28 марта 2024, четверг, 17:25
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аўтар песень «Жыве Беларусь» і «Мы не народзец»: Словы пачулі ад людзей на кухнях

2
Аўтар песень «Жыве Беларусь» і «Мы не народзец»: Словы пачулі ад людзей на кухнях

Гурт Tor Band — музычнае адкрыццё гэтага лета.

Пакуль многія музыкі занялі пазіцыю чакання і, калі і падтрымлівалі народны рух, то толькі іншасказальна і намёкамі, то гэтыя хлопцы наўпрост рыфмавалі тое, што прабівала аўдыторыю на слёзы.

«Мы не быдло, стадо и трусы, мы живой народ — мы белорусы», — многія аўтаматычна прачытаюць гэтыя словы пад мелодыю.

Дагэтуль малавядомы гурт прэтэндуе на тое, каб асобныя іх песні сталі нефармальнымі гімнамі новай Беларусі, фактычна гэта ўжо адбылося: «Жыве Беларусь», «Мы не народец» ужо цяпер абганяюць па папулярнасці Цоя, калі лічыць статыстыкай суб'ектыўныя аўтарскія назіранні гукаў з вокнаў у спальніках.

У кліпаў на Ютубе мільённыя прагляды.

Дык хто такія гэтыя людзі — Tor Band?

Заснавальнік гурта, рагачоўскі фатограф Дзмітрый Галавач адказаў на некаторыя пытанні «Нашай Нівы».

- Што значыць назва гурта?

- Тор — гэта бог грому і маланкі ў скандынаўскай міфалогіі, які абараняе людзей ад веліканаў і пачвар. А «бэнд» — гэта музыкальны калектыў. Таму атрымалася Tor Band. У калектыве два сталыя чалавекі — гітарыст і барабаншчык.

- Хто вы?

- Мы — музыкі са стажам, але для нас музыка — гэта адпачынак. Мы не канкуруем з тымі, хто на музыкальным Алімпе. Да гэтага часу творчасць была асабістай — той, хто праслухае ўвесь рэпертуар, зразумее.

Мы не любім гаварыць пра сябе, мы гаворым аб тым, што хвалюе людзей. Заняткі ў нас такія ж, як у простых беларусаў: прачнуліся — на работу. У суботу і нядзелю — выхадныя, сям'я.

Так, да падзей 2020 года мы не былі шырока вядомыя, ну а цяпер сталі. А чаму? Таму што падтрымалі людзей, якія дакладна не падобны да маргіналаў і злачынцаў. Усе тэксты — народныя, мы толькі рэтранслятары.

- Як вы пісалі тэкст песні «Мы не народзец?»

- Я калі яшчэ вучыўся ў Магілёўскай вучэльні культуры, прыкмеціў, як людзі шукалі па глыбінцы аповеды і павер'і старых. Мяне зачапіў такі падыход. І ў творчасці, праз 20 год, я ім скарыстаўся. Я сабраў песню з тых цытат і тэзісаў, якія чуў ад людзей. Кожны кажа гэтыя словы сам сабе, на кухнях, у кампаніях. Мой унёсак — прывёў іх да рыфмы. Таму песня і пайшла ў народ, бо выйшла з яго.

- Вы разумееце, наколькі цяпер людзям патрэбна тое, што вы робіце?

- Наша мэта — падтрымка стабільнага эмацыйнага стану нашага народа. Бо тое, што адбываецца… без блізкіх сэрцу песень тут не абысціся. Мы ж таксама перажываем і хвалюемся, усё прапускаем цераз сябе, як і ўсе, адзінае, што выказваем гэта вось так, як можам — у творчасці. Я спадзяюся, што хутка такіх песень ужо не спатрэбіцца, бо часы стануць іншыя, гэта скончыцца, і заўзець мы ўсе будзем за іншае.

- Што вы адчуваеце, калі бачыце, як цэлы аўтобус спявае вашу песню па дарозе з мітынгу ці проста так?

- Гонар. Бярэ гонар за свой народ, прыходзіць разуменне, што не дарма Бог уклаў у вусны словы, а ў рукі — музычны інструмент. Што можа быць лепш для музыкантаў, калі ў адказ на гвалт людзі спяваюць нашы песні ўсё гучней і магутней?

- Вам вядомыя гісторыі, калі ваша музыка не проста натхняла, а дапамагала людзям?

- Самы кранальны водгук прыйшоў ад дзяўчыны, якая ў першыя дні трапіла на Акрэсціна. Яна напісала нам, што як мантру паўтрала пра сябе словы: «Жыве мая воля, жыве, як ніколі». Яна сказалі, што песня была ў яе галаве трое сутак, што яна дапамагла ёй прайсці ўсё тое, што з імі выраблялі, і не зламацца. Ды і для многіх так было, калі чалавек сам насам з сабой, то ён уключаў песню на ўнутраны прайгравальнік і трымаўся. Былі выпадкі, калі хлопцы ставілі на тонінг «Мы не народзец», траплялі ў засценкі, блізкія званілі ім, не маглі дазваніцца, але чулі ў трубцы гэтую песню — ім гэта маральна надавалі сілаў, падтрымлівала дух. Гэта тое, што нам расказвалі.

- Як вы здымалі сваю песню-гімн «Жыве Беларусь»? Што за людзі ў кліпе?

- Вы бачыце, што ў кліпах мы паказваем простых людзей, нават сябе не асабліва падкрэсліваем, толькі эмоцыі. На кліп «Мы не народзец», па шчырасці, аўтарскія запісы прысылалі не вельмі ахвотна, бо запісвалі мы яго яшчэ ў красавіку, да затрыманняў, не было яшчэ такога пад'ёму, не было разумення, наколькі нас шмат, людзі думалі, што яны белыя вароны.

А на «Жыве Беларусь» кінулі невялікі кліч — з усёй краіны прыехалі людзі, але не ўсе, што хацелі. Многія крыўдавалі, што не ведалі, а так бы абавязкова падцягнуліся.

Мы проста выйшлі ў поле, было 2 гадзіны да заходу сонца, пайшоў дождж, але ён толькі дадаў атмасфернасці. Мы знялі, захацелася неяк аддзячыць хлопцам, у багажніку знайшлася акустычная гітара — і мы далі міні-канцэрт у знак падзякі.

Ну а жонкі, якіх не бачна ў кадры, забяспечылі нас клопатам і ежай.

І не важна, хто там быў: і доктар, і повар, і сантэхнік, і завадчанін.

Мы ўсе зразумелі, што мы хочам і можам, самае галоўнае, жыць у новай Беларусі, мы навучыліся гаварыць адзін з адным без пасярэднікаў, зразумелі, што ўсе мы — спачатку беларусы, якія павінны дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго, а ўжо потым — усё астатняе.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях