28 марта 2024, четверг, 17:01
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Мітрапаліт Філарэт: чалавек з пачуццём гумару

3
Мітрапаліт Філарэт: чалавек з пачуццём гумару
Почетный Патриарший экзарх Беларуси митрополит Филарет. Фото: pravoslavie.by.

Дэпутат ад БНФ Пётра Садоўскі — пра свайго калегу па Вярхроўным Савеце.

Былы дэпутат Вярхоўнай Рады і член Прэзідыума ВР, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі выказаўся ў «Фэйсбуку» пра Мітрапаліта Філарэта:

— Пасля працяглай хваробы памёр епіскап РПЦ, ганаровы патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Герой Беларусі, — Мітрапаліт Філарэт.

Не магу не сказаць пра яго добрае слова. Лёс зводзіў мяне з ім шмат разоў: яшчэ ў савецкі час некалькі разоў ў Германіі, калі ён быў архіепіскапам Берлінскім, па чарнобыльскіх справах, у спатканнях з нямецкімі экуменічнымі Місіямі добрай волі ў Беларусі як старшыню камісіі замежных спраў Вярхоўнай Рады 12-га склікання. Нашы крэслы ў пленарнай зале былі побач. Я, агностык з амаль што хрысціянскай душой, правёў 5 з паловай гадоў побач з галоўным іерархам РПЦ у Беларусі.

Партрэт: абаяльны суразмоўнік з цёмна-карымі вачыма і прыемным нізкім барытонам, з вельмі прыгожай рускай мовай, дагледжанымі прыгожымі рукамі. Ад яго заўсёды патыхала свежасцю, ледзь адчувальнай добрай парфумай і аптымізмам. Ён узначальваў камісію па этыцы. Як дэпутат ён ніводнага разу не выступаў.

Я помню ягоныя не па-славянску пякучыя густа-карычневыя вочы, калі ён пачынаў нешта грунтоўна і з роздумам тлумачыць. Апошні раз я сустракаўся з ім у новым будынку епархіі недалёка ад Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе. Раней ён сядзеў у цесным пакоі драўлянага двухпавярховага дамка ў раёне Старавіленскай, дзе пакаёўка абкурвала ўсё нейкімі пахучымі зёлкамі. Частаваў добрай гарбатай з кропляй лікёру.

Асоба свайго часу і статусу, выключна абаяльны чалавек. Першай «дэпутацкай» сустрэчы я чакаў з напружаннем. Рэч у тым, што падчас выбарчай кампаніі 1990 г. я падпісаў ліст падтрымкі канкурэнта Мітрапаліта Філарэта па 48-й Старавіленскай акрузе ўласнага карэспандэнта часопіса «Дружба народаў» Яўгена Будзінаса, майго добрага сябра. Акрамя беларускіх падпісантаў (Валянцін Тарас, Канстанцін Тарасаў, Юры Хашчавацкі ды інш.) сваё імя да звароту далучыў мяцежны маскоўскі дысідэнт айцец Глеб Якунін, пазней пазбаўлены сану. Ён у інтэрв’ю незалежным медыя (ужо ішла «перабудова») распавядаў пра супрацоўніцтва РПЦ з КДБ. Мітрапаліт Філарэт доўгі час узначальваў у Маскве аддзел знешніх сувязяў РПЦ. Будзінас набраў менш галасоў. Я быў абраны па Адзінцоўскай выбарчай акрузе.

Калі я першы раз прыйшоў заняць сваё месца ў зале пасяджэнняў, Уладыка ўжо сядзеў на сваім месцы, гартаў нейкія паперы. Каб прапусціць мяне, устаў, наколькі дазваляў вузкі праход, прыязна ўсміхнуўся і, развёўшы прыветна рукі, сказаў: «Рад приветствовать депутата БНФ!» (я быў з БЧБ-значкай). Я адказаў не менш адкрытай усмешкай. Напруга прапала. Мы былі сябрамі ўвесь дэпутацкі тэрмін.

Апошняя сустрэча. У новай епархіі я быў пасля выбараў 2001 года, ужо не дэпутатам. Ён сустрэў мяне ў простай доўгай кашулі, зусім як Леў Талстой, сівыя непрычасаныя валасы, акуляры на просценькім металічным ланцужку на грудзях… Кабінет быў вельмі сціплы, толькі кніжныя шафы. Ён падараваў мне тады двухтамовы збор матэрыялаў II Кірыла-мефодзеўскіх чытанняў з бліскучым праблемным артыкулам айца Сергія Лепіна, які цяпер значна змяніўся і апякуецца Ракаўскім прыходам.

Я абмяркоўваў падчас таго візіту адну архіўную справу, што тычылася дакументацыі на жанчыну, будучую «праведніцу народаў свету», якая разам з праваслаўным святаром выратавала габрэйскую дзяўчынку ад пагрому. Тады я ўпершыню пачуў ад Філарэта, што ягоная маці мела габрэйскія карані. Пазней пра гэта пісаў Міхаіл Фарфель, першы амбасадар у Ізраілі. Цікавай іранічнай усмешкай, як змоўнік, ці то жартам, ці то ўсур’ёз Мітрапаліт падняў указальны палец правай рукі і прыцішыў голас, калі я пачаў бедаваць з нагоды фальсіфікацый у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі таго года.

Мне ўвесь час здавалася, што Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў (свецкае імя) нясе свой крыж Мітрапаліта і як бы вінаваціцца, стоячы з уладным посахам пасярод сцэны, слухаючы доўгія ваяўнічыя прамовы Лукашэнкі — часам у сугуччы з ім збіваецца ў сваіх прамовах на не зусім карэктныя пасажы са Старога запавету — або публічна разбіраючы сотні лістоў ад прыхаджан перад групай дэпутатаў, якія вінавацілі кіраўніцтва епархіі за махінацыі на мытні з рээкспартам у Расею імпартаванай гарэлкі з Германіі і Фінляндыі. Я дакладна ведаю, што Уладыка сам гэта не кантраляваў. Па іроніі лёсу я быў знаёмы з чалавекам, які займаўся гэтымі справамі: раней ён працаваў на тэлебачанні, потым выхрысціўся ў праваслаўе і заняўся бізнэсам у РПЦ.

Я быў аднойчы ў даволі шматлюднай кампаніі госцем Мітрапаліта ў памяшканні новай епархіі. Ён вельмі хораша спяваў і спрабаваў навучыць ахвочых гасцей шматгалосаму спеву велічальных куплетаў.

Няхай ён знойдзе добры спачын у беларускай зямлі. Праўда, я не ведаю, дзе ён будзе пахаваны. Ягоны бацькоўскі дом у Яраслаўлі, па-мойму, захаваўся да сённяшняга дня.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях