29 марта 2024, пятница, 9:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Малыя беларусы на фотаздымках часоў Першай сусьветнай вайны

3
Малыя беларусы на фотаздымках часоў Першай сусьветнай вайны
Дзеці з Валожыншчыны, 1916 год

1 чэрвеня ва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей.

Унікальныя здымкі беларускіх дзетак у аб’ектыве нямецкіх салдатаў падчас Першай сусьветнай вайны са збору дасьледчыка Ўладзімера Багданава, перадает «Радыё Свабода».

1 чэрвеня ва ўсім сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Сёлета акурат 70 гадоў, як гэта стала традыцыяй.

Такая дата афіцыйна заснаваная рашэньнем Кангрэсу дэмакратычнай фэдэрацыі жанчын у лістападзе 1949 году ў Парыжы. Упершыню International Children’s Day адзначылі ў 1950-м, пасьля чаго сталі гэта рабіць штогод.

Хлопчык-бежанец у Баранавічах, 1917 год

Дэкляраваная мэта — напамін дарослым пра неабходнасьць выкананьня правоў дзяцей на жыцьцё, захаваньне індывідуальнасьці, свабоднае выказваньне, свабоду думкі, сумленьня і рэлігіі, адукацыю, адпачынак і вольны час; абарону ад фізычнага і псыхалягічнага гвалту, эксплюатацыі дзіцячай працы як абавязковых умоў для фармаваньня гуманнага і справядлівага грамадзтва.

Архаічны ўсход

Правы і свабоды маленькіх грамадзянаў улічваліся далёка не заўсёды. Самыя безабаронныя прадстаўнікі соцыюму станавіліся ахвярамі глябальных войнаў, этнічных і рэлігійных канфліктаў, нястачы і голаду, прымусовай працы і зьдзекаў. Стагодзьдзі, цягам якіх дзеці заставаліся расходным матэрыялам у спрэчках дарослых.

Беларускія вучні нямецкай школкі, 1917 год
Дзеці з-пад Драгічына, 1916 год

Архівы Ўладзімера Багданава, дасьледчыка падзеяў Першай сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, зьмяшчаюць падборку ўнікальных фатаздымкаў. На іх маленькія беларусы ў антуражы Вялікай вайны, як называлі маштабнае супрацьстаяньне тагачасных імпэрый.

Тыя карткі зробленыя нямецкімі салдатамі і афіцэрамі, якія вярнуліся дадому з «дэмбельскімі альбомамі». (У Расеі з фатаграфічным абсталяваннем было горш, дакумэнтальных сьведчаньняў захавалася значна меней.) Некаторая частка ілюстрацыйнага матэрыялу дагэтуль трапляе на заходнія аўкцыёны, дапамагаючы скласьці ўяўленьне пра ваеннае ліхалецьце.

Шматдзетная сям’я ў Баранавічах, 1917 год
Дзеці абіраюць бульбу для нямецкай палявой кухні, 1917 год

Відавочна, што салдатам антырасейскай кааліцыі ўсход здаваўся дрымучым, архаічным краем. Асабліва што тычыцца сельскай мясцовасьці, дзе жыла большая частка насельніцтва: крытыя саломай хаты, у якіх людзі часта туліліся побач з жывёламі, шматлікія босыя і брудныя дзеці, якія працавалі нароўні з бацькамі.

Але, адрозна ад Другой сусьветнай, тады гэты інтарэс ня меў праяваў жорсткасьці ў дачыненьні да цывільных. Ваявалі арміі, а жыцьцё ў тыле ішло сваім парадкам. Нездарма так шмат выяваў, дзе германцы забаўляюцца зь дзецьмі, частуюць іх ласункамі, дапамагаюць лекамі і нават ладзяць кінасэансы.

Вайсковы аркестар у вёсцы Круплі на Івейшчыне
Малыя працаўнікі на вузкакалейцы у Смаргонях

Для сябе тую хроніку Ўладзімер Багданаў падзяляе на дзьве групы. Першая зьвязана з актыўнымі баявымі дзеяньнямі. Другая — пра існаваньне ва ўмовах пазыцыйнай вайны ўздоўж лініі фронту.

«Разбураныя гарады, спаленыя вёскі. Бежанцы, якія не пасьпелі адысьці ў тыл. Зразумела, нічога добрага чакаць не выпадае. Вартыя жалю дзеці, абы-як апранутыя; галодныя беспрытульнікі з цыгаркамі. Жах вайны напісаны на дзіцячых тварах, на многіх балюча глядзець. Але за 2,5 года ўсталявалася лінія фронту, жыцьцё вярнулася. Засейваліся палеткі, трымалі скаціну. Дзеці не па зямлянках, а жывуць у хатах, маюць прынамсі самае неабходнае».

Бежанцы зь дзецьмі
Дзеці з ваколіц Пінску

Паводле дасьледчыка, многія германскія палкі — найперш ландвэрныя, ландштурмавыя — фармаваліся так званым другім прызывам. А таму былі ўкамплектаваныя сталымі мужчынамі, часам нават у гадах. Дома ў іх засталіся ўласныя дзеці, галовы сем’яў сумавалі. Адсюль і такое замілаваньне чужымі малымі.

Інтэрнацыянальныя дзеці

Трэба сказаць, малыя на чалавека зь невядомым прыстасаваньнем рэагавалі зь цікаўнасьцю. Дзяўчаткі дык нават прымалі позы, станавіліся на дыбачкі, каб падцягнуцца ростам да хлопцаў.

Малыя насельнікі Лідчыны
Сялянскі двор пад Іўем

«Дастаткова зірнуць на сьвяточныя паштоўкі з Фатэрлянду: жонка, дзеці віншуюць мужа і бацьку, якога вайна ад іх адарвала. Натуральна, тыя сумуюць па сваіх сынах, дочках і экстрапалююць пачуцьці на тых, хто ёсьць побач. Я размаўляў з роднымі бабуль, дзядоў, якія пераказвалі іх гісторыі — мабыць, для чалавечай памяці ўласьціва пакідаць добрае, а ня кепскае. Найперш успамінаюць, як немцы падкормлівалі, асабліва салодкім, цукеркамі. Тады ўвогуле з харчамі было туга, а тут такія ласункі».

Але ня страўнікам адзіным. Тыя ж кайзэраўцы далучалі тубыльцаў да выгод цывілізацыі. Насыпалі дарогі, клалі ходнікі, праводзілі электрычнасьць. А кульмінацыяй стаў сінэматограф, згадвае Ўладзімер Багданаў гутарку з палескім старажылам.

Школка пры палявым лязарэце ў Навасёлках, Івейшчына
Нямецкі салдат і дзеці, Вялікая Олься на Пастаўшчыне

«Адзін зь яскравых успамінаў маёй вуснай калекцыі — як глядзелі кіно. — Дзядзька-паляшук сакавіта пераказваў аповед бабулі, як немцы сабралі дзяцей, нацягнулі прасьціну, раздалі цукеркі. Чакаюць. І тут з прасьціны пасунулася нейкая пачвара — хрэстаматыйная сцэна прыезду цягніка ад братоў Люм’ер. Натуральна, піск, крык, усе ўрассыпную. Усюды людзі аднолькавыя, беларускія дзеці таксама напалохаліся. Потым ужо не маглі дачакацца сэансу. Акрамя таго, расказваюць, што нямецкія лекары аказвалі тутэйшым мэдычную дапамогу, бо сваіх толкам не было».

Пляц у Ліпнішках на Івейшчыне
Дзед з унучкай, вёска на Бярэзіне

Уладзімер Багданаў упэўнены, што аналягічнае, а можа, і больш цёплае стаўленьне да мясцовага насельніцтва было і з расейскага боку ад лініі фронту. Праўда, падмацаваць ідылію дакумэнтальна дастаткова складана — фотаархівы аб’ектыўна не такія багатыя, як у немцаў.

Такім чынам, амаль тры гады, цягам якіх то актывізоўвалася, то затухала баявая фаза, і расейскія, і нямецкія салдаты суседнічалі зь беларускімі вяскоўцамі. Яшчэ адзін спосаб збліжэньня з дэмаграфічнымі наступствамі — інтэрнацыянальныя дзеці.

Баранавіцкія падлеткі
Хлопчыкі гуляюць у вайну

«Маладыя хлопцы-вайскоўцы, такія ж беларускія дзяўчаты — зразумела, усялякае здаралася. Думаю, што наступствы, якія можна аднесьці да дзіцячай тэмы, мелі лягічны працяг і пасьля вайны.

Праз мае рукі праходзіў здымак з Нацыянальнага гістарычнага музэя — вясельле расейскага салдата зь беларускай. Дык вось згадваю „дакладную“ мясцовага бацюшкі камандзіру палка. Зьмест прыкладна такі: служыць у вас баец, які загуляў з нашай дзяўчынай. Ёй 16 гадоў і яна чакае дзіця. Паколькі гэта нядобра, дазвольце ім абвянчацца. Яскравы доказ, што жыцьцё не спынялася».

Вайна прафэсіяналаў

Кожны раз, абнародуючы фатакарткі з выявамі рэальных дзяцей таго часу, Уладзімер Багданаў спадзяецца на цуд — мо нарэшце нехта са сваякоў пазнае ў старых выявах сваіх прабабак, прадзедаў, суседзяў, аднавяскоўцаў. І калі такое здарыцца, праца нямецкіх фатографаў атрымае гістарычны бонус праз стагодзьдзе пасьля выправы на вайну.

Вясельле беларускі і салдата-сібірака пад Ляхавічамі, 1917 год
Нямецкія салдаты зь дзецьмі. Вялікая Олься, 1916 год

«Калі прыкінуць, на гэтых здымках дзеці прыкладна 1910 году нараджэньня, плюс-мінус. Адпаведна, бабкі, дзяды для цяперашніх беларусаў некрытычнага ўзросту — каму 55-65 гадоў. Можа здарыцца, што ў сямейных альбомах ёсьць такі ж дублікат, пакінуты ў хаце нямецкім салдатам. Тыя дзеці Вялікай вайны найбольш набліжаныя да нашага часу, бо былі яе сьведкамі, перакрочылі ў другую палову ХХ стагодзьдзя. Астатнія генэрацыі — іх бацькі, дзяды — ужо значна далейшыя. Таму веру, што ўсё магчыма...»

Амаль два дзясяткі гадоў шчыльна займаючыся вывучэньнем падзеяў Першай сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, прырастаючы дакумэнтальным матэрыялам, Уладзімер Багданаў пераканаўся: нават у такой крывавай мясарубцы армейскае камандаваньне старалася ня ўмешваць у імпэрскія разборкі цывільнае насельніцтва. Гэта якраз тое, што цалкам ігнаравалася ў наступную вайну.

Дзеці Івейшчыны
Хлопчык у хаце пад Горадняй

«Тыя кампаніі цяжка нават параўноўваць. Першая сусьветная — гэта вайна прафэсіяналаў. Ваююць вайскоўцы, мірнае насельніцтва мэтанакіравана не задзейнічана. Няма карных апэрацыяй, партызаншчыны ў яе звыклым разуменьні. Тагачасныя партызаны — армейскія дывэрсійныя атрады, якія закідваюцца ў тыл ворага і там шкодзяць. Мясцовых прыцягваюць на розныя работы, моладзь могуць адправіць як рабсілу ў Нямеччыну. Але ў асноўным жывуць сваім раскладам. У пераважнай большасьці — жанчыны, дзеці. Мужчыны, калі не старыя і ня хворыя, — на тым баку лініі фронту».

Нямецкі салдат зь дзіцем. Смаргоні, 1916 год
Баба, дзед і ўнукі на Пастаўшчыне

Нярэдка мабілізаваныя беларусы аказваліся ў цікавай сытуацыі. Або іх не пасьпявалі кудысьці перакінуць, або не было такой патрэбы, але ў выніку служылі недалёка ад сваіх вёсак. Уладзімер Багданаў занатаваў гісторыю, калі салдат хадзіў праз брод на Бярэзіне (па рацэ праходзіла лінія фронту) да сваёй сям’і. Нейкі час пабудзе дома, зробіць, што трэба па гаспадарцы, і назад у разьмяшчэньне.

Так працягвалася досыць доўга, але ўрэшце яго забілі ў баі. І здарылася амаль неверагоднае: расейцы дамовіліся зь немцамі, і тыя дазволілі пахаваць узорнага сем’яніна ў роднай вёсцы...

Вёска на Бярэзіне і яе жыхары
У хаце гаспадара Юркі Дубінкі. Зарэчка пад Драгічынам

Недалёка ад акопаў жылі бацькі, жонкі, дзеці іншых беларускіх вайскоўцаў царскай арміі. Магчыма, многія таксама ўцякалі ў самаволкі. А калі ў канцы 1917 году расейская армія пад уплывам бальшавікоў пачала развальвацца і разьбягацца, беларусам дахаты было бліжэй за ўсіх.

Пякельныя кайзэраўцы

«Тая вайна была прынцыпова іншая. Безь нянавісьці, жорсткасьці да мірных людзей, хоць прапаганда ўжо працавала. Каб актывізаваць арганізаванае ўладамі бежанства, расейскія сродкі інфармацыі малявалі кайзэраўцаў пякельнымі пэрсанажамі. У адной палкавой гісторыі знайшоў успамін. Маўляў, ходзім па вёсках, людзі хаваюцца, галосяць. А як супакоіліся, павылазілі, сталі цікавіцца: „Ці сапраўдныя вы немцы“? Бо, паводле іх уяўленьня, павінны мець рогі і капыты! Ну і паступова навучыліся даволі мірна суіснаваць. У вайне нічога добрага няма і быць ня можа. Але трэба захоўваць чалавечнасьць нават у такіх умовах».

Праверка ўнука на вошы, Валожыншчына

Беларусь не была самастойнай удзельніцай Першай сусьветнай вайны, бо "Северо-западным краем" уваходзіла ў Расейскую імпэрыю. Паводле дадзеных на 1 студзеня 1914 году, на тэрыторыі Беларусі (Віленская, Віцебская, Горадзенская, Магілёўская, Менская губэрні і частка Ковенскай) жыло крыху больш за 7,5 мільёна чалавек. І большая частка этнічных земляў разам з насельнікамі апынулася ў эпіцэнтры глябальнага канфлікту.

Хлопчык-бежанец з цыгаркай. Паставы

Няма сыстэматызаваных зьвестак пра страты сярод мірнага насельніцтва. Звычайна гісторыкі апэлююць да лічбы 60 тысяч.

У гэтым пераліку загінулыя ад раненьняў, хваробаў падчас міграцыі, атручваньняў — свае наступствы мелі газавыя атакі, ад якіх пакутліва паміралі салдаты, цывільныя, свойская і дзікая жывёла, станавіліся непрыдатнымі прадукты расьліннага і жывёльнага паходжаньня.

Яшчэ блізу 50 тысяч былі вывезеныя ў Нямеччыну.

Пінскія хлопчыкі-газэтчыкі

І нават гэта — невялікія страты ва ўмовах ваеннага часу. У 1941 годзе, пасьля ўзьяднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі, колькасьць насельніцтва была ідэнтычнай сёньняшняй — больш за 9 мільёнаў. За наступныя 3 гады ваенныя і ўскосныя страты склалі 2,5-3 мільёны.

Куды большай трагедыяй для беларусаў у Вялікай вайне стала бежанства — пераважна прымусовае выпраўленьне ў расейскі тыл. Таксама без дакладных лічбаў, бо высновы дасьледчыкаў істотна вагаюцца — ад 1,5 да 2,2 мільёна. Але ў лепшым выпадку на радзіму вярнуліся паўмільёна чалавек, што ў будучыні істотна адбілася на генафондзе нацыі.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях