29 марта 2024, пятница, 18:14
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць»: 10 самых цікавых выяваў герба «Пагоня»

3
«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць»: 10 самых цікавых выяваў герба «Пагоня»

Старадаўняму сімвалу ўжо болей за 700 гадоў.

Сайт planetabelarus.by узгадваў самыя цікавыя выявы старадаўняга сімвала літвінаў-беларусаў, якому, між іншым, ужо болей за семсот гадоў.

Бадай, найстаражытнейшы з барэльефаў «Пагоні» знаходзіцца ў Кракаве, на надмагілку Ягайлы, якога палякі шануюць як свайго караля, пачынальніка дынастыі Ягелонаў, а мы таксама памятаем, што Ягайла – сын Альгерда – пачынаў сваю кар’еру менавіта як вялікі князь ВКЛ.

У былой сталіцы Вялікага княства, Вільні, знаходзіцца, напэўна, самая вядомая (або, як зараз кажуць, распіяраная) выява герба. Каб убачыць відарыс, які натхніў Максіма Багдановіча на стварэнне верша-гімна «Пагоня», прыйдзіце да віленскай Вострай брамы.

Калі ж раптам не даедзеце да Вільні, завітайце хаця б у нашыя Ружаны, дзе на цудоўна адрэстаўраванай браме палаца Сапегаў вершнік з «Пагоні» з’яўляецца самым бачным элементам вялікага герба магутнага княскага роду.

А вось герб Рэчы Паспалітай з польскімі арламі і літвінскімі «Пагонямі» можна ўбачыць у нямецкім Дрэздэне, на фасадзе знакамітага палаца Цвінгер, закладзенага паводле загаду курфюрста Саксоніі Аўгуста Моцнага. Так бы мовіць, «па сумяшчальніцтву» больш за тры дзесяцігоддзі той Аўгуст быў каралём польскім ды вялікім князем ВКЛ – адсюль тут і наш сімвал.

Таксама ў Дрэздэне «Пагоня» займае пачэснае месца сярод еўрапейскіх гербаў на сцяне пад назвай «Шэсце каралёў» – самым вялікім у свеце фарфоравым пано, складзеным з 25 тысяч плітак, і, зразумела, адной са славутасцяў горада.

Дарэчы, калісьці такі ж, як у дрэздэнскім Цвінгеры, герб упрыгожваў і каралеўскі Новы замак у Гродне (рашэнне аб яго будаўніцтве было прынята якраз пры Аўгусце Моцным). На жаль, ад таго старадаўняга сімвала застаўся толькі аскепак з «Пагоняй», які сёння ляжыць ля ўваходу ў гісторыка-археалагічны музей, што працуе ў колішнім палацы.

Можна сказаць, нейкім цудам захавалася «Пагоня» на мазаічным маёлікавым пано ўзведзенага ў 1917-м будынку пазямельна-сялянскага банка (зараз у ім працуе ветэрынарная акадэмія) у Віцебску.

Застаўся сімвал ВКЛ і на некаторых гербах беларускіх гарадоў, напрыклад, Магілёва. У 1661 годзе, падчас вайны з Масковіяй, магіляўчане ўзнялі паўстанне і цалкам знiшчылі сямiтысячны гарнiзон акупантаў – праз гэта горад ураўнавалi ў правах са сталіцай Вiльняй і ён атрымаў ад караля новы сімвал з элементам дзяржаўнага герба «Пагоня».

Многія памятаюць, як у першай палове 1990-х «Пагоня» ўпрыгожвала фасады будынку адміністрацыі Лукашэгка і Дома ўрада ў Мінску.

На старонкі замежных СМІ «Пагоня» трапіла дзякуючы візітам у Беларусь сусветных лідараў. Вось, напрыклад, вядомая ілюстрацыя да выступлення прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў Акадэміі навук Беларусі.

У нашыя дні старажытную выяву ўзброенага рыцара на кані можна сустрэць на сталічнай плошчы Дзяржаўнага сцяга – як дзейсны сімвал Віцебскай вобласці.

Усё лятуць i лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях