18 апреля 2024, четверг, 17:49
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як праўнучка «ворагаў народу» зь Сібіру разбудзіла ў сабе беларуску

3
Як праўнучка «ворагаў народу» зь Сібіру разбудзіла ў сабе беларуску

Гісторыя крывічанкі з Іркуцку.

Воля Галанава — захавальніца і прапагандыстка беларускай культуры і мовы ў Прыбайкальлі, кіраўніца аб’яднаньня «Беларускі клюб „Крывічы“» у Іркуцку. Летась упершыню наведала вёску Луг пад Бешанковічамі, адкуль яе прабабка са сваёй маці, братам і сястрой выправіліся па лепшую долю за тысячы кілямэтраў углыб Расеі, перадае «Радыё Свабода».

Воліны бацькі, малодшыя сястра і два браты як адзін лічаць сябе расейцамі. Затое яна мроіць пра тое, каб вярнуцца на гістарычную радзіму продкаў — у Беларусь.

Ануча стала «тряпкой», а рукавіцы «варежками»

Вольга нарадзілася ў горадзе Ачынск Краснаярскага краю — гэта там нядаўна выбухнуў склад з боепрыпасамі. Школу скончыла ў пасёлку Кутулік побач з Байкалам, паступіла ў пэдінстытут у Іркуцку, стала магістрам псыхалёгіі. Цяпер гэта асноўны занятак, які прыносіць грошы.

На Байкале

«Калі я была малая, жылі аж чатыры пакаленьні: мы зь сястрой, нашы бацькі, дзед і баба, а яшчэ прадзед, прабабка, яе старэйшая сястра Вольга і малодшы брат Іван, — успамінае Воля. — Дарослыя зьбіраліся, гаманілі, сьпявалі. Што там была за гаворка, якія сьпевы, не прыгадаю: дзяцей да стала не дапускалі, гулялі ў іншым пакоі ці на вуліцы. Але калі пайшла ў школу, мае рукавіцы раптам ператварыліся ў варежки, ануча стала тряпкой, а „добра“ настаўніца папраўляла на „хорошо“. Якія дзіўныя словы, думала я, бо не сумнявалася, што і так гавару па-расейску».

«Няўмеку» хутка перавучылі, і да лінгвістычных загадак яна вярнулася ўжо студэнткай. Першага верасьня 2003 году за кампанію выпадкова трапіла на сядзібу Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Высокі сьветлавалосы мужчына прывітаў, запытаў, як каго завуць. І ашаламіў маладую наведніцу: «Ну вітаю, Воля!» Так кіраўнік беларускай суполкі Алег Рудакоў зьмяніў усё наступнае жыцьцё Вольгі Галанавай.

Алег Рудакоў і Воля Галанава

«Воляй мяне называла толькі прабабуля, таму было дзіўна, што хтосьці назваў гэтаксама, як блізкія людзі. У галаве як быццам шчоўкнула: нешта тут ня так. Бо прабабка ўвесь час казала: у Сібіры зімна, няўтульна, нічога не расьце — ня тое, што „там, у нас“. Калі я па-дзіцячы перапытвала, дзе „там“, яна толькі адмахвалася, маўляў, далёка ў Расеі... Алег Рудакоў, пабачыўшы маю зьбянтэжанасьць, усьміхнуўся: „Воля — гэта па-беларуску“. Той асяродак адразу прыйшоўся даспадобы: чытанкі, сьвяты, гульні. І мяне ўсё гэта зацягнула».

«Чароўны край», дзе немагчыма замерзнуць

Спробы дакапацца да каранёў аказаліся не такімі простымі. Прабабуля Варвара, пакуль была жывая, інтрыгавала таямнічымі гісторыямі пра «чароўны край», лепшы за Сібір, але без асаблівых падрабязнасьцяў. Хіба ўрыўкамі пра тое, як хадзіла ў 1-2 клясу, як бацька за 60 вёрст езьдзіў у царкву асьвячаць велікодныя пірагі, як проста пры хаце расьлі яблыні, дулі, сьлівы ды іншая «экзотыка». А галоўнае, што ня зімна, бо ўсё жыцьцё ў Сібіры яна мерзла.

Расейскі пашпарт беларускі Варвары Галанавай

Не падзяляў дасьледніцкі імпэт дачкі і бацька — маўляў, «не дуры галавы, рускія мы». І толькі летась нечакана «рассакрэціўся». Па-першае, прызнаўся, што ёсьць дакумэнты, зь якіх вынікае, што прабабка Варвара яшчэ дзіцем разам са сваёй маці прыехала зь Беларусі. Па-другое, ягоны стрыечны дзядзька па старых лістах адшукаў сваякоў у вёсцы Луг побач зь Бешанковічамі і нават там пабываў. Пачуўшы такое, Воля ня стала адкладаць і рушыла па сьлядах продкаў.

Як успрынялі наяўнасьць крэўных за 6 тысяч кілямэтраў ад гістарычнай радзімы беларускія родзічы?

Крывічы: мост зь Беларусі ў Сібір

«Я ўжо прыяжджала ў Беларусь у складзе гурту „Крывічы“, а летась упершыню наведала мясьціны сваіх дзядоў, — расказвае Воля. — На жаль, ад хаты, дзе жыла ў маленстве прабабка, нічога не засталося — яна згарэла разам з усімі дакумэнтальнымі рэліквіямі... Сваякі ж аказаліся людзьмі цікаўнымі, цёпла прымалі, пыталіся, як мы там жывём. Яны дагэтуль не разумеюць, чаму родзічы раптам зьняліся зь месца і паехалі ў Сібір. Хоць выглядае, хтосьці са знаёмых там ужо быў. Нібыта маці прабабкі, даведаўшыся, што даюць зямлю, сабрала дзяцей і паехала».

Беларускія галінкі генэалягічнага дрэва

Па вяртаньні ў Іркуцк Воля Галанава нарэшце зразумела структуру свайго генэалягічнага дрэва.

Гаспадыня «Беларускай хаты» у Іркуцку

Яе бешанковіцкі прапрадзед Міхаіл Дарашкевіч пайшоў на Першую сусьветную вайну, пакінуўшы дзьвюх дачок. Калі вярнуўся, падчас родаў трэцяй дзяўчынкай памерла жонка. Ажаніўся другі раз. Тых дзяцей гадавала бабка, а маладая нарадзіла яму яшчэ траіх — Вольгу, Варвару і Івана. Калі гаспадар адчуў, што нядоўга засталося і яму (на фронце быў атручаны газамі, што моцна падкасіла здароўе), паклікаў старэйшых і сказаў: «Ваша мачаха хоча зьехаць у Сібір, дык не надумайце за ёй увязацца».

І яны засталіся з бабкай у Лузе. А жанчына неўзабаве пасьля сьмерці мужа сабрала сваіх малых і выправілася ў невядомы сьвет. Быў 1922 год. Сярэдняй Варвары — будучай прабабцы Волі — на той момант было 8.

«Маці неўзабаве памерла, і малых гадавала Вольга, — працягвае суразмоўца. — Яна так і засталася самотнай. Варвара выйшла замуж за майго прадзеда Івана Галанава, а малодшы брат ажаніўся зь дзяўчынай, якая мела бурацкія карані — ну і дзеткі атрымалі адпаведныя рысы. І яшчэ адна загадка. Высьветлілася, што прадзед Іван родам з-пад Прапойску на Магілёўшчыне. У дзяцінстве застаўся сіратой, і дзядзька зьвёз яго разам з дзьвюма сваімі дочкамі ў Сібір. Але былі яны не Галанавы, а Патапёнкі. І калі так, дык і я нашу не сваё прозьвішча».

Варвара Дарашкевіч-Галанава

У Варвары Дарашкевіч і Івана Галанава нарадзіліся шасьцёра дзетак, да сталага ўзросту дажыў толькі адзін — будучы Волін дзед Іван. Апошні, у сваю чаргу, у шлюбе зь сібірачкай Марыяй меў ажно 12 дзяцей, выжылі шасьцёра. Сярод іх і бацька Волі.

Іван і Варвара Галанавы з сынам і нявесткай, 1961 год

17 гадоў лягераў за добрае жыцьцё

У працэсе сямейнага расьсьледаваньня Воля Галанава нечакана высьветліла, што зьяўляецца праўнучкай «ворагаў народу»: у 1939 годзе яе прадзед надоўга апынуўся за кратамі.

«Іван ды Варвара жылі вельмі добра, у іх была вялікая гаспадарка, — кажа яна. — Трымалі багата сьвіней, кароў, вырошчвалі шмат збожжа. Ну і хтосьці данёс, што, пакуль іншыя пухнуць з голаду, „кулакі“ хлебам кормяць скаціну. Так прадзед на 17 гадоў апынуўся за кратамі. Забралі ўсё, нічога не пакінулі. Жонка засталася з малым сынам Іванам, перабіваліся чым маглі. Зрэшты, на гэтым пакуты ня скончыліся: у 1943-м на 2 гады пасадзілі Варвару — за ўсё тыя ж „кулацкія грахі“. 6-гадовага Івана, які раптам застаўся без бацькоў, даглядала цётка Тацяна».

Беларускі сьлед у савецкім пашпарце Івана Галанава

Нават калі грымнула вайна і іншых мужчын павальна мабілізавалі, Іван Галанаў працягваў сядзець. Жанчыны працавалі ў тыле. Як успамінала Варвара Міхайлаўна, пакуль і яна ня склала кампанію мужу, у калгасах (прыватнікаў ужо ліквідавалі) засявалі плянтацыі канопляў, якая ішла на коўдры для салдат. Вырошчвалі збожжа, гародніну — усё на фронт. Каб неяк выжываць, пасьля асноўнай працы прабабка зьбірала ягады і прадавала на базары. А таксама гнала самагонку — «вадкую валюту» можна было памяняць на хлеб ці малако.

«Усе мужчыны ў нашай сям’і вельмі гаспадарлівыя, — гаворыць Воля Галанава. — Прадзеда не зламала нават турма, ён быў выдатным цесьляром, рабіў мэблю, прылады працы. Памёр ужо старым чалавекам у 1996 годзе. А вось дзед пражыў нядоўга — мне было 4 з паловай гады, як яго ня стала. Таксама рознабаковы ў талентах: і майстар па дрэве, і на гармоніку граў. А сям’ю карміў з таго, што выдатна арыентаваўся ў тайзе — паляваў, зьбіраў ягады, лавіў рыбу. І яны абодва, і мой тата, самі ставілі хаты, узводзілі ўсе гаспадарчыя пабудовы».

Іван ды Варвара: старыя беларусы Прыбайкальля

Прабабка Варвара хоць і напакутавалася, але заслужыла доўгае жыцьцё — памерла ў 90 гадоў. На радзіме ў Беларусі, якую пакінула малой дзяўчынкай, больш так і не пабывала.

Адна беларуска на расейскую сям’ю

Дзеля справядлівасьці, адкрыцьцё беларускага паходжаньня нікога з нашчадкаў асабліва не ўсхвалявала. Апроч Волі.

Воля Галанава ў колерах Беларусі

«У мяне малодшыя сястра і два браты, — удакладняе яна. — Я не пытаюся, як яны сябе вызначаюць — расейцамі ці кімсьці іншым. Хоць зь мяне, здараецца, кпяць — „вось нашая беларуска“. Ага, кажу, менавіта. Мая сястра і пляменьніца захапляюцца беларускімі сьпевамі, купальскімі скокамі — запрашаю іх на сьвяты, яны апранаюць строі: „Ой, як прыгожа, незвычайна“. Але гэтаму трэба прысьвячаць час. Сьпяваць хаця б двойчы на тыдзень, танчыць таксама. Таму ім прыемней проста прыйсьці, паглядзець, паслухаць, атрымаць задавальненьне з усяго гатовага».

Сьвята «Багач» у Сібіры

Самой жа Вользе фармальнага падыходу недастаткова. Яна з нуля вывучыла беларускую мову, засвоіла старадаўнія танцы і майстэрства ткацтва, а ейны рэпэртуар народных песень вымерваецца дзясяткамі.

«Каб я проста ведала, што этнічна прыналежу да беларусаў, гэтага было б мала, — кажа яна. — Галоўнае, што я сябе так адчуваю. Ня веданьне, а менавіта адчуваньне. Таму і загаварыла па-беларуску праз два месяцы пасьля таго, як раскрыліся вочы, хто я такая. Пачала чытаць, захапілася містычнымі творамі Яна Баршчэўскага і Ўладзімера Караткевіча, а пасьля і самы цяжкі крок — размаўляць, каб чуць свой голас. Балазе, на моўных курсах Алег Рудакоў уцямна паставіў націскі, калі гэта было сапраўды патрэбна. Зь пісьмом праблемаў ня ўзьнікла, аказалася досыць лёгка».

Адчуваньне дому па-за намінальнай радзімай

На радзіму продкаў Воля Галанава ўпершыню трапіла ўжо дарослая— прыехала з гуртам паказаць сьпеўную спадчыну жыхароў беларускіх паселішчаў Прыбайкальля. І адразу ж зразумела, чаму гэты край прабабка Варвара лічыла райскім кутком.

«Я дагэтуль ніколі ня бачыла, як расьце лён, як вісяць на садовых дрэвах яблыкі, дулі, сьлівы ды мноства іншай смакаты, — сьмяецца Воля. — А яшчэ ўразіла, колькі навокал зеляніны! Здавалася, тыя ж бярозкі ёсьць і ў Іркуцку. Аднак, калі параўнаць іх у сібірскім лесе і ў беларускім, дык яны ж зусім розныя: як у Беларусі бяроза багата апранутая — і як бедненька яна выглядае ў Прыбайкальлі, разы ў тры меней галінак ды лісточкаў. Зусім іншае эмацыйнае адчуваньне, калі знаходзісься ў такім насычаным зялёным краі».

Воля Галанава прафэсійна займаецца псыхалягічнай дапамогай, мае ў Іркуцку свой кабінэт. Але куды больш сілаў укладае ў беларускую справу, якая стала для яе прыярытэтнай. І ня ўтойвае, што запаветная мара — «закальцаваць» сямейную біяграфію, вярнуўшыся туды, адкуль яе карані.

«Я зь Беларусі не зьяжджала, але ўнутрана адчуваю, што павінна сюды вярнуцца. Як казала мая прабабуля, сапраўды лепшы сьвет. Не ў параўнаньні, умоўна кажучы, цяплей ці халадней. Апынуўшыся на гэтай зямлі, я зразумела, што нарэшце дома. Асабліва ў маленькіх мястэчках, вёсачках. Нават на ўзроўні цела — нейкая агульная разьняволенасьць. У Іркуцку такога чамусьці не было і няма. І гэта дзіўна, бо я ж ня ведала, што гэта ўвогуле за край — і я, і бацькі, і дзяды нарадзіліся ў Сібіры. Чаму так? Ня ведаю. Але факт, што менавіта тут я пачуваюся дома, а ня там».

З марай пра Беларусь

У Іркуцку Воля Галанава ўзначальвае культурніцкае аб’яднаньне «Беларускі клюб „Крывічы“» — адно з самых актыўных сярод нацыянальных меншасьцяў рэгіёну. Яе намесьнік — «вэтэран» беларускага руху Алег Рудакоў.

Пасьля канфлікту ў Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага ён пакінуў шэрагі арганізацыі і цяпер дапамагае маладой паплечніцы, якую паўтара дзясятка гадоў таму заахвоціў да беларускай справы.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях