29 марта 2024, пятница, 18:28
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Паплечнікі Каліноўскага: як шляхецкая сям’я стварыла паўстанцкі атрад і разбіла акупантаў

Паплечнікі Каліноўскага: як шляхецкая сям’я стварыла паўстанцкі атрад і разбіла акупантаў

Невядомая гісторыя Станіслава і Кастуся Плютаў.

Здаецца, гісторыя паўстання Кастуся Каліноўскага даследавана даволі глыбока і ўсебакова. Аднак людская памяць захоўвае яшчэ шмат цікавых і да сённяшняга дня невядомых гістарычных сюжэтаў. У 157-ю гадавіну пачатка паўстання ўзгадаем адзін з іх.

Прадстаўнікі шляхецкага роду Плюта з Гродзенскай губерні былі сапраўднымі патрыётамі. Яны аднымі з першых падтрымалі паўстанне Кастуся Каліноўскага і, стварыўшы атрад, мужна змагаліся супраць царскіх акупантаў.

Нагадаю, галоўнай мэтай паўстанцаў было адраджэнне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У 1862 годзе ў Вільні быў арганізаваны Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК), які і пачаў рыхтаваць узброенае выступленне. На пачатку лютага 1863 года ЛПК звярнуўся да насельніцтва літоўска-беларускага краю з просьбай падтрымаць паўстанне. Адным з першых гэты народны ўздым падтрымаў багаты шляхціц з Гродзенскай губерні Станіслаў Плюта.

У Беластоку ён сфарміраваў атрад са сваіх сялян і мясцовай шляхты і ўдзельнічаў у некалькіх паспяховых аперацыях супраць царскіх войскаў. Трэба таксама адзначыць, што разам з бацькам ваяваў і сын Плюты — Кастусь. Пад Сямятычамі паўстанцкі аддзел Плюты разам з іншымі паўстанцкімі часткамі супрацьстаяў 7 ротам царскіх войскаў з 4 гарматамі. Тады паўстанцы прымусілі рускія войскі адступіць, пры гэтым ім удалося захапіць некалькі гармат і іншыя трафеі.

Паўстанцкі аддзел пад камандаваннем Станіслава Плюты ўдзельнічаў і ў іншых сутыкненнях з царскімі войскамі. У адным з баёў атрад быў атакаваны казакамі і амаль увесь загінуў. Рускія захапілі ў палон параненага шляхціца і яго сына. Абодва апынуліся ў Гродзенскай турме. У той час у гэты астрог трапіла шмат знакамітых ураджэнцаў беларускай зямлі. За кратамі ў Гродна знаходзіўся Напалеон Орда, якога арыштавалі па абвінавачанні, што ён удзельнічаў у антыўрадавых выступленнях і падтрымліваў «польскіх злачынцаў». Акрамя гэтага ў Гродзенскім астрозе тады апынуўся і муж Элізы Ажэшкі Пётр, якога абвінавацілі ў дапамозе аднаму з кіраўнікоў паўстання ў гістарычнай Літве Рамуальду Траўгуту.

Пра тое, што бацька і сын Плюты трапілі ў рускую вязніцу хутка даведаліся іх блізкія. Малодшая дачка Станіслава Соф’я вырашыла пайсці на беспрэцэдэнтны крок. Яна накіравалася ў Вільню, каб сустрэцца з генерал-губернатарам Міхаілам Мураўёвым і папрасіць таго аб памілаванні для бацькі і брата.

Соф'я Плюта, 1866 год

І дзяўчыне ўдалося трапіць на аўдыенцыю да «Вешальніка». Яна расказала губернатару пра тое, як любіць бацьку і брата, спрабавала растлумачыць, чаму тыя выступілі супраць Расіі.

Мураўёў глядзеў на дзяўчыну з ухмылкай і рабіў выгляд, што слухае. Аднак пасля таго, як Соф’я скончыла, губернатар падышоў да яе і ціха сказаў: «У вас, спадарыня, ёсць адна магчымасць выратаваць сваіх блізкіх. Я мяняю ваша каханне на жыццё гэтых дурных «палякаў».

Соф’я глядзела на «Вешальніка» як на ўвасабленне д’ябла. Яна моўчкі павярнулася і пайшла да дзвярэй. Па сямейных паданнях, Мураўёў прамовіў ёй услед: «Зараз вы падпісалі сваім блізкім смяротны прысуд». Жанчына потым усё жыццё будзе ўспамінаць тыя словы, сказаныя крывавым катам паўстання. Мураўёў паклаў перад дзяўчынай на вагі яе гонар і жыццё самых блізкіх для яе людзей. І яна выбрала першае. Праз некалькі дзён гродзенскі шляхціц, удзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага, Станіслаў Плюта быў павешаны.

Міхаіл Мураўёў-«Вешальнік»

Аднак брату Соф’і Кастусю, калі так можна казаць, пашчасціла. Яго прысудзілі да высылкі ў глыбінныя губерні Расійскай імперыі. Шматлікія даследчыкі, аднак, лічаць, што гэтае «выратаванне» на самай справе было жудаснай карай для асуджаных. У судовых дакументах, якія маюць дачыненне да пакарання паўстанцаў Каліноўскага, досыць часта фігуруе фармулёўка «выслаць у аддаленыя губерні». Паводле афіцыйных звестак расійскіх уладаў, пасля падаўлення паўстання па прысудах ваенных судоў было выслана на катаржныя работы з пазбаўленнем правоў стану і канфіскацыяй маёмасці 972 чалавекі, 345 чалавек было адпраўлена на вайсковую службу шараговымі салдатамі, 864 — адпраўленыя ў арыштанцкія роты, 4096 (каля 800 сямей) — высланыя «на водворение на казённых землях внутри империи», нарэшце паводле пастаноў судоў 7531 чалавек быў высланы на жыхарства ва ўнутраныя губерні імперыі. Апроч таго, з месцаў свайго жыхарства былі выселеныя 629 сямей засцянковай шляхты. Такім чынам, агульная колькасць высланых з родных мясцінаў паўстанцаў сягала прыблізна 10 тыс. чалавек. Сярод іх большасць (57%) складалі жыхары Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.

Беларускі даследчык Сяргей Токць адзначае, што высылку з родных мясцінаў у аддаленыя губерні як сродак пакарання паўстанцаў і іх прыхільнікаў улады сталі выкарыстоўваць ужо вясной 1863 года. Напрыклад, з Гродзенскай губерні ад пачатку паўстання да жніўня 1863 года былі высланыя 116 чалавек. У большасці сваёй гэта былі асобы, якія лічыліся «нядобранадзейнымі». Праўда, з іх ліку ў Сібір трапілі нямногія, паколькі большая частка высылалася ў цэнтральныя губерні імперыі і на Урал.

Летам 1863 года ўлады ўпершыню выкарысталі такі спосаб барацьбы з паўстанцамі як высылка жыхароў цэлага паселішча разам з жанчынамі і дзецьмі. Па прапанове Міхаіла Мураўёва-«Вешальніка» ад 24 ліпеня 1863 года былі высланы «на водворение» жыхары шляхецкай ваколіцы Шчукі ў Гродзенскім павеце. 30 верасня 1863 года гарадзенскі губернатар атрымаў загад ад віленскага генерал-губернатара Мураўёва «аб неадкладным высяленні жыхароў ваколіцы Лукавіца». У дакуменце, у прыватнасці, прапаноўвалася выслаць 37 сямей (каля 120 чалавек) разам з малымі і старымі ў Самарскую, Кастрамскую і Астраханскую губерні.

Сын гродзенскага паўстанца Кастусь Плюта быў сасланы у Томскую губерню, вёску Марыінск. Варта падкрэсліць, што да сярэдзіны 1867 года ў розныя куткі Томскай губерні было выслана каля 5 тысяч паўстанцаў з тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Такая высылка шляхты Беларусі, Польшчы і Літвы рабілася дзеля паступовай «дэградацыі» гэтага саслоўя, таму што былых паўстанцаў залічвалі ў катэгорыю «государевых крестьян». У архіўных дакументах 1868 года, у прыватнасці, пазначалася, што Кастусь Плюта, шляхціц Гродзенскай губерні, 26 гадоў, не жанаты, сасланы без захавання маёмасных правоў. На радзіму Кастусь вярнуўся толькі напрыканцы жыцця.

Соф’я Плюта праз два гады пасля паўстання з’ехала ў Пецярбург і там выйшла замуж за шляхціца Андрэя Меера. Пазней сям’я вярнулася ў Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. Па ўспамінах родных Соф’я Станіславаўна часта ўзгадвала сустрэчу з Мураўёвым-вешальнікам і дакарала сябе за тое, што не ўратавала брата і бацьку.

Соф'я Плюта з мужам у Пецярбургу

Памяць пра гэтых людзей, сапраўдных змагароў за незалежнасць Рэчы Паспалітай і гістарычнай Літвы, жыве і сёння. Тыя, хто падтрымаў Кастуся Каліноўскага ў 1863 годзе, былі сапраўднымі патрыётамі, і іх жыццё ўпісана залатымі літарамі ў летапіс гісторыі Беларусі.

Ігар Мельнікаў, «Новы Час»

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях