28 марта 2024, четверг, 16:53
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Гайнаўцы прайшлі дзве акцыі, прысвечаныя падзеям 1946 году

У Гайнаўцы прайшлі дзве акцыі, прысвечаныя падзеям 1946 году
Фота: Радыё Рацыя

У польскай Гайнаўцы прайшлі «Марш выклятых жаўнеров» і акцыя «Вечная памяць».

У Гайнаўцы прайшоў V Марш памяці „выклятых жаўнераў”, які зладзілі крайне правыя сілы, перадает «Радыё Рацыя».

Як галоўных герояў яны ўслаўляюць капітана Рамуальда Райса “Бурага” і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашку”, адказных за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках.

З Гайнаўкі перадавала карэспандэнт «Рацыі» Валя Лаеўская:

Фота: Радыё Рацыя

– Закончыўся Марш «выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы. Сябры арганізацыі «Грамадзяне РП» спрабавалі блакаваць марш. Каля трыццаці чалавек затрымалі, яны зараз аточаныя падвойным кардонам паліцэйскіх. Паліцэйскіх тут звыш 100 чалавек. Яны не прапускаюць нават журналістаў, каб яны маглі даведацца, што сталася і чаму гэтых людзей затрымалі. Адну з затрыманых адпусцілі, яна сказала, што іх затрымалі за тое, што перашкаджалі ў правядзенні дазволенага маршу. Прычым, як сказала жанчына, яны стаялі толькі з таблічкамі з імёнамі ахвяраў. Яны лічаць, што гэта страшна, што ў Гайнаўцы гераізуюць чалавека, які адказны за забойствы жанчын і дзяцей. На асфальце ляжаць растаптаныя ружы, якія трымалі ў руках «Грамадзяне РП». Даволі сумнае відовішча.

Фота: Радыё Рацыя

Удзельнікаў маршу ў гэтым годзе было каля 150 чалаек, не болей. Ішлі з лозунгамі «Буры – наш герой», «Вялікая Польшча – хрысціянская». У гэтым годзе быў плакат, на якім былі Вярус і Курачкін, і праваслаўны крыж. Арганізатары маршу даводзілі, што «Буры» не дзейнічаў супраць беларусаў ці супраць праваслаўных, таму што ў ягоных аддзелах былі і беларусы, і праваслаўныя. На плакаце былі здымкі Вяруса і Курачкіна, якія сапраўды былі ў аддзеле Бурага. Між іншым, Вярус удзельнічаў у карнай аперацыі ў вёсцы Шпакі.

* * *

У Гайнаўцы адбылася акцыя “Вечная памяць”, у час якой былі зачытаныя прозвішчы загінулых у выніку так званага “крывавага рэйду Бурага”.

Фота: Радыё Рацыя

У гэтыя хвіліны павінен пачацца Марш памяці „выклятых жаўнераў”, які ўжо пяты раз ладзяць крайне правыя сілы. Як галоўных герояў удзельнікі маршу гераізуюць капітана Рамуальда Райса “Бурага” і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашку”, адказных за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках.

* * *

У Гайнаўцы сёння ўзгадваюць цывільных ахфяр аддзелу польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса „Бурага”.

Фото: Радыё Рацыя

А 10-й гадзіне ў мясцовай царкве святога Яна Хрысціцеля прайшоў малебен да Святамучанікаў Холмскай і Падляшскай зямлі.

У гэтыя хвіліны пачынаецца акцыя “Вечная памяць”.

З Гайнаўкі перадавала карэспандэнт «Рацыі» Валя Лаеўская:

– Сабралася каля 500 чалавек. Дакладную лічбу складана сказаць. Людзі ўвесь час падыходзяць. Тут уся гайнаўская грамадскасць: вучні, бацькі з дзецьмі і людзі сталага ўзросту. У Гайнаўку прыехалі палітыкі: Роберт Тышкевіч, Адрыян Зандберг, Роберт Бэдронь, Яўген Чыквін. Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі Амбасады Рэспублікі Беларусь у Варшаве і Беластоку.

Фота: Радыё Рацыя

Прайшоў малебен у царкве святога Яна Хрысціцеля. Упершыню адмыслова настаяцель царквы прачытаў Евангелле па-беларуску. У сваім звароце да вернікаў ён адзначыў, што мірныя жыхары былі забітыя таму, што былі беларусамі. Зараз пачалася акцыя „Вечная памяць”.

* * *

23 лютага ў Гайнаўцы ўзгадаюць цывільныя ахвяры адзелу польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры). Жыхары Гайнаўкі прачытаюць імёны і прозвішчы ўсіх закатаваных ў днях ад 29 студзеня па 2 лютага 1946 году падчас гэтак званага „крывавага Рэйду Бурага”.

Гавораць ініцыятаркі акцыі, грамадскія актывісткі Эва Кэнчынска-Мароз і Кацярына Ваппа:

– І калі мы не пойдзем, не сустрэнемся, гэта будзе значыць, як бы я згодная. Мы таксама беларусы, мы праваслаўныя, мы таксама людзі. Калі такое было 74 гады таму, а мы тут з гэтым маршам за нашымі плячыма, то можа быць такое будзе яшчэ. Мы гэтага не хочам.

Фота: Радыё Рацыя

– У нас сціплая праграма. Пачынаем а 10-й гадзіне. Гэта будзе служба ў храме. А затым а 12-й гадзіне ў скверы Васілеўскага пачынаем мерапрыемства. Галоўны акцэнт – гэта памяць пра ахвяры. Хто можа, хто адчувае такую патрэбу – сардэчна запрашаем.

Грамадская акцыя „Вечная памяць” у Гайнаўцы пройшла ўжо 3 раз. Арганізатары адзначаюць, што „Вечная памяць” не з’яўляецца альтэрнатыўным мерапрыемствам да маршу выклятых жаўнераў, які ў той жа дзень пройдзе праз Гайнаўку. “Гэта наш маральны абавязак паказаць, што ў Гайнаўцы памятаюць і ўшаноўваюць памяць бязвінных ахвяраў, а не іх забойцаў”, – адзначаюць арганізатары.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях