28 марта 2024, четверг, 15:04
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Уладзімiр Караткевіч — пісьменьнік з нашай будучыні»

«Уладзімiр Караткевіч — пісьменьнік з нашай будучыні»
Фотa: svaboda.org

У чым актуальнасьць яго творчасьці?

«Радыё Свабода» апубликавала размову зь пісьменьніцай і літаратуразнаўцам Палінай Качатковай, адной з арганізатараў Фэстывалю Ўладзімера Караткевіча, які пройдзе ў Смалянах і Воршы 30 лістапада.

— Скажыце, калі ласка, хто прыдумаў ідэю Фэстывалю Ўладзімера Караткевіча?

— Ідэя фэстывалю абмяркоўваецца ў Воршы ўжо каля пяці гадоў. Магчыма, у Менску яна таксама абмяркоўвалася. Таму я ня буду казаць, хто яго прыдумаў, бо такіх натхняльнікаў за апошнія гады было шмат. Але я магу сказаць, што арганізоўваюць яго аршанская філія Таварыства беларускай мовы і Беларускі ПЭН-Цэнтар.

Уладзімер Караткевіч у грыбах

— А ў вас роля каардынатаркі гэтага ўсяго ці як яе назваць?

— Такім рухавіком гэтага першага фэстывалю, напэўна, зьяўляемся я і Юры Нагорны (старшыня аршанскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, аднагрупнік Алеся Разанава). Мы зьвярнуліся з гэтай прапановай у ПЭН-Цэнтар, які нас радасна падтрымаў.

— Калі вы зьвярталіся ў ПЭН-Цэнтар, як вы тлумачылі ідэю фэстывалю — чаму варта яго правесьці?

— Бо гэта Ворша, родны горад Караткевіча, які знаходзіцца на памежжы з Расеяй, і цяпер вельмі важна абазначыць гэтыя культурныя межы. Да таго, у Воршы адбываецца вельмі мала падзеяў такога кшталту. Мы яшчэ думалі ў свой час пакласьці камень недалёка ад памежжа з цытатай з Караткевіча. Ну і наступны год — юбілейны [90-ыя ўгодкі Караткевіча. — РС], будзе шмат розных захадаў. І яшчэ нам здавалася вельмі важным, каб пісьменьнікі зь Менску прыехалі ў Воршу і ўбачылі яе, бо так атрымліваецца, што мала хто быў у гэтым горадзе, жывуць розныя стэрэатыпы, што гэта крымінальны горад. Папраўдзе гэта вельмі прыгожы горад, зручны для жыцьця, горад на чатырох рэках.

Табліца на доме ў Воршы, дзе жыў Уладзімер Караткевіч

Зьбіраецца да нас прыехаць таксама Яўген Вапа [галоўны рэдактар беластоцкай «Нівы». — РС], бо шмат у чым мы бяром за ўзор фэстываль «Бязьмежжа», які праводзіцца на Беласточчыне. Наш караткевічаўскі фэстываль сёлета зарыентаваны ня гэтулькі на мясцовую публіку, як на саміх творчых людзей, якія змогуць прыехаць, паглядзець на мясьціны, правесьці дыскусіі, наведаць Смаляны, пабачыць замак Белы Ковель, магілу Тамаша Зана, руіны дамініканскага касьцёла, прайсьці экскурсіяй па караткевічаўскіх мясьцінах, апісаных у рамане «Нельга забыць» (які пачаткова называўся «Леаніды ня вернуцца да Зямлі»)…

Мы спадзяемся, што нам удасца зайсьці ў сямейны дом Караткевічаў і паглядзець, як ён выглядае цяпер — там нічога не зьмянілася з пасьляваеннага часу, у сэнсе, ён не перабудоўваўся. Ну і падчас гэтага фэстывалю варта абмеркаваць, што можна будзе зрабіць на наступны год.

— Я прачытаў у анонсе вашай імпрэзы, што Фэстываль Уладзіміра Караткевіча — гэта пакуль такая працоўная назва…

— Першапачаткова мы прапанавалі назву «Леаніды вернуцца да Зямлі». І хацелі праводзіць фэстываль 17 лістапада, калі гэтыя Леаніды лятуць, калі ёсьць гэтая астранамічная зьява, хоць мы яе ня бачым. Але мы не падумалі, што 17 лістапада — выбары… А пасьля Ўладзімер Арлоў сказаў, што назва нешта не зусім добрая і трэба яшчэ падумаць…

— А ці можаце назваць прозьвішчы дзеячоў культуры, якія зьбіраюцца на фэстываль у Воршу?

Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч, учора была размова з Алесем Разанавым, які сказаў, што яму гэта вельмі цікава, але ён яшчэ ня вырашыў, ці паедзе… Будуць людзі з Саюзу пісьменьнікаў, будзе Тацяна Нядбай, будзе Ірына Дубянецкая, якая пры магіле Тамаша Зана раскажа пра філяматаў. Будзе каля 20 чалавек…

Будынак колішняга кляштару базыльянаў у Оршы

— Якія канкрэтна караткевічаўскія мясьціны ў Воршы вы зьбіраецеся паказаць гасьцям са сталіцы, акрамя згаданага сямейнага дому?

— Калі я з вамі гавару, я стаю ў Воршы, на беразе Аршыцы, і гляджу на езуіцкі калегіюм, у якім у свой час бываў Стэндаль, інтэндант у Воршы падчас вайны 1812 году. У Воршы вельмі шмат мясьцінаў, зьвязаных з Караткевічам. Яны захаваліся ў некранутым стане. Гэта вуліца Караткевіча, па якой я правяду экскурсію. Дом, у якім я нарадзілася, стаіць на гэтай вуліцы…

— Ах, дык Ворша — ваш родны гарадок?

— Гэта мой родны горад, ён не такі ўжо гарадок… Усе людзі чамусьці думаюць, што ён малы…

— А ён — не малы?

— Ён такі, як Беласток… Уяўленьні пра Воршу нейкія такія скрыўленыя. Тут шмат прадпрыемстваў, тут ходзяць цягнікі Бэрлін — Караганда, гэта горад, у якім кіпіць жыцьцё. Гэта горад на чатырох рэках: Дняпро, Аршыца, Адроў і Куцеенка. Караткевіч апісваў яго і ў вершах, і ў рамане «Нельга забыць». Засталіся ліпы, пад якімі ён выпіваў з Барадуліным. Гэта ўсё мы ўбачым. І перш за ўсё вуліцу Караткевіча, якая вельмі часта мяняла назвы: спачатку яна была Паштовай, пасьля Піваварнай, пасьля Ігнатоўскага, пасьля Варашылава, у акупацыю зноў стала Піваварнай (па-нямецку), пасьля вайны яна зноў стала Варашылава, пасьля Касманаўтаў, і нарэшце — вуліцай Караткевіча…

— Якія кошты правядзеньня такога фэстывалю — вялікія, малыя?

— У аснову гэтага фэстывалю лягла прэмія, якую атрымала Таварыства беларускай мовы. Гэта вельмі невялікія грошы, якіх хопіць на праезд маршруткай зь Менску і на абед у Воршы. Усё астатняче ў нас пакуль робіцца на такіх валянтэрскіх пачатках. Напрыклад, Сяржук Доўгушаў, ён сам з Воршы, будзе сьпяваць у нас за бясплатна. Ганарараў няма, але ёсьць цікавасьць да гэтага, і гэта трэба разьвіваць. Пакуль мы робім гэта на энтузіязьме…

Паліна Качаткова

— На заканчэньне задам агульнае пытаньне. Як вы ацэньваеце прысутнасьць твораў Караткевіча сярод чытачоў сучаснай Беларусі? Ён — папулярны і актуальны пісьменьнік, ці ўжо старасьвеччына, якую прыгадваюць толькі пры юбілейных датах?

— Караткевіч — актуальны пісьменьнік у сёньняшняй Беларусі. Так сама актуальны, якім ён быў у 1970-х гадах. Гэта аўтар беларускіх бэстсэлераў, якія і дагэтуль зьяўляюцца такімі. Гэта пісьменьнік, якога ведаюць і маладыя людзі, і людзі сярэдняга ўзросту. Ён пісаў пра старасьвеччыну, але пісьменьнік ён не старасьвецкі, ён хутчэй пісьменьнік з будучыні.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях