24 апреля 2024, среда, 13:56
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сяргей Законнікаў: Трывалая памяць народа — гэта самая важная палітыка

1
Сяргей Законнікаў: Трывалая памяць народа — гэта самая важная палітыка
Сяргей Законнікаў

Менавiта яна дапамагае будаваць годнае жыццё.

За час аўтарытарызму ў Беларусі зроблены адміністратыўныя клеткі для палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага жыцця, адукацыі і культуры, а цяпер улада хоча трымаць у загоне, абнесеным плотам, людскую памяць. Пра гэта сведчаць скандальныя падзеі, звязаныя з мемарыялам у Курапатах, пiша Сяргей Законнікаў для сайта sn-plus.com.

Трэба праўдзіва канстатаваць, што і без штучнай амнезіі, якую насаджае ўлада, у нас заўсёды хапала праблем з памяццю. Многія насельнікі краіны наступаюць на старыя граблі, бо лічаць, што можна жыць адным днём, толькі дзеля размнажэння, не помнячы айчыннай гісторыі, подзвігаў і памылак продкаў, не ведаючы народных традыцый, не валодаючы роднай мовай. Яшчэ з маладосці я здзіўляўся, наколькі кароткай бывае чалавечая памяць.

Нават за апошнія гады большасць жыхароў Беларусі часта дэманстравала беспамяцтва. Яны паслухмяна глядзяць у рот узурпатару з вялікім стажам, слухаюць яго абяцанкі, радуюцца, але забываюцца на паабяцанае, не патрабуюць справаздачы. Затым чакаюць новых, прыемных для вуха пражэктаў, якія таксама не будуць рэалізаваны. Што ўжо казаць пра далёкую гісторыю!

На адным з «Чарнобыльскіх шляхоў», калі каля Акадэміі навук выгарадзілі загон і паставілі прапускную браму, амапавец двухмятровага росту, вагою кілаграмаў пад сто пяцьдзясят настойліва дапытваўся ў мяне: «Отец, а вы точно знаете, что вам сюда надо?

Вроде бы по внешнему виду вы седой, достойный человек, а лезете в клетку к отморозкам. Зачем вам это нужно? Мы же можем в суматохе нечаянно травмировать!» Без злосці, спакойна я адказаў: «Пройдзе час, і вам, хлопцы, будзе сорамна перад сваімі ўнукамі за клеткі і жорсткія пабоі, знакі ад якіх ёсць і на маім целе. Я сам — удзельнік чарнобыльскіх падзей, ведаю, якая бяда вісіць над намі, перажываю за здароўе і будучыню народа. Тут збіраюцца не адмарозкі, а сапраўдныя беларусы, таму іду да іх, каб разам стаяць за праўду». Раскормлены твар сілавіка перасмыкнула, ён скрывіўся, вылаяўся пад нос, але браму ў клетку адчыніў. Заходзячы ў яе, я іранічна падумаў: дажыліся беларусы, без праблем нават у пастку да грамілаў нельга ўвайсці…

Аўтарытарызм — гэта таксама клетка-пастка, у якую жыхары Беларусі ў 1994 годзе з прычыны палітычнага невуцтва і проста дурноты ўвайшлі, а выйсці на свабоду не могуць.

Я сачу за тым, як працуе афіцыйная прапаганда. У час развалу СССР і ў першыя гады незалежнасці, калі свабода і галоснасць нанеслі ўдар па сталінізму, па таталітарнай сістэме, калі на кароткі перыяд часткова прыадкрыліся архівы КДБ, калі праз дакументы і сведчанні стала вяртацца гістарычная праўда, штатныя агітатары-хлусы былі ў вялікай разгубленасці і спалоху. Але з прыходам і ўмацаваннем аўтарытарызму пачалася рэанімацыя савецкіх метадаў ідэалагічнай і прапагандысцкай апрацоўкі грамадзян. Спецархівы зноў засакрэцілі. Штат «палітычных куратараў» не толькі аднавілі, але іх дзейнасць набыла яшчэ большы напор, чым раней. Калектыўнымі ідэолагамі і прапагандыстамі сталі афіцыйныя СМІ.

Асабліва агрэсіўным нападкам падвяргаецца вернутая гістарычная праўда, што бачна на прыкладзе Курапатаў. Фальсіфікатары адным стрэлам хочуць «забіць двух зайцоў»: зменшыць колькасць ахвяраў рэпрэсій, апраўдаць нібыта дзяржаўнай патрэбай крывавыя злачынствы і сцерці з ландшафту трагічны, жалобны змест народнага мемарыялу, ператварыць яго ў «парк культуры і адпачынку».

Сталінскія рэпрэсіі, якія былі маштабнай вайной дыктатара з савецкім народам, вытравіць з людской памяці немагчыма. Згодна афіцыйных дадзеных ад іх пацярпела 600 тысяч жыхароў Беларусі, хоць кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па гэтай тэме І. Кузняцоў называе іншую лічбу — 1 мільён 600 тысяч, што праўдападобна, бо ў нас амаль кожную сям’ю зачапілі «хапун» або «высылка».

Сучаснай уладзе, якая прыхавана і нават адкрыта пераймае ранейшыя метады кіравання, жудасная праўда не падабаецца, а таму яе, як некалі бязвінных людзей, трэба знішчыць або хоць бы «падмарафеціць». З гэтай прычыны хлусліва ўзвялічана «Линия Сталина», арганізавана маштабная кампанія па апраўданні рэпрэсій, змяншэнні колькасці ахвяраў, у якой задзейнічаны кантынгент прыўладных гісторыкаў, палітолагаў, журналістаў, проста «актывістаў-падпявалаў».

Трэба зазначыць, што фальсіфікацыя стала дзяржаўнай палітыкай, бо ў рэжыме падману праводзяцца выбары і рэферэндумы, складаюцца справаздачы пра выкананне планаў, робіцца інвентарызацыя зямельных участкаў і нерухомасці, падаюцца падаткавыя дэкларацыі чыноўнікамі і астатняй прыўладнай чэляддзю.

З такім жа падыходам улада занялася новым падлікам ахвяраў, навядзеннем «узорнага парадку» на тэрыторыі Курапатаў. Безумоўна, жалобныя месцы, куды прыходзяць людзі, павінны абсталёўвацца туалетамі, сметніцамі, лавачкамі для адпачынку. Гэта абавязак арганізацыі, якой належыць дадзеная тэрыторыя. Але нікому не дазволена знішчаць прыродны ландшафт, знакі памяці, якія пакінуты тымі, хто стварыў народны мемарыял. Тут пампезныя і безгустоўныя платы і вароты — лішнія, імі ад вандалаў не абаронішся. Трэба давяраць сумленню і культуры беларусаў, не лічыць іх дзікунамі.

Аўтарытарная ўлада, як заўсёды, адказнасць за парадак перакладае на іншых. Факты вандалізму, якому не раз падвяргаўся мемарыял, да канца не расследуюцца, вінаватыя не выяўляюцца і не караюцца. Затое правіцель галаслоўна абвінаваціў у кепскіх паводзінах людзей, што знаходзяцца да яго ў апазіцыі і абараняюць Курапаты. Ён заявіў: «Какие ко мне претензии? Меня попросили, потребовали, меня упрекали постоянно, почему там нет порядка. Люди, которым было поручено, с душой пришли, вычистили эту территорию, огородили легким заборчиком. Там еще не закончено. На забор мы вывесим цветы, как на проспекте Победителей на разделительной полосе…

Я пытался сделать от души. И это еще не окончание. Мы приведем в порядок это урочище».

Курапаты — гэта не вылізаная траса да «элітных» Драздоў, не месца для прымітыўных эксперыментаў, для гламурнага і пошлага афармлення, якое пануе ў сталіцы і па ўсёй краіне.

Тут стаялі назіральныя вышкі з вартай, сюды за плот з калючым дротам на аўтамашынах прывозілі людзей, затым іх расстрэльвалі і закапвалі ў ямы. Над лясным кутком яшчэ чуецца рэха злоснага брэху сабак, каманд канвою і адчайных крыкаў: «За што?». З вышыні пражытых гадоў нам становіцца ясна, што крывавыя злачынствы мелі мэтай адно — захаванне абсалютнай улады Сталіным.

Усім беларусам, у каго кароткая памяць, раю прайсці хоць кіламетр па «Дарозе смерці», якая праз поле пралегла з Мінска ў Курапаты, і задумацца.

Кароткая памяць прыводзіць да таго, што ля месца расстрэлаў палітычных вязняў і безыменных магіл, дзе ляжаць тысячы людзей, будуецца рэстаран, што міністр унутраных спраў Беларусі ходзіць у святочныя дні ў форме супрацоўніка НКУС, што адзін чалавек 25 гадоў кіруе краінай.

Абвінавачванне правіцеля ў тым, што «мы каждый год, политизируя проблему, топчемся по их головам», беспадстаўнае. Мяркую, што з ім не пагодзяцца не толькі родзічы забітых людзей, але і большасць беларусаў.

Трывалая памяць народа — гэта самая важная палітыка, якая дапамагае яму будаваць годнае жыццё.

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях