19 апреля 2024, пятница, 19:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Мільярд, закатаны ў цэмент

1
Мільярд, закатаны ў цэмент

Колькi каштавала Беларусi некампетэнтнасць уладаў.

Белстат паведаміў пра значны рост вырабу і экспарту будаўнічых матэрыялаў у першым квартале гэтага года. Між тым, прыемныя лічбы не павінны ўводзіць у зман. Напрыклад, такая стратэгічна важная для будаўнічай галіны цэментная прамысловасць у Беларусі — адна з самых стратных.

Праблема з ёй трывалая, як сам той цэмент: на працягу многіх гадоў, нягледзячы на агромністую дзяржаўную падтрымку. Сітуацыя вельмі ілюстрацыйная для нашай эканомікі.

Цэмент і будаўнічыя матэрыялы з яго ў Беларусі вырабляюць тры заводы, аб’яднаныя ў холдынг «Беларуская цэментная кампанія». Беларускі цэментны завод базуецца ў райцэнтры Касцюковічы на Магілёўшчыне, да яго належаць у якасці філіялаў Мінскі камбінат сілікатных вырабаў, «Магілёўжалезабетон» і «Оршабудматэрыялы». Завод «Крычаўцэментнашыфер» месціцца, адпаведна, у Крычаве Магілёўскай вобласці і мае філіяламі «Наваполацкжалезабетон», «Рагачоўжалезабетон», «Маладзечнажалезобетон» ды іншыя. Нарэшце, прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы» працуе ў Ваўкавыскім раёне на Гродзеншчыне, у яго структуру таксама ўваходзяць шэраг філіялаў. Ён, дарэчы, знакаміты сваімі крэйдавымі кар’ерамі з блакітнай вадой, якія называюць беларускімі Мальдзівамі.

Трывалая стратнасць

Больш за дзесяць гадоў таму, у час будаўнічага буму, калі нават здараліся перабоі з цэментам, улады Беларусі вырашылі правесці маштабную дарагую мадэрнізацыю згаданых заводаў. Яна палягала ў тым, каб павялічыць магутнасці за кошт укаранення новых ліній з тэхналогіяй вытворчасці цэменту «сухім спосабам». Пры «мокрым спосабе» здрабненне сыравінных матэрыялаў, іх змешванне і карэктаванне сумесі здзяйсняецца з дапамогай пэўнай колькасці вады. «Сухі спосаб» азначае, што гэтыя аперацыі адбываюцца з сухімі матэрыяламі. А вырабляецца цэмент, калі коратка, так: сумесь вапны ды гліны абпальваюць пры супервысокіх тэмпературах, дадаюць вяжучыя рэчывы, затым здрабняюць і дадаюць рэчывы кшталту гіпсу, якія адказныя за застыванне.

Мадэрнізацыя цэментных заводаў мела таксама на мэце зрабіць вытворчасць энергазберагальнай — з пераходам ад газу на значна больш таннае пылавугальнае і тарфяное паліва, мясцовае і невалютазатратнае. Што вельмі важна, бо энергія складае да двух трацін сабекошту вырабу цэменту. Таксама як паліва выкарыстоўваюцца зношаныя аўтамабільныя шыны і прасунутае RDF-паліва, якое атрымліваецца з цвёрдых бытавых адходаў (іх перабіраюць, выдаляюць арганіку, а гаручыя часткі кшталту кардона, гумы ці дрэва здрабняюць і прэсуюць).

Мэтамі Праграмы эфектыўнага выкарыстання магутнасцяў арганізацыяў цэментнай прамысловасці на 2015–2020 гады былі пазначаны зніжэнне сабекошту вытворчасці цэменту і адпускных коштаў на яго, забеспячэнне высакаякасным цэментам будаўнічага комплексу і, адпаведна, зніжэнне сабекошту ўзвядзення будынкаў, нарошчванне экспарту цэменту і прадукцыі, якая яго ўтрымлівае. Напрыклад, у 2012 годзе сярэдні сабекошт вытворчасці на трох нашых цэментных заводах быў 88 долараў за тону цэменту. У замежных канкурэнтаў — 55–60 долараў. Нават з улікам выдаткаў у памеры 10–15 долараў на транспарціроўку імпартнага цэменту на беларускі рынак, ён выцясняў наш.

Сабекошт у выніку мадэрнізацыі ўдалося істотна знізіць — нават удвая, аб’ём вытворчасці прадукцыі павялічыць так, каб забяспечваць унутраныя патрэбы цалкам, і каб рос экспарт. Але заводы працягваюць працаваць са стратамі з года на год. Не стаў выключэннем і 2019-ты, нягледзячы на значныя рост выручкі і зніжэнне ўзроўню стратнасці. Але вынікова яна засталася даволі вялікай. Беларускі цэментны завод і «Крычаўцэментнашыфер» скарацілі летась страты ажно амаль на 90%, але яны нікуды не падзеліся — мінус 9 і 17 мільёнаў рублёў. «Краснасельскбудматэрыялы» страты знізілі на прыкладна 80% — да 27 мільёнаў рублёў.

Пралік мадэрнізацыі

Рашэнне аб мадэрнізацыі прымалася ў сярэдзіне 2000-х гадоў, зважаючы на пікавы попыт у ЕС і на постсавецкай прасторы. Хаця многія адмыслоўцы папярэджвалі, што адбудзецца істотнае зніжэнне попыту, да ўсяго ў той самай Расіі пачалі актыўна пераабсталёўваць свае старыя заводы і будаваць новыя. На правядзенне мадэрнізацыі прыцягнулі кітайскія крэдыты. Звязаныя — то-бок, абсталяванне закуплялася тамтэйшае і ўсталёўвалі яго будаўнікі з Паднябеснай. У выніку мадэрнізацыя зацягнулася і праз шэраг праблемаў абышлася даражэй, чым меркавалася. Калі яна завяршылася, выявілася, што і попыт упаў, дый канкурэнты занялі тыя нішы, на якія разлічвалі беларусы.

Запазычанасць па крэдытах, якія трэба аддаваць, роўная 1,2 мільярда долараў, а магутнасці загружаныя толькі на тры чвэрці, рэнтабельнай працы не наладжана. У выніку дзяржава працягвае кожны год выпісваць цэментным заводам беспрэцэдэнтныя палёгкі. Летась указам Лукашэнкі ім прадставілі адтэрміноўкі і растэрміноўкі па даўгах на 10–20 гадоў, вызвалілі на працяглы час ад шэрагу падаткаў. Таксама было ўведзена ліцэнзаванне імпартнага цэменту — каб падтрымаць такім чынам сваіх вытворцаў (нярэдка забудоўшчыкі, перадусім прыватныя, закупляюць не беларускі, а цэмент краінаў Балтыі, бо ён больш якасны і танны). Таксама прадстаўлялася цэментным заводам фінансавая падтрымка з дзяржаўнага бюджэту — і на гэтыя сумы павялічвалася доля дзяржавы ў іх. Дарэчы, інвестары цікавяцца нашымі цэментнымі заводамі. У прыватнасці, ірландскі канцэрн CRH вёў перамовы па набыцці «Краснасельскбудматэрыялы». Не сышліся на кошце. Бо беларускі бок хоча, апрача інвестыцый, і пагашэння немалога «краснасельскага» доўгу, і традыцыйна сацыяльную нагрузку на інвестара ўскласці.

І ўжо сёлета выйшла пастанова ўраду, якая забяспечыла тром цэментным заводам гарантаваны збыт унутры краіны. Дзяржарганізацыі абавязалі заключыць з заводамі дамовы аб пастаўках 3,5 мільёна тонаў цэменту. А шэраг дзяржорганаў павінны забяспечыць спажыванне цэменту для аб’ектаў транспартнай інфраструктуры на 400 тысяч тонаў. Каб зразумець, якая гэта палёгка заводам што да збыту, скажам, што летась у Беларусі было выраблена 4,7 мільёна тонаў цэменту. На экспарт пайшло 1,5 мільёна, што, дарэчы, на 10% меней за 2018 год.

Цэментная вайна з Украінай

Лічбы першага кварталу па вытворчасці і экспарце ўсцешныя. Выраблена яго на 12% болей, чым за аналагічны перыяд 2019 года. Экспартныя пастаўкі павялічыліся на 27%. Пры гэтым у Расію — на 64%, Польшчу — на 65%, Латвію — на 112%. А вось ва Украіну пастаўкі перапыніліся яшчэ ўлетку 2019 года пасля таго, як наша паўднёвая суседка ўвяла высокія (па сутнасці, забарончыя) антыдэмпінгавыя пошліны супраць шэрагу краін, у тым ліку Беларусі. Давялося заняцца дыверсіфікацыяй экспартных паставак.

Украінцы ўстрывожыліся пасля таго, як у 2017 годзе пастаўкі нашага цэменту туды значна выраслі. Было заяўлена, што беларускі цэмент завозіцца не па рынкавых коштах, якія ўдаецца трымаць нізкімі праз дзяржпадтрымку і дзякуючы выкарыстанню таннага «палітычнага» расійскага газу. Хаця, як мы ўжо казалі, ад газу ў сваёй працы цэментныя заводы амаль адмовіліся. Таксама прагучала абвінавачванне, што беларускі цэмент завозіўся па фіктыўных сертыфікатах. Дарэчы, ва Украіне ёсць праблема фальсікаванага цэменту, калі ён закупляецца і расфасоўваецца для продажу насельніцтву недзе ў гаражах з дадаваннем, напрыклад, попелу. Таксама ўкраінскія вытворцы цэменту абвінавацілі і свае ўлады ў тым, што тыя іх не абараняюць і дапускаюць продаж беларускага цэменту па коштах у паўтара разы танней, чым у самой Беларусі. Наша Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры ўсе названыя прэтэнзіі адпрэчыла, як і абвінавачванне ў перашкодах для продажу ў нашай краіне ўкраінскага цэменту.

Што да круцялёў з пастаўкамі цэменту, то на непразрыстыя схемы ўказваў і Камітэт дзяржкантролю. Адну з прычынаў, чаму, нягледзячы на вялізную дзяржпадтрымку, не ўдаецца дамагчыся фінансавай устойлівасці цэментных заводаў, КДК убачыў у неабгрунтаваным пасярэдніцтве пры закупах сыравіны для вытворчасці і пры продажы цэменту. Былі выкрытыя пры гэтым і крымінальныя пасярэдніцкія схемы. Зрэшты, карупцыя ў будаўнічай галіне — асобная балючая тэма.

Міраслаў Гажэцкі, «Новы час»

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях