20 апреля 2024, суббота, 8:08
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Моц дрэва: 7 велічных драўляных касьцёлаў Беларусі

2
Моц дрэва: 7 велічных драўляных касьцёлаў Беларусі
Фото: planetabelarus.by

Гэтыя помнікі народнага дойлідзства пабудаваныя ў розныя часы і ў розных стылях.

Войны, пажары, савецкую ўладу на Беларусі перажылі некалькі дзясяткаў драўляных касьцёлаў. Пераважна гэта помнікі народнага дойлідзтва XVII–XIX стагодзьдзяў, тэрытарыяльна найлепей яны захаваліся на Горадзеншчыне. Журналісты адабралі сем каталіцкіх сьвятыняў, пабудаваных з дрэва ў розныя часы і ў розных стылях, якія выглядаюць ня менш велічна за камяніцы.

«Радыё Свабода» расказвае пра малавядомыя архітэктурныя і прыродныя адметнасьці Беларусі.

1. Касьцёл Пятра і Паўла

Дрысьвяты. Браслаўскі раён, Віцебшчына

Фото: planetabelarus.by

Гісторыя гэтага касьцёла пачалася на востраве возера Дрысьвяты, дзе стаяў умацаваны замак, а пад яго абаронай — паселішча з храмам. Пасьля пажару мястэчка пераехала на мацярык, а новы храм узьвялі на паўвысьпе зь відам на возера. Першая ўсясьветная вайна пакінула ад драўлянай дрысьвяцкай сьвятыні толькі агароджу з бутавага каменю. Пасярод яе ў 1929 годзе паўстаў новы Петрапаўлаўскі касьцёл. Храм спраектаваў «галоўны архітэктар Беларускай Народнай Рэспублікі» Лявон Вітан-Дубейкаўскі, а працы выконвалі вучні ягонай віленскай будаўнічай школы.

Адметнасьць касьцёла — шматступеньчатая вежа-званіца, заўважная за некалькі кілямэтраў. Кожны зь пяці ярусаў вежы і вокны на іх маюць розную форму. Касьцёл накрыты складанай формы дахам, сьцены абшаляваныя дошкамі. Галоўны ўваход аздоблены адкрытай галерэяй з чатырма мураванымі калёнамі.

2. Касьцёл Раства Дзевы Марыі

Кемелішкі. Астравецкі раён, Гарадзеншчына

Фото: planetabelarus.by

Драўляны касьцёл, які спалучае ў сабе рысы мадэрну, нэаклясыцызму і нэаготыкі, некалькі стагодзьдзяў узвышаецца над Кемелішкамі. Храм пабудавалі на сродкі Станіслава Прушынскага і яго жонкі Ганны і асьвяцілі ў гонар нараджэньня Дзевы Марыі. У другой палове ХІХ стагодзьдзя пробашчам у касьцёле служыў гісторык і сьвятар Ян Курчэўскі родам з Данюшава, дзе на беразе Віліі таксама захаваўся прыгожы драўляны храм.

Звонку касьцёл Раства Дзевы Марыі аздабляюць дзьве вежы, завершаныя вастраверхімі шатрамі.

Галоўная адметнасьць сьвятыні ўнутры — стары арган, упрыгожаны каляровай драўлянай разьбою. Інструмэнт упершыню згадваецца ў інвэнтары касьцёла ў 1786 годзе. Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя яго перарабіў віленскі майстар Ёсіф Радовіч. Ад барочнага аргана захавалася фасадная частка і гістарычныя трубы. Гэты арганны праспэкт у блакітнай і ружовай мармурызацыі называюць самым рознакаляровым у Беларусі.

3. Касьцёл Нараджэньня Дзевы Марыі

Дуды. Івейскі раён, Горадзеншчына

Фото: planetabelarus.by

Драўляны касьцёл у гонар сьвятой Дзевы Марыі і сьвятога Язафата паўстаў у вёсцы Дуды ў 1772 годзе. Ён пабудаваны ў стылі позьняга барока па фундацыі старасты дудзкага Гераніма Зянковіча і яго жонкі Барбары. Ляканічны, бяз вонкавага дэкору касьцёл мае дзьве вежы з чатырохграннымі шатрамі. Храм, драўляная званіца, узьведзеная адначасна з касьцёлам, і пагост абнесеныя каменнай агароджай.

Сьціплы знадворку касьцёл мае багатае ўнутранае ўбраньне — тры барочныя алтары аздобленыя разьбою і пазалотай. У бажніцы таксама захаваўся арган на пяць рэгістраў, зроблены Флярыянам Астрамэнцкім. Каля васьмі гадоў яго майстэрня знаходзілася ў Гародні. Дзесяць з дваццаці захаваных арганаў майстра засталіся ў Беларусі.

Дудзкі касьцёл перажыў войны мінулага стагодзьдзя. За савецкім часам быў зачынены і ператвораны ў зернясховішча. Вернутую каталікам сьвятыню цяпер называюць адным з найлепш захаваных помнікаў драўлянага дойлідзтва ў Беларусі. А вёска Дуды ўключаная ў турысцкія маршруты.

4. Касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі

Хоўхлава. Маладэчанскі раён, Міншчына

Фото: planetabelarus.by

Першапачаткова Хоўхла (так вёска звалася да савецкага часу) была ўмацаваным замкам Вялікага Княства Літоўскага. Пазьней — фальваркам і мястэчкам. З апошняй зьменай улады статус Хоўхлы панізіўся да вёскі. Першы драўляны храм у Хоўхлаве датуюць пачаткам XV стагодзьдзя. Касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі пабудавалі на тры стагодзьдзі пазьней. Ён стаіць на пагорку ў цэнтры Хоўхлава. Убаку ад сьвятыні — мураваная капліца-пахавальня роду Язьвінскіх.

У розныя часы сьвятыню паміж сабою дзялілі каталікі і праваслаўныя. Савецкая ўлада храм зачыніла, і касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі стаў складам. У 90-я гады касьцёл вярнулі вернікам. Галоўны алтар унутры сьвятыні аздабляе абраз Маці Божай з сынам. Гэта копія. Арыгінал ад 1963 году захоўваецца ў сталічным мастацкім музэі.

5. Касьцёл Сьвятога Юды Тадэвуша

Прывалка. Горадзенскі раён

Фото: planetabelarus.by

Прывалка — геамарфалягічна зацьверджанае самае нізкае месца краіны. Паводле легенды, пад зямлю правалілася спаленая крыжакамі старажытная крэпасьць. Згодна зь іншым паданьнем, гэта быў Райскі горад, які пайшоў пад зямлю за грахі месьцічаў. Ад яго засталіся глыбокая лагчына і легенды, якія, верагодна, натхнілі Мікалая Чурлёніса на стварэньне карціны «Райгорад».

Першым фундатарам касьцёла ў Прывалцы быў кароль Жыгімонт ІІІ Ваза. Аднаўленьнем сьвятыні займаўся ўладальнік пасяленьня Францішак Ксавэры Агінскі. За ўдзел у паўстаньні 1863 году расейскія ўлады ліквідавалі каталіцкую парафію ў Прывалцы. Сьвятыня разам зь зямлёй перайшла да праваслаўнай царквы ў Друскеніках.

Пазьней касьцёл быў спалены немцамі, зачынены саветамі, у 90-я — адрэстаўраваны парафіянамі. На набажэнствы прыхаджан склікаюць званы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў. А пры ўваходзе сустракае пастаўленая падчас рэстаўрацыі пара якараў. Верагодна, яны сьведчаць пра суднаходнае мінулае Нёмана.

6. Касьцёл Яна Хрысьціцеля

Воўпа. Ваўкавыскі раён. Гарадзеншчына

Фото: planetabelarus.by

Старажытны вялікакняскі замак і даўняе магдэбурскае мястэчка — цяпер гэта вёска Воўпа на дарозе з Ваўкавыска ў Горадню. Галоўная славутасьць паселішча — высокі касьцёл Яна Хрысьціцеля, закладзены ў 1773 годзе на месцы сьвятыні XVI стагодзьдзя. Пабудаваны ў стылі позьняга барока храм называюць найвялікшым драўляным касьцёлам краіны.

Галоўны фасад сьвятыні ўтвараюць дзьве вежы зь нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі паабапал трохвугольнага франтону. Сьцены касьцёла абшаляваныя гарызантальна. Ня менш велічна выглядае інтэр’ер. Драўляны разьблёны галоўны алтар невядомага майстра стаў помнікам манумэнтальна-прыкладнога мастацтва першай паловы XVII стагодзьдзя. Вышыня скульптур сьвятых у алтарнай частцы — больш за два мэтры.

Відавочна, тутэйшыя майстры любілі працаваць з дрэвам. Колішнюю воўпаўскую сынагогу называлі шэдэўрам драўлянага дойлідзтва. Спаленая ў гады Другой усясьветнай вайны, яна перайшла да катэгорыі страчанай спадчыны.

7. Касьцёл Сьвятога Юр’я

Паланечка. Баранавіцкі раён. Берасьцейшчына

Фото: planetabelarus.by

Юр’еўскі касьцёл дзьвюма вежамі ўзвышаецца над Паланечкай на пагорку, непадалёк ад былога палаца Радзівілаў. Ён быў пабудаваны па фундацыі біскупа Антонія Жалкоўскага ў 1751 годзе і цягам наступнага стагодзьдзя ня раз перабудоўваўся, набываючы рысы нэаготыкі і мадэрну. Побач з касьцёлам — драўляныя званіца, капліца і плябанія.

Унутры касьцёл аздоблены драўлянымі алтарамі з разьбой, пазалотай і абразамі XVIII–XIX стагодзьдзяў. Пад алтарнай часткай — радавы склеп Радзівілаў. А на хорах, што трымаюцца на чатырох драўляных слупах, стаіць дзейны арган майстра Флярыяна Астрамэнцкага. Верагодна, у Юр’еўскім касьцёле быў ахрышчаны ўраджэнец суседняй Вялікай Мядзьведкі Ігнат Дамейка.

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях