19 марта 2024, вторник, 7:41
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як працуе абсалютна ўнікальная беларуская друкарня, якая робіць Бібліі для ўсяго свету

Як працуе абсалютна ўнікальная беларуская друкарня, якая робіць Бібліі для ўсяго свету

У Мінску друкавалі Біблію для Кембрыджа і экзэмпляр ёсць у прыватнай бібліятэцы каралевы Вялікабрытаніі.

Уявіце сабе, што ў Мінску працуе адзіная ва ўсім СНД друкарня, якая спецыялізуецца выключна на Бібліях. Прычым друкуе іх для 117 краін на 450 мовах свету. Неверагодна, праўда? Дырэктарка гэтай друкарні такая ж неверагодная — Вольга Юшкевіч, піша nn.by.

У 1991 годзе яна рызыкнула, кінуўшы прэстыжную працу ў «Інтурысце», але ў рэшцэ рэшт перамагла. Пра тое, як яна стала адной з першых бізнэсовак у Беларусі, чаму працуе нават 8 Сакавіка, і што не гатовая дараваць сваім супрацоўнікам — у эмацыйнай размове з дырэктаркай друкарні «Прынткорп» Вольгай Юшкевіч.

«Калі я пачынала, жанчын у бізнэсе наогул не існавала»

Вольга Юшкевіч — сапраўдная сібірачка.

«Я выхоўвалася ў такім асяроддзі, што побач не было нікога, хто б не меў звання доктара ці кандыдата навук. Я расла ў Навасібірскім акадэмгарадку. Вышэйшая адукацыя была ў прыярытэце. Мой тата — распрацоўшчык узбраення, мама — інжынер-электрык. А я з дзяцінства захаплялася філалогіяй. Калі ў 10 класе стаяла перад выбарам універсітэта, мая рэпетытарка сказала: «Дзяўчынка, з тваімі ведамі трэба ў Еўропу». Так я апынулася ў Мінску, паступіла ў лінгвістычны», — расказвае Вольга Юшкевіч.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Вольга ўладкавалася ў «Інтурыст».

«Я была інструктарам, складала культурныя і сацыяльныя праграмы для замежных турыстаў. Шмат працавала. Гэта таксама ў мяне з дзяцінства — дысцыпліна і адказнасць».

«З ранняга ўзросту і па сёння мой дэвіз па жыцці: «адступаць няма куды» і «хто, калі не я», — кажа Вольга.

«Акрамя асноўнай працы, займалася перакладамі, у тым ліку фільмаў, вяла заняткі. Аднойчы мяне папрасілі паперакладаць для замежнікаў, якія прыехалі на бізнэс-форум. А тады, каб вы разумелі, жанчын не існавала наогул у бізнэсе. Я прыйшла, села на канапу. Выходзіць высокі мажны мужчына, глядзіць на мяне зверху ўніз і пытаецца: «Вы рэальна можаце перакладаць?» А я яму: «Натуральна, гэта мая праца». Ён: «Пасля абеду едзем на паліграфічны камбінат». Хто ж тады мог ведаць, што я звяжу сваё жыццё з кнігай і паліграфіяй», — успамінае Вольга Юшкевіч.

Вольга прыгадвае, што многія лічылі гэта неабдуманым учынкам, калі яна сказала, што кідае «Інтурыст» і будзе друкаваць Бібліі.

Кампанія «Прынткорп» ужо цягам 28 год займаецца друкам Біблій і іншай хрысціянскай літаратуры. Гэта адзіная друкарня, якая друкуе на так званай «біблейскай» паперы (27 г/м2). Калі вы трымалі ў руках кішэнную Біблію, то ўяўляеце, якая тонкая гэта папера.

Цяпер прадпрыемства загружана амаль цалкам. Друкуюцца Бібліі для турмаў, робяцца эксклюзіўныя экзэмпляры ў натуральнай скуры, ствараюцца каляровыя коміксы на біблейскую тэматыку для дзяцей.

«99,9% нашай прадукцыі ідзе на экспарт у 117 краін свету. Хрысціяне ёсць паўсюль, таму і нашы Бібліі ёсць паўсюль: нават у Індыі, В’етнаме, на Філіпінах. Уся Афрыка аж да Ёханесбурга на самым поўдні ў нашых Бібліях. Шмат літаратуры друкуем для хрысціянскіх цэркваў. Замоўцы з Беларусі — гэта ўсе цэрквы, якія толькі ў нас існуюць. І праваслаўныя, і каталіцкія, і пратэстанцкія», — расказвае Вольга.

Негалосны дэвіз кампаніі «Прынткорп»: лепш працаваць, чым сядзець. Кампанія заўсёды рада новым замовам.

Цяпер кампанія «Прынткорп» расце, сталее, адкрывае новыя рынкі, вынаходзіць новыя прадукты, абнаўляе сваё абсталяванне і вучыць персанал.

«Мы можам працаваць нават і ў нуль, але мы будзем працаваць. Для нас не важна, пяць тысяч экзэмпляраў тыраж ці мільён. Галоўнае — якасць і тэрміны. Мы працуем вельмі хутка. На замову закладаем у асноўным 30-40 сутак. Бывае, даводзіцца працаваць у дзве змены, але замоўца павінен застацца задаволеным. Асноўныя нашы канкурэнты — Кітай і Карэя. У іх сучаснае абсталяванне і маштабы з нашымі непараўнальныя. Але я магу дакладна сказаць, што тыя замоўцы, хто прыходзяць да нас аднойчы, застаюцца з намі надоўга.

Біблія — гэта асабістая кніга чалавека, якую ён перачытвае, якую носіць з сабой. Яна павінна быць не толькі зручная, але і якасная, каб не развальвалася пры пастаянным карыстанні. Таму за якасцю мы сочым асабліва пільна. Для аздаблення кнігі мы выкарыстоўваем якасныя і сучасныя матэрыялы. Робім вокладкі з кардону, поліўрэтану, натуральнай скуры. Ды што казаць, калі рэгулярна Міністэрства інфармацыі просіць нас даць ім нашы кнігі, каб паказаць, якія ўнікальныя рэчы робяць у Беларусі», — расказвае Вольга Юшкевіч.

Тонкую паперу для Бібліі ў «Прынткорпе» набываюць у Еўропе.

«Адзінае, чаго я патрабую, — гэта сабранасці»

Вольга расказвае, што за амаль 30 гадоў працы ў «Прынткорпе» здаралася многае: мяняліся законы, друкарня пераязджала ў іншае месца.

«Цяжка было ў пачатку 1990-х! Спачатку мы месціліся ў гасцініцы «Планета», а друкаваліся ў розных друкарнях горада. І я проста фізічна не паспявала ездзіць туды, каб кантраляваць, ці загрузілі мае кнігі ў друк. Купіла машыну. А на правы тады трэба было вучыцца паўгода — давялося тэрмінова здаваць.

Было шмат сітуацый, у якія сёння верыцца з цяжкасцю.

Але паступова гэта сышло. Мне прапаноўвалі розную працу — я адмаўлялася. Я была маладая, бясстрашная і адданая свайму прадпрыемству. Калі наша друкарня пераехала ў новы мікрараён на ўзбочыне горада, я прыязджала і плакала. Тут не было нічога. Поле, звалка і снег. Я была тут адна!» — расказвае Вольга.

Сёння на прадпрыемстве працуе 250 чалавек.

«Адзінае, чаго я патрабую ад сваіх супрацоўнікаў, — гэта сабранасці. У нас на працоўных месцах забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Я патлумачу.

Друк кнігі — гэта вельмі складаны працэс, які складаецца з тысячы і аднаго працэсу. Любое адцягненне ўвагі можа стаць дарагой памылкай ці вытворчай траўмай. Такія выпадкі не на карысць іміджу друкарні і Беларусі. Мы ж рэкламуем беларускую якасць і патэнцыял краіны ва ўсім свеце.

«Прынцып «Прынткорпа» — высокая якасць абслугоўвання. У нашых работнікаў годны заробак, яны працуюць з намі дзесяцігоддзі і выходзяць з намі на пенсію», — распавядае Вольга.

У «Прынткорпе» калектыў шматнацыянальны.

«Цяпер у мяне працуюць в’етнамцы. Я прабіла гэтую справу з эміграцыяй, з працаўладкаваннем. З в’етнамцамі працаваць добра, яны адказныя і працавітыя», — расказвае бізнэсоўка.

У «Прынткорпе» друкавалі Біблію для Кембрыджа. Такі экзэмпляр Бібліі ёсць у прыватнай бібліятэцы каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы II.

Вокладкі для Біблій робяць самыя розныя.

Вольга кажа, што яе кампанія бярэцца выконваць абсалютна любыя пажаданні кліента.

«Мы імкнёмся ўсё рабіць самі. Нават калі чаго не ўмеем, мы абавязкова навучымся. Хоча кліент футляр у выглядзе ракушкі, мы зробім. Любую вокладку, любы колер, любы малюнак.

Абсталяванне таксама ўвесь час мадэрнізуем. Станкі для друкарні вельмі дарагія. Таму, калі мы купляем іх, мы павінны быць упэўненыя, што зможам выплаціць крэдыт. А крэдыт мы зможам выплаціць тады, калі ў нас будуць замовы. А каб былі замовы, трэба закатаць рукавы і працаваць.

Я ведаю, што такое працаваць у святы, што такое працаваць па 16 гадзін на суткі. Сёння далёка не кожны пагодзіцца выйсці на працу 8 Сакавіка. А я выходзіла адна і працавала. Бізнэс — гэта не прыгожае слова, гэта справа. Справа цяжкая. Справа, якая патрабуе 100% аддачы. Я строгі кіраўнік. Але мяне трэба зразумець. Я хачу, каб мы працавалі дакладна і хутка. Гэтага дастаткова», — падсумоўвае Вольга Юшкевіч.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях