28 марта 2024, четверг, 19:36
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Здымаю капялюш»: Міхаіл Жамчужны падзякаваў за падтрымку

«Здымаю капялюш»: Міхаіл Жамчужны падзякаваў за падтрымку

Палітвязень трымаецца мужна.

Пасьля чарговага пакараньня штрафным ізалятарам (ШІЗА) палітвязень Міхаіл Жамчужны выйшаў на сувязь з віцебскімі праваабаронцамі. У кароткім лісьце да калегаў ён паведаміў, што праблемы зь ліставаньнем працягваюцца. Пра гэта «Віцебскай Вясьне» расказаў праваабаронца Леанід Сьвецік.

З трох лістоў, якія Міхаіл адрасаваў Леаніду Сьвеціку, праваабаронца атрымаў толькі адзін ліст!

«Пішу табе ўжо трэці раз запар. Два лісты зьнішчаныя цэнзурай «за шкоду дзяржорганам, грамадзкім аб'яднаньням і прыватным асобам». Я разумею, што кожнае маё слова, якое прарываецца на волю, вельмі турбуе ўладу. І ёсьць за што турбавацца. За дзесяць дзён адсюль ня выйшла аніводнага ліста», – піша палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Тое, што Жамчужны ізаляваны ад астатніх зьняволеных, для праваабаронцаў не таямніца. Аднак тое, што ізаляцыя робіцца татальнай, – нечакана. «Я ў поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету. Са мной нават павітацца ніхто ня можа», – са смуткам заўважае ў сваім лісьце вязень Горацкай папраўчай калёніі №9.

Каб неяк згладзіць нэгатыўныя наступствы ізаляцыі, Жамчужны чытае газэты і кнігі, рыхтуе скаргі ў суды, піша лісты грамадзянскім актывістам. Міхаіл Ігаравіч шліфуе майстэрства прававой абароны, якое зьбіраецца выкарыстаць ня толькі для абароны самога сябе, але і іншых асобаў, правы якіх парушаюцца дзеяньнямі прадстаўнікоў дзяржавы.

«Ты ўжо 5 гадоў мяне падтрымліваеш…»

Палітвязень Жамчужны падзякаваў Леаніду Сьвеціку за тое, што праваабаронца ўжо доўгі час лістуецца зь ім. «Здымаю капялюш – ты ўжо пяць гадоў як мяне падтрымліваеш, суправаджаеш мае справы, абараняеш, прычым заўсёды са станоўчым вынікам», – піша Міхаіл Жамчужны.

«Сапраўды, першы ліст Жамчужнаму я напісаў аж у студзені 2015 году. У ім віншаваў палітвязьня з Калядамі. І пасьля гэтага нашая перапіска не спынялася. Перарывалася толькі на колькі месяцаў, калі Міхаіла зьмяшчалі ў ШІЗА. Я перабраў архіў перапіскі і налічыў 73 канвэрты зь лістамі ад Жамчужнага. А калі ўлічыць, што чвэрць лістоў не дайшлі да мяне з прычыны пільнасьці цэнзараў, то толькі мне палітвязень напісаў больш за 100 лістоў», – расказаў «Віцебскай Вясьне» праваабаронца Леанід Сьвецік.

Лісты, якія цягам 5 гадоў палітвязень даслаў віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку

Завяршаючы ліст, Міхаіл традыцыйна перадае прывітаньні і падзякі ўсім тым, хто не пакідае яго ў бядзе, хто піша яму аптымістычныя лісты падтрымкі. Палітвязень спадзяецца, што, нягледзячы на будучую выбарчую кампанію, беларусы пра яго не забудуцца.

Пішыце палітвязьню на адрас: 213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласьць, Беларусь. Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях