20 апреля 2024, суббота, 18:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Вячаслаў Барок: Вам, Генеральная пракуратура, я, святар, выношу папярэджанне

16
Вячаслаў Барок: Вам, Генеральная пракуратура, я, святар, выношу папярэджанне

Пратрыце вочы і ўбачце!

Папярэджанне апублікаваў сайт krynica.info:

«Вам, Генеральная пракуратура, і кожнаму пракурору па-асобку, я, святар каталіцкага Касцёла Вячаслаў Барок, выношу папярэджанне!

Генеральная пракуратура, вы 18 лістапада 2020 вынеслі афіцыйнае папапярэджанне каталіцкаму бп. Юрыю Касабуцкаму і праваслаўнаму святару Сергію Лепіну. Ці не падаецца вам, што вы перакрочылі сваёй кампетэнцыі? Ці не забыліся вы, што вашае заданне гэта здзяйсненне нагляду над выкананнем законаў (lex) і Вашая асноўная задача — забяспячэнне вяршэнства права (ius). І спакон вякоў вядома: Ius enim est quo iustum est — закон ёсць сапраўды законам, калі ён адпавядае справядлівасці. Так навучаў святы біскуп Аўгустын.

Ці не забыліся вы, што Закон (ius) і справядлівасць (iustitia) маюць перавагу над законамі, нарматыўнымі актамі (lex). Крыніцай законаў, якімі кіруецеся вы, ёсць дзяржаўная ўлада, што павінна адпавядаць волі народа.

Крыніцай Законаў, якімі кіруецца хрысціянін і Касцёл — ёсць воля Бога, агучаная ў Бібліі, адносна чалавека.

Так ці не ведаеце вы, што кожны хрысціянін, мае права ад Бога не выконваць таго, што супярэчыць дзяржаўным законам. І наадварот: каб законы, якімі вы кіруецеся, былі правамоцнымі, вам трэба аглядацца на маральныя імператывы.

У нас жа, мала таго што забыліся, аб тым, што воля Бога ды маральныя прынцыпы вінны мець вяршэнства ў сыстэме правасуддзя, так яшчэ і парушылі прынцып, што дзяржаўная ўлада павінна абапірацца на волі большасці, а не на нейкай сумніўнай групцы людзей.

Я нагадаю вам словы Божыя. Прарок Ісая піша: „Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы, каб адхіліць бедных ад правасудздзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў. (Іс 10, 1-2).

Ці не заўважаеце вы, што тое, аб чым казаў іншы прарок Іерамія, паўтарылася і з спосабам функцыянавання нашага дзяржаўнага правасуддзя: „Як вы кажаце: мы мудрыя, і закон Гасподні ў нас? А вось, ілжывая трысьціна кніжнікаў і яго ператварае ў хлусьню” (Ер 8,8)

А таму, вы Генеральная пракуратура і кожны пракурор па-асобку, якія не бачыце парушэнняў закону і справядлівасці ў 30 тысячах затрыманых, у тысячах пакалечаных і збітых, у 6 забітых і невядома колькі зніклых за некалькі апошніх месяцаў, але выносіце папярэджанне духоўным асобам, якія зло назвалі злом, заклікалі да правасуддзя, малітвы і пакаяння, за вашую нібыта дзейнасць і бяздзейнасць, вы самі атрымоўваеце папярэджанне ад святара!

Пратрыце вочы і ўбачце! Пачніце рабіць тое, што ёсць вашым заданнем і займіцеся выкананнем тых задач, якія маеце.

Напэўна хацелі б спытацца, якім правам я гэта раблю? Такой уладай і правам, якой са мной, як і з кожным святаром, падзяліўся мой біскуп, які знаходзіцца ў еднасці з „найлепшым папам”, папам Францішкам, а ён тую ўладу атрымаў ад Хрыста. Сын Божы, які мае ўсялякую ўладу (Мц 28,18), даў яе сваім апосталам, абяцаючы ім „і сядзеце судзіць дванаццаць пакаленняў Ізраілевых” (Лк 22,30)».

Написать комментарий 16

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях