29 марта 2024, пятница, 11:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Менску адкрыюць выставу пра ідэоляга беларускай дзяржаўнасьці Івана Луцкевіча

У Менску адкрыюць выставу пра ідэоляга беларускай дзяржаўнасьці Івана Луцкевіча

Гэта будзе першая ў гісторыі асобная выстава, прысьвечаная Івану Луцкевічу.

Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы, што ў Менску на вуліцы Янкі Купалы, 4, адкрые 20 жніўня а 17-й гадзіне выставу да 100-годзьдзя з дня сьмерці Івана Луцкевіча.

Гэта будзе першая ў гісторыі асобная выстава, прысьвечаная Івану Луцкевічу. Яе ладзяць пры ўдзеле амбасады Літвы ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Арганізатары выставы называюць Івана Луцкевіча «прыкладам самаахвярнага служэньня Радзіме».

Іван (Ян Герман) Луцкевіч нарадзіўся ў 1881 годзе ў Шаўлях, што цяпер у Літве, у сям’і ўдзельніка паўстаньня Каліноўскага. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады (1903), зь ягонай ініцыятывы выдаваліся газэты «Наша Доля» (1906), «Наша Ніва» (1906–15, 1920, адроджаная ў 1991) і «Гоман» (1916–18), было заснавана Беларускае выдавецкае таварыства (1913), у Вільні былі адкрытыя Беларускі клюб (1916–20) і першая беларуская гімназія (1919). У 1919 годзе памёр ад сухотаў. Разам з братам Антонам быў адным з заснавальнікаў першай у Вільні масонскай ложы «Лучнасьць».

У студзені 1918 году на Беларускай Канфэрэнцыі ён стаў сябрам Беларускай Рады ў Вільні. У лютым разам зь іншымі сябрамі Рады падпісаў рэзалюцыю, паводле якой дзяржаўная сувязь паміж Беларусьсю і Расеяй абвяшчалася разарванай. Пазьней браты Луцкевічы ўгаварылі прагаласаваць за незалежнасьць і тых беларускіх сацыялістаў — сябраў Рады БНР, — якія яшчэ вагаліся. Хоць не захаваўся пратакол гістарычнага пасяджэньня Рады БНР 24–25 сакавіка 1918 году, але ў літаратуры можна сустрэць цьверджаньне, што Іван Луцкевіч быў кааптаваны ў склад Рады БНР.

Ягоны брат Антон Луцкевіч (1884–1942 ці 1943) быў адным з ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ён працаваў у рэдакцыях «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», быў адным з выдаўцоў «Гоману», адкрыў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (1915), заснаваў разам з Алаізай Пашкевіч (Цёткай) Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую групу (1915), пазьней — Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (1918–24), узначаліў Беларускі народны камітэт (1915–18).

У 1918 годзе быў выбраны спачатку старшынём Віленскай беларускай рады, затым стаў міністрам замежных спраў БНР і старшынём Рады народных міністраў. У 1921 годзе заснаваў у Вільні Беларускую школьную раду, арганізаваў Беларускі музэй у Вільні ў гонар нябожчыка брата, быў старшынём Беларускага навуковага таварыства ў Вільні. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР быў арыштаваны бальшавікамі, памёр у вязьніцы НКВД у Саратаве.

«Старэйшыя браты Луцкевічы адыгралі важную старонку ў жыцьці Янкі Купалы, — адзначаюць арганізатары выставы. — Менавіта Іван і Антон Луцкевічы запрасілі паэта на працу ў рэдакцыю газэты «Наша Ніва», тым самым далучылі яго да беларускага руху. Малодшы брат Стэфан уратаваў ягонае жыцьцё, аказаўшы першую мэдычную дапамогу, калі Пясьняр учыніў спробу самагубства ў лістападзе 1930 году падчас сталінскіх рэпрэсіяў».

На выставе абяцаюць паказаць матэрыялы са збору музэю Купалы, Архіву-музэю літаратуры і мастацтва, віленскай арганізацыі «Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча», асабістыя рэчы Івана Луцкевіча, якія захаваліся ў сям’і.

У час адкрыцьця выставы будзе асьвечаны памятны камень на месцы колішняй сядзібы Луцкевічаў у парку Купалы. У 18:30 у касьцёле Сьвятога Роха, што на Залатой Горцы, пройдзе адмысловая імша.

Выстава працягне працу да 11 верасьня. Сам музэй працуе ад 9.45 усе дні, акрамя нядзелі, закрываецца ў 17:15 у пятніцу і перадсьвяточныя дні, у 17:45 па панядзелках, аўторках, серадах і суботах, у 20:30 па чацьвяргах. Для тых, хто запісваецца папярэдне, тут могуць праводзіць тэматычныя экскурсіі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях