтага ён перабраўся ў Александрыю і сеў на карабель, які мусіў давезці яго ў Італію. І тут здарыўся вялікі шторм. Большая частка карабля палічыла, што ў шторме вінаватыя менавіта тыя недарэчныя парэшткі, якія гэты дзівак з Літвы вёз з сабой. Было прынята рашэнне выкінуць іх у мора, каб небяспека адышла. Куды дзенешся? Муміі выкінулі, шторм кончыўся, а карабель дайшоў да свайго месца. Праз гэта, на жаль, мы не маем у Нясвіжы мумій. А так маглі б атрымаць іх яшчэ ў 16-м стагоддзі.

Праз два гады Сіротка вярнуўся на радзіму зусім іншым чалавекам, бо гэтае падарожжа было вельмі-вельмі складаным. Дарэчы, сябры і сваякі Сіроткі пасля яго вяртання сталі прасіць, каб ён апісаў свае прыгоды ў лістах. Відавочна, таму, што ён быў адзіным прадстаўніком свайго пакалення, які дайшоў да Гроба Гасподняга. Тады гэта было фантастычна. У выніку Сіротка напісаў цэлую кніжку — па сутнасці, першы падарожны даведнік па Егіпце і Іерусаліме, выдадзены на нашых землях у 16-м стагоддзі. І ён заставаўся ўнікальным творам да 19-га стагоддзя, разышоўся па ўсёй Еўропе і стаў сапраўдным бестселерам свайго часу.

Старажытны «пэвэтэшнік» і піяршчык свайго роду

А яшчэ Сіротка зразумеў, што мусіць адысці ад палітычных спраў і заняцца ўмацаваннем свайго роду і тэрыторыі. І ён узяўся за Нясвіж. Найперш запрасіў з Італіі архітэктараў, якія пачалі ўзводзіць найлепшы па тых часах замак з навейшымі бастыённымі ўмацаваннямі — такіх на той момант у вялікім маштабе яшчэ не было. Сіротка дамогся таго, каб Нясвіж атрымаў Магдэбургскае права і моцна змяніў горад. У тыя часы была ідэя, што гарады трэба будаваць падобнымі да цела чалавека. Калі вы прыедзеце ў Нясвіж, вы і цяпер зможаце ўбачыць яго ў такім выглядзе. Замак — гэта галава, храм — сэрца. Спускаецеся ўніз і падыходзіце да ратушы — і быццам бачыце страўнік чалавека. Адпаведна, розныя вуліцы — гэта рукі і ногі. Карацей, Нясвіж стаў сапраўдным рэнесансным горадам 16-га стагоддзя.

Вельмі важна, што з усімі цяжкасцямі Сіротка запрасіў да сябе езуітаў і дамогся таго, каб яны пабудавалі ў горадзе калегіум. А тыя не хацелі. Справа ў тым, што Нясвіж — маленькі горад, езуіты ж будавалі калегіумы толькі ў вялікіх гарадах. І ўсё ж Сіротка настаяў. З аднаго боку, гэта было рэлігійнай экспансіяй. Але з другога, сацыяльнага — месцам, дзе давалі найлепшую адукацыю ў Еўропе. З калегіумам было звязана кнігабудаўніцтва і часам лекарская справа. Для Нясвіжа гэта быў вельмі круты аб’ект, які паспрыяў развіццю горада.

Можна сказаць, што Нясвіж стаў Паркам высокіх тэхналогій свайго часу ў тым сэнсе, што Сіротка захацеў на адным канкрэтным лапіку зямлі істотна палепшыць жыццё мясцовых жыхароў. Канешне, за гэтым стаялі яго амбіцыі. Яму было важна, каб яго род квітнеў і пасля яго смерці. Але ў 16-м стагоддзі такімі крытэрыямі кіраваліся ўсе шляхцічы і магнаты. На іх фоне Сіротка вылучаўся тым, што крыху больш думаў пра людзей, якія жылі ў яго горадзе.

Пры гэтым Сіротка не забываўся і на дзяржаўную дзейнасць. Ён быў адным з тых людзей, якія моцна паспрыялі заключэнню Берасцейскай уніі 1596 года. Яму было важна, каб усе жыхары ВКЛ сталі як мага бліжэй да каталіцызму. Але таксама ён фундаваў і некаторыя праваслаўныя храмы, бо разумеў, што такія рэчы не адбываюцца адразу. Карацей, падтрымліваў на сваіх землях розныя рэлігіі, апрача пратэстантызму. Да пратэстантаў у Сіроткі было рэзка негатыўнае стаўленне.

Сіротка таксама выступаў супраць паходаў на Маскву. У пачатку 17-га стагоддзя на нашых землях з’явілася ідэя пасадзіць на маскоўскі прастол Дзмітрыя. Наша шляхта вельмі захапілася гэтай ідэяй і некалькі разоў «хадзіла на Маскву». Сіротка папярэджваў, што гэта можа дрэнна скончыцца. У выніку праз 50 год гэта сапраўды скончылася страшным крывавым патопам, пасля якога наша дзяржава яшчэ доўга не магла прыйсці ў сябе.

З важных рэчаў, якія зрабіў Сіротка, была, вядома, карта ВКЛ. Ён замовіў яе ў знанага спецыяліста Тамаша Макоўскага. Да гэтага часу талковых карт на нашых землях не было. З большага іх малявалі еўрапейцы і пра нашыя землі мелі цьмянае ўяўленне. Было меркаванне, што праз усю тэрыторыю Беларусі праходзіць вялікі горны хрыбет, таму дзесьці яны дамалёўвалі «мора Герадота», пра якое чулі і не ведалі, дзе яно. Таксама малявалі шмат мядзведзяў, якія быццам бы хадзілі па вуліцах нашых гарадоў. Тамаш Макоўскі намаляваў першую нармальную карту нашай тэрыторыі, дзе былі больш-менш добра адлюстраваны рэкі, а таксама больш за сто населеных пунктаў. Для Сіроткі гэта было накшталт піяр-ходу. Ён хацеў, каб у Еўропе даведваліся пра ВКЛ. Сам Сіротка заўсёды падкрэсліваў, што ён менавіта ліцвін, а не паляк. Яму было важна прарэкламаваць свой род як асноўных прадстаўнікоў Вялікага княства ў Еўропе — Радзівілаў.

Пры гэтым, напэўна, найважнейшая справа, якую ажыццявіў Радзівіл і якая моцна памяняла гісторыю ўсёй Беларусі, — гэта яго пераход з пратэстантызму ў каталіцызм і адданая вера ў Бога. Бацька ж Мікалая Радзівіла Сіроткі ў свой час прыняў пратэстантызм. У той час гэта была новая рэлігія ў Еўропе. Радзівіл палічыў яе вельмі перспектыўнай, пачаў будаваць на сваіх землях саборы, выдаваць шмат літаратуры і запрашаць святароў і ідэолагаў. Сама ідэя прываблівала мясцовую шляхту. У навуковай літаратуры ёсць лічба, што пры Мікалаю Радзівіле Чорным у пратэстантызм перайшло каля 600 шляхецкіх радоў — гэта вельмі шмат.

І тут прыйшоў яго сын, які ўсё зрабіў наадварот. Пасля смерці бацькі ён стаў каталіком, пазакрываў пратэстанцкія сборы і перарабіў іх у каталіцкія касцёлы. Як лічыцца, Сіротка спаліў кніжкі, выдадзеныя яго бацькам, і пачаў выдаваць каталіцкую літаратуру. Ён таксама павыганяў усіх пратэстанцкіх тэолагаў са сваіх зямель, у тым ліку і знакамітага Сымона Буднага. Па выніку, жывучы ў 21-м стагоддзі, мы можам сказаць, што калі б Сіротка застаўся пратэстантам і ўсю сваю энергію і веру ў Бога накіраваў менавіта на пашырэнне пратэстантызму, то гэтая рэлігія ў нас засталася б. І дакладна ўся гісторыя Беларусі пайшла б па-іншаму. Ад рашэння Сіроткі, як бачна, залежала вельмі шмат.

Сіротка памёр у 1616 годзе. Перад смерцю ён папрасіў, каб яго пахавалі не ў дарагіх даспехах, як гэта было прынята ў той час, а ў пілігрымскай вопратцы, у якой ён хадзіў у Іерусалім. Зараз мы мяркуем, што ў гэтым адлюстраваўся пэўны практычны падыход, што, магчыма, звязана з яго падарожжам па Егіпце. Ён бачыў, як у Каіры на кірмашы прадаюцца разрабаваныя рэчы з захаванняў фараонаў. І разумеў: чым багацейшым будзе пахаванне яго роду, тым хутчэй яго разрабуюць. Яго просьба пра недарагія пахаванні распаўсюджвалася не толькі на яго, але і на нашчадкаў. З іншага боку, для Сіроткі быў важны таксама маральны бок. Ён хацеў перадаць сваім дзецям, што пагоня за матэрыяльнымі каштоўнасцямі мусіць мець свой сэнс і абмежаванні: «угару» з сабой усе рэчы не возьмеш. Менавіта падарожжа ў Іерусалім так моцна змяніла Сіротку і прымусіла перагледзець сваё жыццё.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях