28 марта 2024, четверг, 13:32
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як войска Рэчы Паспалітай на чале з каралём Сьцяпанам Батурам вызваліла Полацк ад маскоўцаў

1
Як войска Рэчы Паспалітай на чале з каралём Сьцяпанам Батурам вызваліла Полацк ад маскоўцаў

30 жніўня 1579 года адбылася бітва за нашу старажытную сталіцу.

Полацак знаходзіўся ў руках маскоўскага цара Івана Жахлівага больш за шаснаццаць гадоў - ад 1563 да 1579 года, піша jivebelarus.net.

Нашу старажытную сталіцу маскоўцы зрабілі стратэгічным цэнтрам сваіх планаў заваёвы Беларусі. Вынішчыўшы або вывеўшы ў палон значную частку палачан, акупанты асадзілі ў горадзе моцны гарнізон. Стральцы атабарыліся тут нават з сем'ямі, абнавілі ўмацаванні, разбудавалі новыя. Яны мелі шматлікую артылерыю, вялікія запасы пораху і харчоў.

Вайна гэтая была для Беларусі надзвычай спусташальнай. Паводле словаў віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, "вораг быў на нашым хрыбце". Ён руйнаваў гарады, паліў вёскі, забіваў нявінных людзей, выганяў на чужыну. Справіцца з ім нашаму войску аднаму было вельмі цяжка. Таму давялося прасіць дапамогі ў палякаў.

I вось у 1569 годзе ў польскім горадзе Любліне было падпісанае па-гадненне аб вуніі (аб'яднанні) Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. Гэтае аб'яднанне называлася Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.

Беларусь, высільваючыся, змагалася з маскоўскай навалай. Становішча карэнна змянілася пасля таго, як у 1576 годзе нашым вялікім князем і польскім каралём стаў таленавіты палітык і военачальнік Стэфан Баторый. Ён урачыста паабяцаў вярнуць усе захопленыя ворагам землі.

Першы вызваленчы паход пастанавілі павесці на Полацак. Частка магнацтва схілялася да таго, каб засяродзіцца на вайне ў Інфлянтах. Але менавіта гэтага і чакаў Іван Жахлівы, сцягнуўшы большасць войскаў у Пскоў. Да таго ж Прыбалтыка была ўжо нагэтулькі спустошаная, што не магла пракарміць вялікае войска. Кароль настояў на полацкім кірунку, бо гэта было б нечаканасцю для цара. Акрамя таго, Полацак быў ключом да ўсяго Падзвіння, і яго вызваленне вельмі аслабіла б пазіцыі маскоўцаў у Латвіі і Эстоніі.

Улетку 1579 года саракатысячнае войска сабралася ў Свіры на Мядзелынчыне. Гэта была найлепшая пяхота і конніца нашай краіны, а таксама Польшчы. Былі там і вопытныя ваяры-найміты з Вугоршчыны і Нямеччыны, некалькі тысяч украінскіх казакоў. Большасць збройнай моцы Стэфана Баторыя складалі беларусы, бо менавіта наша радзіма знаходзілася тады ў небяспецы. Дзеля яе выратавання рваліся нашыя прадзеды на бітву.

У Свіры былі зроблены агледзіны аб'яднанага войска. Тут гаспадар (так называлі нашага вялікага князя) заклікаў сваіх жаўнераў ахвяравацца дзеля вызвалення Айчыны. Звярнуўся ён і да насельніцтва земляў, куды кіраваў сваё войска. Тлумачыў, што падымае меч на цара маскоўскага, а не на мірных людзей. Жадае перамогі, а не разбурэння і бескарыснага праліцця крыві. I сваё слова стрымаў. Нават расейскія гісторыкі прызнавалі пазней, што не было ніколі вайны такой літасцівай да земляробаў і гараджан, як гэтая Баторыя.

З Свіры доўгія калоны пяхотнікаў, харугвы кавалерыі, артылерыя, абозы, аточаныя лёгкімі заслонамі вершнікаў, рушылі на ўсход. Ішлі тым старадаўнім полацкім шляхам, па якім хадзіў некалі на Маскву вялікі князь Альгерд. Адначасова, апераджаючы войска, паімчаў ганец з лістом да Івана Жахлівага. У гэтым лісце Стэфан Баторый па-рыцарску папярэджваў непрыяцеля аб пачатку ваенных дзеянняў.

Паход выдаўся цяжкім. Ішлі безупынныя дажджы, і гліністыя дарогі Полаччыны раскіслі. Грузлі абозы, гарматы, коні. Толькі 4 жніўня перадавыя загоны падышлі да стара-даўняй сталіцы. Затым падцягнуліся асноўныя сілы, і пачалася аблога.

Задача здабыць Полацак была нялёгкая. Перад нашым войскам знаходзіўся горад, спрадвеку славуты сваімі ўмацаваннямі. Аснову абароны складалі замкі на стромкіх бера-гах, абкружаныя Дзвіной і Палатой. Яны былі ўмацаваныя высокімі насыпанымі валамі, драўлянымі сценамі і шматлікімі вежамі. Драўляныя ўмацаванні па нізе былі абкладзеныя дзёрнам, каб засцерагчы ад падпалу. Там, дзе не было ракі, замкі абкружалі глыбокія равы з вадой. Дый гарнізон быў немалы: налічваў 6 тысяч маскоўцаў. Да таго ж і ў іншых мясцінах Полаччыны знаходзілася некалькі моцных маскоўскіх цвердзяў з вялікімі гарнізонамі. У адным толькі Сокале, што ляжаў на паўночны захад ад Полацка, было каля 6 тысяч стральцоў.

Як толькі замкнуўся фронт аблогі Полацка, наша артылерыя пачала абстрэл горада. Маскоўцы не вытрымалі, падпалілі шчыльную драўляную забудову і адступілі ў замкі, прысягаючы сабе трымацца да канца. А каб адрэзаць шляхі да перамоваў, ваяводы загадалі забіць некалькі палонных беларусаў. Трупы іх прывязалі да бёрнаў і ўкінулі ў Дзвіну на вочы літоўскаму войску.

Здавалася, што маскоўцам спрыяла само неба. Бо дзень пры дні ліў дождж. Абарончыя равы перапоўніліся вадой. А драўляныя сцены і вежы так намоклі, што іх нельга было падпаліць нават нагрэтымі да чырвані ядрамі. Такое працягвалася блізу трох тыдняў.

Маскоўскі цар, баючыся за сваё жыццё, большасць войскаў трымаў пры сабе ў Пскове. Але некалькі тысяч усё ж паслаў на дапамогу. Аднак тыя не змаглі прабіцца да Полацка, бо шлях ім заступіў Мікалай Радзівіл Руды. Ды зацягваць аблогу было небяспечна - вораг мог апамятацца.

Нарэшце сціхлі дажджы і раз'яснела неба. Пад гарачым летнім сонцам хутка сохлі сцены. I вось 27 жніўня пачаўся штурм горада. Смелякі пад градам куляў кідаліся да ўмацаванняў, каб падпаліць іх, і гінулі. Нарэшце аднаму мешчаніну з Альбова (гэтак беларусы даўней называлі Львоў) удалося прарвацца да вежы, адкінуць дзёран і ўсунуць між бярвеннем жар. I дрэва запала-ла! Сам жа герой, лёгка паранены ў руку, вярнуўся да сваіх. Ён адразу атрымаў ад Стэфана Баторыя шляхоцкую годнасць і адпаведнае прозвішча - Палацінскі (па назове рэчкі Палата). Атрымаў таксама герб, на якім была намаляваная рука з паходняй, прабітая стралой.

Занялося полымя і ў іншых месцах. I на сцены, заахвочаная самім каралём, кінулася вугорская пяхота. Пайшлі ў наступ іншыя харугвы. Некаторым ваярам удалося нават прасекчыся праз маскоўскія сціжмы за сцены. Аднак у першы дзень штурму вызваліць горад не дазволіў пажар на ўмацаваннях і супраціў гарнізона.

За ноч маскоўцы здолелі патушыць агонь. Але назаўтра распаленымі ядрамі замкі зноў удалося пад паліць у шмат якіх месцах. Усчаўся вялізны пажар, бачны на дзесяткі кіламетраў навокал. Да таго ж артылерыя літаральна засыпала стральцоў ядрамі. На сцены зноў і зноў па штурмавых лесвіцах уздзіраліся баторыеўскія ваяры. I маскоўскі гарнізон захістаўся. Стральцы запатрабавалі ад сваіх ваяводаў спыніць супраціў. Тыя напачатку не пагаджаліся, кажучы: "Баімся не злосці Сцяпанавай, а гневу царскага". Але не яны ўжо былі гаспадарамі сітуацыі. І 30 жніўня змушаныя былі скласці зброю.

Так літаральна за трое сутак актыўных і несупынных штурмаў было скончана з маскоўскім супрацівам. "I гэтак Полацак, слаўная сталіца княжат даўных, з рук маскоўскіх выдзертая ёсць", - занатаваў беларускі летапісец. Зноў стаў вольным бацька гарадоў беларускіх і калыска беларускай дзяржаўнасці!

Па вызваленні Полацка Баторый паслаў пад Пскоў лёгкую конніцу - трымаць у яшчэ большым страху цара і сачыць перамяшчэнні маскоўскіх палкоў. Значная ж частка войска на чале з Радзівілам пайшла да Сокала і ўзяла ў аблогу яго гарнізон. На пяты дзень былі падпаленыя вежы, запалала драўляная забудова за сценамі. I крэпасць ператварылася ў суцэльнае пякельнае вогніш-ча. Ратуючыся ад агню, маскоўцы выйшлі з-за ўмацаванняў на адчайны прарыў аблогі. Але не здолелі. Нашы ваяры самі праламаліся ў цвердзь і ў шалёнай сечы паклалі блізу чатырох тысяч чужынцаў.

Пасля вызвалення Полацка ад захопнікаў ачысцілі бальшыню ўсходнебеларускіх земляў. Наступныя паходы Стэфана Баторыя на Вялікія Лукі (1580 год) і Пскоў (1581 год) прывялі да адыходу акупацыйных войскаў з Прыбалтыкі. I цар, які яшчэ нядаўна намерваўся прысабечыць велізарныя абшары, папрасіў замірэння. Масква адмаўлялася ад усіх сваіх заваёваў у Беларусі, Латвіі і Эстоніі. Больш за тое, да Вялікага Княства вяртаўся старадаўні беларускі горад Вяліж з акругай.

Але Стэфан Баторый не намерваўся спыняцца на дасягнутым. Бо, уступаючы на віленскі вялікакняскі пасад, ён абавязваўся вярнуць нашаму гаспадарству ўсе захопленыя суседзямі землі. I толькі смерць вялікага ваяра ў 1586 годзе перашкодзіла ягонаму вызваленчаму паходу на Смаленск, захоплены маскоўцамі яшчэ ў 1514 годзе.

Інфлянцкая (Лівонская) вайна была чарговым крывавым эпізодам у шматвяковым змаганні нашых продкаў на ўсходніх рубяжах.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях