29 марта 2024, пятница, 15:42
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як беларусы ў 1990 годзе «штурмавалі» Крэмль

Як беларусы ў 1990 годзе «штурмавалі» Крэмль

Беларускія чарнобыльцы правялі ў Маскве «Марш за выжываньне».

Свабода расказвае, як сотні беларусаў з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у 1990 годзе выправіліся ў Маскву да кіраўніцтва Савецкага Саюзу дамагацца праўды пра трагедыю.

Амэрыканска-брытанскі міні-сэрыял «Чарнобыль» (Chernobyl), чацьвёрты эпізод якога выйшаў у сеціве на гэтым тыдні, працягвае ўзначальваць сьпіс найлепшых тэлешоў на сайце самага папулярнага ў сьвеце сайту пра кіно imdb.com. Фільм базуецца на рэальных падзеях і расказвае пра самаахвярнасьць работнікаў ЧАЭС і ліквідатараў, безвыходнасьць жыхароў пацярпелых рэгіёнаў ды бязвольнасьць партыйных лідэраў.

Мітынг з патрабаваньнем праўды пра Чарнобыль у Гомлі

У стужцы не адлюстравана толькі адно — грамадзкія пратэсты супраць злачыннага маўчаньня савецкага кіраўніцтва аб наступствах трагедыі. Між тым у 1990 годзе здарылася падзея, якая прысьпешыла адкрыцьцё праўды пра рэальныя маштабы аварыі. Гаворка пра «Марш за выжываньня» на Маскву, у які з ініцыятывы прафсаюзных лідэраў выправіліся некалькі сотняў гомельцаў.

Падрыхтоўкі мітынгу ў Гомлі

Маўчаньне пра Чарнобыль давяло да бунту

26 красавіка 1990 году, у чацьвёртую гадавіну падзеяў на ЧАЭС, спыніўся завод «Гомсельмаш». Прафсаюзы арганізавалі страйк, запатрабаваўшы праўды пра пагрозу, якую прынёс з сабой «мірны атам». На мітынг у цэнтры гораду выйшлі больш за 5 тысяч чалавек. У выніку генэральны дырэктар Станіслаў Дрозд выдаў указ аб перадачы кіраваньня страйкаму на чале з Аляксандрам Бухвоставым. Акцыю падтрымалі шэраг іншых прадпрыемстваў.

Аляксандар Бухвостаў з журналістамі

На наступны дзень у Гомель прыехалі Яфрэм Сакалоў і Аляксей Камай — першы і другі сакратары ЦК КПБ адпаведна. Іх ужо чакалі тысячы абураных працоўных. Дыялёгу не атрымалася: партыйцам не было чаго сказаць людзям, ківалі на Крэмль — маўляў, усе рашэньні прымаюцца там.

У наступныя месяцы мітынговая актыўнасьць не спынялася, а на адным са збораў было прынята рашэньне рыхтаваць паход на Маскву. Яго арганізацыяй даручылі заняцца Аляксандру Бухвоставу.

Збор на гомельскай плошчы Паўстаньня

Ён успамінае, што «час Х» прызначылі на пачатак ліпеня, калі пачынаўся ХХVIII зьезд КПСС. Раніцай 6 ліпеня на плошчы Паўстаньня Гомля пачалі зьбірацца прадстаўнікі прадпрыемстваў як абласнога цэнтру, так і Магілёва, Мазыру, Нароўлі, Рэчыцы, Хойнікаў. Адбыўся мітынг, на якім прагучалі мэты і задачы меркаванага маршу.

Аўтобус з працаўнікамі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу

Пасьля гэтага паўтара дзясятка аўтобусаў, упрыгожаныя лёзунгамі «Далоў КПСС», «КПСС — на ЧАЭС» ды іншымі, узялі курс на Расею. Месцы ў салёнах занялі больш за 300 пратэстоўцаў.

«Гэта была цэлая эпапэя барацьбы за данясеньне праўды пра тэхнагенную катастрофу, якую савецкае кіраўніцтва ўпарта замоўчвала, — кажа Свабодзе амаль праз 30 гадоў Аляксандар Бухвостаў. — Народ, мякка кажучы, быў абураны, ня ведаючы, што рабіць далей, як абараніць сваіх дзяцей. Таму і пайшлі на такі адчайны крок».

Чарнобыльская экіпіроўка

Мэр Масквы стаў на бок гомельцаў

У той жа дзень беларуская калёна прыбыла ў Бранск, дзе адбыўся мітынг з удзелам мясцовых працоўных. Там далучыўся яшчэ адзін аўтобус незадаволеных, і пад вечар удзельнікі маршу дасягнулі зоны Падмаскоўя. На ноч на беразе ракі Протва ўдзельнікі паездкі разьбілі лягер, а раніцай зноў рушылі ў бок сталіцы СССР.

Фармаваньне аўтакалёны

Чаму такая «армада» раззлаванага народу не сустрэла ніякага супраціву з боку праваахоўнікаў? Відавочна, што сёньня мэханізаваная калёна ды яшчэ з правакацыйнымі лёзунгамі наўрад ці мелі хоць нейкія шанцы нават стартаваць, ня кажучы пра тое, каб дабрацца да фінішу.

Аляксандар Бухвостаў

«Пры жаданьні нас маглі зьнішчыць у адно імгненьне, — пагаджаецца прафсаюзны лідэр. — Нават некаторыя актывісты страйкаму збаяліся, ня сталі ўвязвацца, апасаючыся перасьледу. Так, гэбэшнікі кантралявалі, але пашчасьціла, што мы трапілі ў разрэз унутраных палітычных супярэчнасьцяў. Мэрам Масквы тады быў Гаўрыла Папоў — чалавек дэмакратычных поглядаў, ідэалягічна чужы замшэлай уладзе. Менавіта дзякуючы яму нас ужо сустракалі на ўезьдзе і ў суправаджэньні ДАІ мы з усімі сваімі антыкамуністычнымі лёзунгамі рушылі ў цэнтар».

Самаробны плякат на шыбе аўтобуса

Дэсантаваліся ля Дома мастака, а далей зь лёзунгамі і ў адмысловай амуніцыі з выявамі званоў і надпісам «Чарнобыль — наш боль» пешшу пайшлі да Краснай плошчы. Перад саборам Васілія Блажэннага арганізавалі спантанны мітынг.

Аляксандар Бухвостаў прыгадвае, што сабралася шмат разявак, савецкіх і замежных карэспандэнтаў, акрэдытаваных на ХХVIII зьезд КПСС (як аказалася, апошні). Падцягнуліся беларускія дэлегаты партыйнага форуму, завязалася гарачая дыскусія.

Пачатак руху ад маскоўскага Дома мастака

«Да мяне падышоў чалавек у цывільным, прадставіўся генэралам КДБ, запытаўся, што нам трэба, — працягвае суразмоўца. — Мы сказалі, што патрабуем сустрэчы з прэзыдэнтам Гарбачовым. Пайшоў раіцца. Прайшло некалькі гадзін, вяртаецца: Міхаіл Сяргеевіч заняты, прыме старшыня Савету Міністраў Мікалай Іванавіч Рыжкоў. Ну і мы ўсім актывам страйкаму накіраваліся ў Сьвярдлоўскую залю Крамля».

Журналістаў на паседжаньне ў Крэмль не пусьцілі, дыскусія адбывалася за закрытымі дзьвярымі.

Лёзунгі беларускіх пратэстоўцаў

Галоўнаму камуністу Беларусі закрылі рот

Першым выступіў Мікалай Рыжкоў. Збольшага апраўдваўся, што навукоўцы самі толкам не разумеюць, што рабіць, а таму няма дзяржаўнай праграмы ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Сьледам узяў слова Аляксандар Бухвостаў, які сказаў, што людзі знарок прыехалі з «чарнобыльскай рэзэрвацыі», каб сказаць праўду пра тое, што старанна ўтойваецца. Скрытыкавалі інэртнасьць партыйнага кіраўніцтва народныя дэпутаты ад Беларусі Алесь Адамовіч і Віктар Карняенка.

Аляксандар Бухвостаў сярод землякоў

«А вось першаму сакратару ЦК КПБ Яфрэму Сакалову ня далі нават слова сказаць: як толькі ён пайшоў да трыбуны, пачаўся сьвіст, тупат, — гаворыць Аляксандар Бухвостаў. — Абвінавачвалі яго ў тым, што наўмысна зьмяншае перад Масквой маштаб трагедыі, а гэта само па сабе злачынства. Сакалоў пастаяў, паслухаў, што пра яго думаюць, махнуў рукой ды сеў на месца. Агулам сустрэча працягвалася тры гадзіны, мы падтрыхтавалі свае патрабаваньні на імя Гарбачова, якія перадалі Рыжкову».

Пасьля маскоўскага маршу гомельцы рушылі на Менск

Праз два тыдні ў Гомель прыбыла ўрадавая камісія на чале зь віцэ-прэмʼерам па надзвычайных сытуацыях Віталём Дагужыевым. Некалькі тыдняў там працавалі, была прынятая праграма дзеяньняў. Але наперадзе замаячылі непазьбежныя працэсы развалу СССР і Беларусь з чарнобыльскімі праблемамі ўрэшце засталася сам-насам.

Каардынатар акцыі Аляксандар Бухвостаў

«Пры ўсім тым я лічу „Марш за выжываньне“ самай пасьпяховай акцыяй свайго часу — мы рэальна прымусілі савецкае кіраўніцтва заняцца праблемамі беларускіх чарнобыльцаў, — перакананы адзін зь ініцыятараў рэзананснай акцыі Аляксандар Бухвостаў. — Памятаю, тады нават кіраўнік нашага ўраду Вячаслаў Кебіч бегаў і ціснуў усім рукі, бо сапраўды зьнялі зь яго шэраг пытаньняў: пакуль ён і ягоныя падначаленыя сядзелі па кабінэтах, мы нагой адчынілі вароты Крамля. Простыя рабочыя, не ўпаўнаважаныя весьці такога кшталту перамовы».

Аляксандар Бухвостаў з аднадумцамі

Ад актывізацыі захадаў да рэвізіі маштабу трагедыі

У верасьня 1990 году гамельчукі ажыцьцявілі яшчэ адзін аўтобусны «Марш за выжываньне» — гэтым разам на Менск. Як кажа прафсаюзны лідэр, трэба было «прыдаць дынамікі працэсам».

Пратэстныя шляхі пачаліся з Гомлі

«Дагужыеў у Гомлі цікава сябе павёў, — кажа Аляксандар Бухвостаў. — Сказаў, што ў СССР страйкаў быць ня можа, а таму ён не зьбіраецца падпісваць пагадненьні зь нейкім там страйкамам. Я параіўся з калегамі і мы прынялі рашэньне: добра, тады гэта будуць прадстаўнікі працоўных калектываў. Так урэшце і зрабілі. Але на тым усё і застопарылася, Кебіч зьдзьмуўся. Я папярэдзіў: Вячаслаў Францавіч, мы і да вас прыйдзем, бо трэба ж выконваць праграму, якую падпісалі. Ну і неўзабаве сустрэліся».

Удзельнікі «Маршу за выжываньне» у Менску

Паводле Аляксандра Бухвостава, гэта была адна зь першых акцый яшчэ ў савецкім Менску — сотні жыхароў Гомельшчыны на плошчы Незалежнасьці патрабавалі ад ураду больш рашучых захадаў дзеля вырашэньня чарнобыльскіх пытаньняў. Толькі праз год сталіцу скалыхнулі рабочыя выступы.

Вячаслаў Кебіч, памятаючы пра эфэктыўны паход гомельцаў у Маскву, «хадакоў» бязь лішніх словаў прыняў. Усе патрабаваньні страйкаму даручыў кантраляваць асабіста Івану Кеніку — кіраўніку новастворанага Дзяржкамчарнобыля.

Народны пратэст супраць замоўчваньня маштабаў аварыі на ЧЭАС

Як кажа Аляксандар Бухвостаў, неўзабаве пачалася рэалізацыя шэрагу праектаў, накіраваных на аздараўленьне жыхароў чарнобыльскай зоны, фінансаваньне ільготаў, захаваньне радыяактыўных матэрыялаў і абʼектаў нерухомасьці ў 30-кілямэтровай зоне.

Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі наступствы чарнобыльскай катастрофы пачалі «адкручвацца» у адваротны бок. Колішніх льготнікаў пазбавілі даплатаў, а забруджаныя землі зноў вяртаюцца ў сельскагаспадарчы абарот.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях