29 марта 2024, пятница, 5:24
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

БНР і БССР — ня родныя сёстры і нават не сваячкі

2
БНР і БССР — ня родныя сёстры і нават не сваячкі

Нельга мірыць непрымірымае.

Сёньня даволі шмат беларусаў, нават некаторыя гісторыкі, найперш сярод занятых у дзяржаўных установах (ня блытаць з гісторыкамі афіцыёзнымі), бачаць Беларускую Народную Рэспубліку і Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку як дзьве формы беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці.

Такі погляд першым выклаў акадэмік Іларыён Ігнаценка ў знакамітых двухтамовых «Нарысах гісторыі Беларусі», што пабачылі сьвет у 1994–1995 гадах. Наконт БНР гэта быў вялікі прагрэс, бо раней савецкія гісторыкі яе або не заўважалі, або трактавалі выключна як справу нямецкіх акупантаў ды іхных прыслужнікаў-нацыяналістаў. Але ў пачатку 90-х ляснуўся Савецкі Саюз і «нацыяналісты» сталі запатрабаванымі.

Праз паўтара дзясятка гадоў гэтая тэза ўвайшла ў акадэмічную двухтамовую працу «Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVIII — пачатку XXI ст». Там БНР ужо цалкам рэабілітаваная, адпаведны параграф называецца «БНР — гістарычны выбар нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэньня», але адначасова і БССР трактуецца як нацыянальная беларуская дзяржава. Не сумняваюся ў прафэсійнай сумленнасьці калегаў з Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук, аднак хачу запярэчыць, нават запратэставаць супраць такога параўнаньня і зраўнаньня ў правах.

Ставіць БССР у адзін шэраг і па адзін бок барыкады з БНР не дазваляе галоўны (і ён жа адзіны) крытэр — рацыя стану беларускага народу. Таму што БССР — антыпод і адмаўленьне БНР. Таму што БССР — той жа Паўночна-Заходні край, якому з тактычных мэтаў зьмянілі назву (і абвесілі мішурой з псэўдаатрыбутамі дзяржаўнасьці). Таму што БССР была досьведнай пляцоўкай імпэрыі для адпрацоўкі спосабаў і мэханізмаў дэнацыяналізацыі і асыміляцыі. Ведаю, бо ў БССР нарадзіўся, вырас і праз тыя мэханізмы быў прапушчаны.

Галоўны контраргумэнт — без БССР не было б Рэспублікі Беларусі. І гэта праўда, але зусім недастаткова для рэабілітацыі савецкай Беларусі. У гісторыі не бывае прамых дарог і адназначна нэгатыўных або пазытыўных зьяваў. У 1939 годзе Славаччына здабыла незалежнасьць з ласкі Гітлера, славакі ў сваёй гістарычнай нарацыі не абмінаюць гэтага факту, але не сьпяшаюцца ім ганарыцца. У тым жа годзе адбылося ўзьяднаньне Беларусі праз змову Гітлера са Сталіным — нашыя гісторыкі вітаюць факт аб’яднаньня краіны, але пры гэтым адзначаюць, што тое адбылося ў выніку акту агрэсіі і стала аб’яднаньнем у адным канцлягеры.

У БССР была беларуская культура і літаратура, але трыманая ў рэзэрвацыі, было беларускае школьніцтва ў вёсках, але тупіковае, без працягу ў вышэйшай адукацыі. Была індустрыялізацыя, але не паводле ангельскай мадэлі (праз накапленьне капіталу) а па савецкай (коштам дабрабыту грамадзянаў) з урбанізацыяй, пры якой гарады ў Беларусі сталі асыміляцыйнымі русыфікацыйнымі катламі. Адзіная сьветлая пляма — г. зв. каранізацыя і беларусізацыя ў другой палове 20-х гадоў — аказалася ў выніку грандыёзнай чэкісцкай правакацыяй, апэрацыяй па выяўленьні беларускіх нацыяналістаў дзеля наступнай іх ліквідацыі.

Галоўная выснова з гістарычнага досьведу БССР — гэтая эрзац-дзяржава была не інструмэнтам рэалізацыі беларускіх нацыянальных інтарэсаў, а прыладай дэнацыяналізацыі і ліквідацыі беларусаў як этнічнай супольнасьці. Не дакончыла сваю справу яна толькі таму, што разваліўся Савецкі Саюз.

БССР нельга ставіць у слаўны шэраг беларускай дзяржаўнасьці побач з Полацкім княствам, Вялікім Княствам Літоўскім, Беларускай Народнай Рэспублікай. Бо гэта будзе няпраўда.

Сёньня казаць праўду — самая галоўная праблема беларусаў. Нашае яе ўніканьне стала сапраўднай хваробай, мы мірым непрымірымае ці прынамсі робім выгляд, што нам гэта ўдаецца.

Прымірэньне дэклярацыі нэўтралітэту Рэспублікі Беларусі з расейскімі вайсковымі базамі; дзяржаўнай незалежнасьці — з расейскім пратэктаратам (запаветная мара — газ па ўнутрырасейскіх цэнах); агітацыі за беларускую культуру — па-расейску.

Прымірэньне Плошчы Незалежнасьці з помнікам Леніну; савецкага міліцыянэра з царскім гарадавым (той самы скульптар ваяў, што і помнік Скарыну); Суворава — з Касьцюшкам; членскі білет БСРМ — з картай паляка; Чарнобыля — з Астравецкай АЭС.

Можна працягваць бясконца: малодшы сын — зь візытам у папы Рымскага; старэйшы сын — памочнік у нацыянальнай бясьпецы; ЭГУ — беларускі ўнівэрсытэт; Юры Зісер — герой Беларусі; галава царквы — замежны грамадзянін і г. д. і г. д. Прэзыдэнцкія мэрсэдэсы ды майбахі — «народныя» саманды, джылі, электрамабілі; праваахоўнікі — ілжэсьведчаньні ў судзе; кампанія «Говори правду» — і праўда; выраз «Лукашэнка — лідэр Беларусі» — апазыцыйныя мас-мэдыя.

Хіба лягічна будзе пачынаць казаць праўду ад гісторыкаў, што называецца, ад каранёў, ад вытокаў. Напрыклад, беларуская назва нашай сталіцы — Менск, а не Мінск. Нацыянальная мова беларусаў — беларуская, а расейская прынесеная на штыках імпэрыі.

Беларуская гістарычная навука пакуль яшчэ ня цалкам скінула баляст савецкай гістарыяграфічнай спадчыны, але гэта бачыцца толькі справай часу. Лягічны вынік далейшай эвалюцыі суб’ектнай беларускай гістарыяграфіі — прыняцьце агульнай храналягічнай схемы гісторыі дзяржаўнасьці на ўзор польскай і летувіскай:

сярэднявечная і новачасная дзяржаўнасьць

ліквідацыя дзяржаўнасьці ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (у польскай гістарыяграфіі агульнаўжываны тэрмін «пад заборамі» ад слова «забіраць»)

аднаўленьне дзяржаўнасьці

У беларускай навуковай гістарыяграфіі першым да такой схемы прыйшоў прафэсар Захар Шыбека, які ў сваёй сынтэзе гісторыі Беларусі (Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002), Мінск: «Энцыклапедыкс», 2003. — 490 с.) зьмясьціў падразьдзел з адпаведнай назвай: «Барацьба за ўзнаўленьне (выдзелена мною — А. К.) беларускай дзяржаўнасьці (сакавік 1917 — люты 1918)».

Алесь Краўцэвіч, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях