29 марта 2024, пятница, 16:11
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Усё толькі пачынаецца!

1
Усё толькі пачынаецца!

Барацьба за незалежнасць Беларусі павінна працягвацца.

«Ну што, усё? Паглынання Беларусі не будзе!» — сказаў, звяртаючыся да мяне, адзін разумны, падаецца, калега. Маўляў, Пуцін вырашыў праблему «2024» — падаўжэння сваёй улады ў Расіі, — праз змены ў расійскую Канстытуцыю.

Пуцін у выніку стане старшынёй Дзяржсавета Расіі, Мядзведзеў — намеснікам Савета бяспекі, а сцэнар падаўжэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў праз паглынанне Беларусі шляхам «паглыбленай інтэграцыі», як мінімум, адкладаецца.

Такое меркаванне — кшталту: «Ух, пранесла!» — ёсць у пэўнай часткі беларускага грамадства. Але вельмі цікава, з чаго гэтае меркаванне ўзнікла? Чаму людзі думаюць, што, калі Пуцін стане старшынёй Дзяржсавета, а ў Крамлі на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе апынецца нехта іншы, — Беларусі больш не пагражае інкарпарацыя? Чаму мы думаем, што план «паглыбленай інтэграцыі» некуды знікне, распусціцца ў тумане? З чаго такія дзіўныя высновы?

Канешне, ініцыяваныя Пуціным змены ў Канстытуцыю вельмі падобныя на сцэнар Казахстана. У Расіі, калі гэтыя змены будуць прынятыя, паслабіцца роля «цэнтру» і кіраўніка дзяржавы. Можа, будзе абмежаваны тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта (больш ніхто не праверне схему з «зіц-прэзідэнтам Мядзведзевым»), Дзяржсавет Расіі атрымае большую вагу. Рэальная ўлада, кантроль за сілавікамі і фінансамі ўсё роўна застанецца за Пуціным. Расія скасуе прынцып вяршэнства міжнароднага права над нацыянальным.

Па-першае, сцэнар — на тое і сцэнар, што можа мець элементы імправізацыі. Падабенства са сцэнарам Казахстана яшчэ ні пра што не кажа. А што калі Пуцін захоча быць і старшынёй Дзяржсавета, і кіраўніком краіны адначасова? А раптам гэта будзе не казахскі, а беларускі сцэнар? Калі ў 1996-м Лукашэнка перапісаў Канстытуцыю і, — немаведама з чаго, — пачаў новы адлік свайго тэрміну на галоўнай выбарнай пасадзе. То-бок, пачаў лічыць «пяцігодку» свайго тэрміну не ад абрання ў 1994-м, а з моманту зменаў Канстытуцыі ў 1996-м. Што перашкаджае Пуціну пайсці па шляху Аляксандра Рыгоравіча, а не Нурсултана Абішавіча?

Па-другое, дарожныя карты «паглыбленай інтэграцыі» нікуды не падзеліся. Дарэчы, грамадства іх па-ранейшаму не бачыла і не ведае, што ў іх, — насуперак абяцанням нашых вышэйшых чыноўнікаў апрылюдніць гэтыя карты пасля ўзгаднення іх кіраўнікамі дзяржаў. Мы ведаем толькі, што гэтыя карты ўзгодненыя, і чуем шмат запэўніванняў пра тое, што яны «не нясуць пагрозы незалежнасці». А потым раптам выплывае 31-я дарожная карта, якая прадугледжвае стварэнне наднацыянальных органаў улады і ўвядзенне адзінай валюты «cаюзнай дзяржавы».

Нішто не кажа пра тое, што працу над гэтымі дарожнымі картамі падвесяць на замарозку. А нават калі і так — праект «cаюзнай дзяржавы» не турбаваў нас 20 гадоў, і ў мінулым годзе раптам «стрэліў» вельмі небяспечнымі для нашых суверэнітэту і дзяржаўнасці момантамі. Так што, у якім бы стане ні была справа з гэтымі дакументамі, скідаць іх з разліку не варта.

І ўжо, канешне, мы не можам прадказаць, што стрэліць у галаву кіраўніцтву Расіі заўтра і хто будзе пераемнікам Пуціна на пасадзе кіраўніка нашага «стратэгічнага партнёра». Але адно можна сказаць з упэўненасцю — хто б ім ні быў, нічога вясёлкавага для Беларусі гэта не прынясе.

Проста таму, што Расія — гэта імперыя, абцяжараная вялікадзяржаўніцкім комплексам. І хто б ні прыйшоў да ўлады ў Расіі, ён наўрад ці здолее перамагчы гэты імперскі комплекс. Нават калі да ўлады прыйдзе любы нам дэмакрат Навальны — ці адмовіцца ён ад інтэграцыйных праектаў? Мінімум, што ён бы зрабіў, — гэта «пакінуў усё, як было». У Беларусі і Расіі, па яго меркаванні, «цудоўныя ўзаемаадносіны, міжнародны гандаль, усе задаволеныя і шчаслівыя, проста не трэба рабіць нічога — і ўсё будзе добра» (так ён сказаў на Форуме Барыса Нямцова ў Варшаве 9–10 кастрычніка мінулага года). Але ці задавальняе нас — Беларусь, — тое, што ёсць?

Наўрад ці Навальны як палітык-папуліст здолее стрымаць (і ўвогуле будзе стрымліваць) вялікадзяржаўніцкія памкненні. Хутчэй, ён скажа: «Зробім Расію зноў вялікай!» І працягне гэта рабіць — так, як тое разумее логіка імперскасці. А гэта нічога добрага нам не прынясе.

Прычым Навальны — «самы дэмакратычны дэмакрат» Расіі. Што ўжо казаць пра іншых?

Тым больш, што ў новай Канстытуцыі Расіі будзе замацаваны прынцып вяршэнства нацыянальнага права над міжнародным. Гэта азначае, што нават такія кволыя дакументы пра нашу незалежнасць, як Будапешцкі мемарандум і іншыя гарантыі нашага суверэнітэту з боку трэціх краін, не будуць мець для Расіі аніякай маральнай і юрыдычнай моцы.

Так што манеўр Пуціна са зменай Канстытуцыі і варыянтам (толькі варыянтам!) падаўжэння сваіх паўнамоцтваў зусім не азначае заканчэнне ціску на Беларусь. Не азначае ён і тое, што Расія адмовілася ад ідэі інкарпарацыі Сінявокай. А значыць — барацьба за незалежнасць павінна працягвацца. Усё толькі пачынаецца!

Сяргей Пульша, «Новы Час»

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях