16 апреля 2024, вторник, 17:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі – універсальны беларускі герой

2
Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі – універсальны беларускі герой

У Гродне ёсць некалькі дзясяткаў месцаў, якія маюць дачыненне да паўстання 1863-1864 гадоў ці асоб паўстанцаў.

Праўда, здагадацца пра гэта цяжка, бо шыльдаў ці знакаў там няма. Траціну з гэтых месцаў наведалі гродзенцы ў час экскурсіі з гісторыкам Васілём Герасімчыкам, піша hrodna.life.

Экскурсія пачынаецца каля памятнай шыльды на чыгуначным вакзале. Тут адбыўся бой паміж царскім войскам і паўстанцкім атрадам, які павінен быў выехаць з Гродна ў кірунку Парэчча. Гэта адзінае паўстанцкае месца, дзе ўсталявалі памятную шыльду.

Фота: hrodna.life

Найлепшая крыніца інфармацыі – карчма

Фота: hrodna.life

– Мы знаходзімся побач с месцам, дзе заканчвалася вуліца Раскоша [сённяшняя Ажэшкі – рэд.]. Такую ж назву насіла карчма, дзе цяпер стаіць стаматалагічная паліклініка. Дзеячы паўстання, як Кастусь Каліноўскі, у мэтах канспірацыі выкарыстоўвалі такія месцы. Раней не кожны меў доступ нават да “Гродзенскіх губернскіх ведамасцей”. І найлепшая крыніца інфармацыі – гэта карчма, куды прыязджалі людзі з усёй губерніі. Каліноўскі гэтым актыўна карыстаўся, – расказвае экскурсавод. – Ва ўспамінах пра Каліноўскага апісаны эпізод, што ён спакойна мог выпіць шклянку з жандармам і выцягнуць з яго інфармацыю, якую потым выкарыстоўваў на карысць паўстанцкай справе.

Фота: hrodna.life

Паўстанец па цане каровы

Экскурсія ідзе далей і даходзіць да дома Абрэмбскіх – Ажэшкі, 19. Любамір Абрэмбскі падаўся ў паўстанцы і стаў паўстанцкім касірам. “Праз яго рукі прайшло каля 10 000 рублёў. На той час 3-5 рублёў каштавала карова. Рускія ўлады, каб матываваць насельніцтва лавіць паўстанцаў, у аснову валюты паклалі кошт адной каровы”, – расказвае Васіль Герасімчык.

Доля сям’і паказальная. Абрэмбскага саслалі ў Сібір на 15 гадоў. Ён вярнуўся без аднаго вока, амаль страціўшы зрок. Рэшту жыцця правёў у акружэнні сям’і і пры падтрымцы Элізы Ажэшкі. У яго было трое дзяцей і жонка. У выніку двое хлопцаў, якія паспелі правучыцца ў гімназіі, зараблялі перапісваннем папер.

Фота: hrodna.life

Пячатка, якую так і не знайшлі

Там, дзе зараз знаходзіцца дом Ажэшкі, у часы паўстання быў агарод. Любамір Абрэмбскі сказаў, што схаваў там адну з паўстанцкіх пячатак, якую рускія ўлады спрабавалі знайсці, але не змаглі. Дарэчы, ніводная з пячатак Гродзенская паўстанцкай арганізацыі не трапіла ў рукі расійскіх уладаў. А вось усе чатыры мінскія пячаткі былі знойдзены. Убачыць некаторыя пячаткі, каторыя належалі іншым гарадам, можна ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

Фота: hrodna.life

Пісьменніца, якая пра паўстанне пісала ўсё жыццё

Самой Элізе Ажэшцы было 20 гадоў, калі пачалося паўстанне. Абодва яе мужа прымалі ўдзел або спрыялі паўстанню. Паўстанне ў ёй адкрыла літаратурны густ. Пісьменніца пачала звяртацца да тэмы прыгону, гродзенскай тэматыкі. І пісала і распавядала пра паўстанне ўсё жыццё.

Фота: hrodna.life

Уся інтэлігенцыя была заангажавана ў паўстанне

Раней на плошчы Леніна была забудова. Тут жылі браты Урублеўскія, якія праславіліся як вядомыя хімікі і ўдзельнікі паўстання. У Фарным касцёле ёсць шыльда ў іх гонар. А на месцы вечнага агню стаяў былы палац Тызенгаўза. У комплексе пабудоваў знаходзілася губернскае праўленне, дзе працавалі многія ўдзельнікі паўстання.

– У Гродне на час паўстання жыло трохі больш за 20 тысяч чалавек. З іх тысяча вайскоўцаў. Але інтэлігенцыя была заангажавана ў паўстанне: службоўцы, медыкі, чыгуначнікі, настаўнікі, майстры-рамеснікі, – тлумачыць Васіль.

Фота: hrodna.life

Паўстанцкі гатэль

У будынку, дзе зараз працуе ахова прыроды і кафэ “Семафор”, быў гатэль Ромера. “Ромер быў своеасаблівым гродзенскім банкірам. У яго гатэлі быў сейф з сакрэтам, куды памешчыкі з уезда маглі складваць свае грошы, каб не скралі. А за гэта ён браў працэнт”. У гатэлі спыняліся фактычна ўсе паўстанцы. У сакавіку 1863 года тут адбыўся сход паўстанцаў, дзе вырашылі, што рабіць далей пасля правалу ў Гродне. Пасля паўстання гатэль забралі і назвалі “Маскоўскім”. А ў 1919 годзе тут размясціўся Урад БНР. У гонар гэтага планавалі павесіць шыльду, але не атрымалася.

Самы паўстанцкі дом і вайскоўцы ў гімназіі

На Савецкай, 6 была мужчынская гімназія. “Ідэалогія была ў гімназіі такая, што рускіх прыезджых настаўнікаў не прымалі. Чалавек пачынае весці ўрок, а ён зрываецца. Каб наладзіць дысцыпліну, у гімназіі размясцілі вайскоўцаў”, – расказвае гісторык.

Дом, дзе зараз знаходзіцца “Оптыка”, быў у часы паўстання вядомы як Дом Фукса. Васіль называе яго “самым паўстанцкім домам” у Гродне. “На другім паверсе спыняліся і жылі многія кіраўнікі Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Фактычна ўсе, за выключэннем ксяндзоў, якія жылі і служылі пры касцёлах”.

Фота: hrodna.life

Недалёка, у пачатку вуліцы Савецкай, меў быць помнік Каліноўскаму.

– У 1980-х прынялі рашэнне паставіць тры новыя бюсты: Прытыцкага – удзельніка змагання супраць панскай Польшчы ў міжваенны час, Антонава – генерала, які нарадзіўся ў нашым горадзе, і Кастуся Каліноўскага, – расказвае Васіль. Але помніка дагэтуль няма.

Пакаралі смерцю дваіх чалавек. А магло быць больш

На сучаснай Савецкай плошчы, паводле сведкаў падзей, паўстанцы сустракаліся і перадавалі інфармацыю. Для гэтага выкарыстоўваліся і касцёлы.

Нельга абыйсці ўвагай турму. Гродна тады быў перасылачным цэнтрам, дзе ў турме ў розны час знаходзілася да 700 чалавек адначасова. “Паводле сведчанняў, на верасень 1863 года, калі паўстанне ішло на спад, там было 500 арыштаваных. З іх большая частка – сяляне”. Да іх ставіліся больш мякка. Калі яны не ўдзельнічалі ў бітвах, павешаннях, забойствах, іх адпускалі на месца пражывання пад паліцэйскі нагляд. У адносінах да шляхты дзейнічалі больш радыкальна – яе неабходна было вынішчыць.

Фота: hrodna.life

Пакаралі смерцю ў Гродне дваіх чалавек – селяніна Дамініка Талінскага за імкненне далучыць да паўстання сялянскія масы і Осіпа Урбановіча – салдата, які збег са службы ў паўстанцы. Гісторык кажа, што такіх пакаранняў было б больш, калі б пра гродзенскіх паўстанцаў даведаліся раней, пакуль паўстанне не пайшло на спад.

– Водгукі паўстання яшчэ некалькі гадоў былі ў форме штрафаў, канфіскацыі маёмасці. У горад больш актыўна пачало прыбываць рускае насельніцтва, павялічылася колькасць салдат. Засталіся трагічныя старонкі і будынкі, па якіх мы прайшліся. Комплекс значна большы: і Замкавая, і Стары замак, Новы замак, кляштары – бернардынскі, дамініканскі, брыгітак, – завяршае экскурсію гісторык.

Значэнне паўстання для Беларусі

– Мы жывем у свой час і ведаем, як усё скончылася. Людзі, якія жылі ў той час, былі маладымі: сярэдні ўзрост удзельніка Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі – 24 гады. Яны думалі з пункту погляду ідэалаў, якімі жылі. Але як бы склалася гісторыя, калі б пастаўння не было? Шкада 16 тысяч чалавек, якія сталі ахвярамі падзей. Ведаючы сітуацыю ў студзені 1863 года, шанец быў. Але для гэтага павінны былі супасці вельмі шмат фактараў. А для расійскага кіраўніцтва паўстанне магло б быць яшчэ адной катастрофай, – разважае Васіль.

Чаму ў горадзе так мала згадак пра паўстанне і месцы, датычныя яго?

– Пытанне да гарадскіх уладаў, з імі трэба працаваць. Мая справа як гісторыка – данесці пэўную інфармацыю.

– А навошта гэта ўвогуле патрэбна?

– Гэта частка нашай гісторыі, без якой мы не можам зразумець саміх сябе. Каб зразумець, хто мы такія, мы павінны ведаць падзеі нашай мінуўшчыны. У тым ліку і паўстанне, якое з’яўляецца адной з ключавых падзей у беларускай гісторыі 19-га стагоддзя. І паўплывала на 20-е стагоддзе тым, што нарадзіла цэлае пакаленне, якое нарадзіла ідэю Беларусі ў сённяшнім разуменні. Людзі не ведаюць пра гэта. Губляюцца традыцыі, губляецца сувязь з каранямі, але трэба над гэтым працаваць.

Фота: hrodna.life

Універсальны герой

– Патэнцыял Каліноўскага вельмі вялікі і шкада, што дзяржава з гэтым не працуе. Гэта магчымасці для выхавання падрастаючага пакалення, каб падоўжыць і прапагандаваць ідэю незалежнасці Беларусі. І гэта перарасце з узроўню дэкларавання да таго, як людзі будуць сапраўды адчуваць нейкя пачуцці, перажыванні, – кажа гісторык.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях