21 октября 2019, понедельник, 2:04
Мы в одной лодке
Рубрики

Беларус у Гарвардзе: Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным

7
Беларус у Гарвардзе: Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным

Максім Багдановіч — пра першы семестр у ЗША.

«Разумны, але такі неслух», — кажа Наталля Мікалаеўна, маці Максіма Багдановіча, які летась паступіў у Гарвард. Ужо другі раз яна праваджае сына на вучобу ў ЗША, але дагэтуль яе сэрца не адпускае трывога. «17-гадовы, адзін, у чужой краіне…»

Максім з бацькамі — татам Дзмітрыем Гарунавічам і мамай Наталляй Мікалаеўнай
Фота: tut.by

Затое сам Максім выглядае цалкам спакойна. Наперадзе ў яго — новы семестр у адным з лепшых універсітэтаў свету, а гэта новыя веды, людзі, сустрэчы, магчымасці, трэніроўкі і лёгкае захапленне той рэчаіснасцю, якую ён здабыў сваімі розумам і талентам, пiша tut.by.

— Вось ты быў нібыта першым хлопцам на сваёй вёсцы. Прыязджаеш у Гарвард — а там усе такія. Спачатку было крыху стрэсова: як адпавядаць узроўню? Але пасля перастаў параўноўваць сябе з іншымі, бо гэта неэфектыўна і нават шкодна.

Фота: tut.by

За дзве гадзіны да адлёту мы сустрэліся з сям’ёй Багдановічаў у аэрапорце і пагутарылі аб тым, пра што ніколі не распавядзе сціпласць Максіма: як гадаваўся будучы студэнт Гарварда, навошта, а 6-й гадзіне раніцы ён бегаў у кіёск «Белсаюздруку» і што азначае сямейны жарт «хто не чытаў Ніцшэ, той капае агарод». Пра першы семестр у Гарвардзе дый параўнанне яго з Драздамі гаворка таксама зайшла. Гартайце ніжэй — будзе цікава!

«У чатыры гады Максім папрасіў падарыць на дзень народзінаў глобус»

Мінск, Масква, Мюнхен, Нью-Ёрк, Бостан, Гарвард. Вылятае Максім у аўторак, а на месцы будзе толькі ў чацвер. Наогул, ён не збіраўся прыязджаць дадому на зімнія вакацыі, але так атрымалася. Бацькі Максіма — Наталля Мікалаеўна і Дзмітрый Гарунавіч — такой нечаканасці вельмі ўзрадаваліся.

За чатыры месяцы жыцця ў ЗША Максім заўважна змяніўся. У постаці з’явілася расслабленасць, у беларускім вымаўленні — ангельскае гучанне, у гаворцы — шмат словаў «эфектыўнасць» і «рацыянальнасць».

Фота: tut.by

У аэрапорт Максім прыязджае з кампактным заплечнікам і вялізнай валізкай. Гэтым разам яна нават большая, чым падчас ад’езду ў жніўні 2018-га. З сабой ён вязе мапу ВКЛ тых часоў, калі яно было ад мора да мора.

— Амерыканцам такое падабаецца. Неяк я апрануў цішотку з вышыванкай — дык людзі рабілі кампліменты. Цікавіліся, адкуль я, што гэта за культура. Насамрэч, расказаць можна шмат пра што. І я на гэтым капіталізуюся.

Беларусаў жа больш цікавіць куртка Максіма — з лагатыпам Гарварда і подпісам «Вahdanovitch».

— А што тут напісана? Фенсінг? — перапытвае Наталля Мікалаеўна, гледзячы на надпіс на яго куртцы.

— Фенсін (у перакладзе — фехтаванне. — Заўв.), — сваім бездакорным вымаўленнем папраўляе Максім. — Вы ж прыедзеце на цырымонію, калі я буду сканчаць універсітэт? То і вучыце ангельскую мову, каб «фенсінгаў» не было, — усміхаецца.

Фота: tut.by

Максім — старэйшы сын у сям'і Багдановічаў. Гадавалі яго бацькі разумным і выхаваным хлопцам. Пра тое, што з яго вырасце студэнт Гарварда, ніхто, канешне, не ведаў. Хаця часам былі такія падозры.

— Калі Максіму было чатыры гады, мы спыталі, што падарыць на дзень народзінаў. «Глобус!» — сказаў сын. Бабуля набыла, падарыла. Ён узрадаваўся, падзякаваў, а пасля сказаў: «Мне хацелася б большага памеру». Гэты глобус і дагэтуль жывы, а вось падараванай машынкай ён не вельмі зацікавіўся. Яна, новенькая, перайшла ў спадчыну нашаму малодшаму сыну, — усміхаецца Дзмітрый Гарунавіч.

Таксама Максім захапляўся кнігамі пра мастакоў. Каб набыць новую, ён прачынаўся а 6-й раніцы і бег у кіёск. А пасля чакаў, калі ён адчыніцца.

— За што б Максім ні браўся, усё ў яго атрымоўвалася. А мы нічога і не забаранялі, — распавядаюць бацькі. — Галоўная ўмова — каб гэта не шкодзіла бяспецы. Максім заўжды ведаў, што ён вучыцца для сябе, а не для нас. Усё, што магчыма, мы стараліся фінансаваць, але ў межах дазволенага. Аднак і сам ён шмат працаваў. Помню, мы ўжо пойдзем спаць, а ён усё сядзіць і піша ў свае сшыткі.

Максім ад такіх словаў ніякавее, адыходзіць убок, але захоўвае спакой — гэтаму «дзэну» ён навучыўся ад бацькі.

— Я нешта не тое кажу? — усхвалявана пытаецца Наталля Мікалаеўна.

— Не, усё добра, не хвалюйся.

— Ты не вельмі на мяне крыўдзішся? Калі што, даруй: я ж не ўмею даваць інтэрв'ю…

Вучыўся Максім у беларускамоўнай гімназіі № 4 горада Мінска. Бацькі вельмі ўдзячны яе настаўнікам, а таксама трэнеру, якая прывяла Максіма ў фехтаванне.

— Займацца ён пачаў позна, але ж стаў кандыдатам у майстры спорта. І што яшчэ хацелі б заўважыць. Калі б не ўступныя экзамены, патрапіць у гімназію было б складана: мы ж не адносіліся да яе па прапісцы.

— У Максіма заўжды быў такі грунтоўны падыход да ўсяго?

— З дзяцінства. Помню, мы едзем на лецішча, а ён бярэ з сабой цэлы заплечнік кніг. Мы нават жартавалі: «Хто Ніцшэ не чытаў, той ідзе капаць агарод. Што з імі і размаўляць».

Фота: tut.by

Ідэю паступіць за мяжу Максіму падказаў стрыечны брат. Бацькі да яе паставіліся скептычна, а вось Максім загарэўся. Ён сам знайшоў патрэбнага рэпетытара, сам падрыхтаваўся да амерыканскіх экаменаў — бацькі толькі дапамаглі іх аплаціць. У выніку ўсё атрымалася. Першыя тры дні ад навіны пра паступленне ў Гарвард у Наталлі Мікалаеўны была істэрыка. Вядома, яна вельмі парадавалася за сына, проста хутка да сэрца падступіла трывога: як ён будзе адзін у чужой краіне? Уратавала ад гэтай навязлівай думкі летняя школа па малекулярнай біялогіі ў Польшчы, на якой Максім пабываў летам.

— Тады я крыху звыклася, што сын ад нас з’язджае. Шчыра кажучы, найбольш падтрымліваў Максімаву ідэю бацька.

— Ён проста маўчаў. Лепшая падтрымка, — жартуе Максім.

— А я нервавалася. І зараз нервуюся. Але навошта цяпер, калі падумаць?

— Гэтым разам з больш лёгкім сэрцам адпускаеце сына ў ЗША?

— З цяжкаватым. Бо прыхварэў. Максім вельмі разумны хлопец, але такі неслух — немагчыма. Наш бацька — Дзмітрый Гарунавіч — доктар. То цэлую аптэку паклаў яму ў валізку. Канешне, нервуюся і хвалююся. Мы думалі, што сын будзе вучыцца ў медыцынскім універсітэце тут, побач. Ён жа хатні хлопец. Калі і ехаў куды раней, то недалёка і ненадоўга. А тут — адразу ў Амерыку. Але ён заўжды хацеў, каб была дзвіжуха. І ўсяго дамогся сам.

Фота: tut.by

— Вядома, калі Максім не паступіў бы, нічога страшнага не адбылося б, — дадае Дзмітрый Гарунавіч. — Веды засталіся б ведамі, насіць іх з сабой не цяжка. Інвестыцыя ў адукацыю — найлепшая інвестыцыя. Але ж магчымасці дзяцей не заўжды супадаюць з амбіцыямі бацькоў. Таму на першае месца патрэбна ставіць менавіта здольнасці дзіцяці, каб гэта было яго жаданне, а не прымус: «ты павінен».

Праз некалькі хвілін Максім моцна абдыме маці і бацьку, пройдзе сек’юрыці-кантроль, азірнецца, усміхнецца на развітанне — і праз суткі апынецца ў новым свеце.

«Кожны студэнт умее выстаўляць ў прывабным свеце як свае сілы, так і недахопы. Карацей, Übermensch'ы»

Першы семестр Максіма ў Гарвардзе пачаўся трэцяга верасня. На вучобу ён прыляцеў загадзя. Моўны бар’ер студэнт пераадолеў ужо на другі тыдзень. Да таго, што цяпер ён жыве, нібы ў дэкарацыях захапляльнага фільма, прывык вельмі хутка. Адзінае, з чым пакуль не жадае мірыцца, — гэта новая сістэма мераў, у якой замест кіламетраў — мілі, а градусаў Цэльсія — Фарэнгейты.

Фота: tut.by

На новым месцы Максім хутка займеў сяброў і добрых знаёмых.

У Гарвардзе, распавядае Максім, яму ніводнага разу не давялося сутыкнуцца з сітуацыяй, калі суразмоўцы пыталіся: «Беларусь? Гэта дзе? У Афрыцы?».

— 95 адсоткаў студэнтаў ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь. 70% — могуць назваць сталіцу краіны. 50% — у курсе, што мы эканамічна залежым ад Расіі і ў нас аўтарытарны палітычны рэжым.

Максім разумее: Гарвард — зусім нерэпрэзентатыўнае месца для ЗША.

Фота: tut.by

— Гэта як пайсці ў мінскія Дразды і спытаць у мясцовых жыхароў пра іх заробак, а пасля думаць, што ён такі па ўсёй Беларусі. Альбо казаць пра ўзровень сярэдняй адукацыі ў Беларусі, калі маеш досвед навучання толькі ў Ліцэі БДУ.

На думку Максіма, адным з лепшых універсітэтаў у свеце Гарвард робяць менавіта людзі, якія тут працуюць і вучацца.

— За непрацяглы час вучобы я сустрэў вялікую колькасць неверагодных людзей. Напрыклад, над праектам па праграмаванні я працаваў разам з дзяўчынай, якая выйграла самыя крутыя алімпіяды ў ЗША. Мой сябра з Масквы два разы запар стаў першым на міжнароднай алімпіядзе па хіміі. Яшчэ адзін сябра адначасова навучаўся па трох школьных праграмах: па нямецкай і амерыканскай сістэмах, а таксама ў міжнародным бакалаўрыяце. Іншы знаёмы ўжо на першым курсе працуе кансультантам для адной біялагічнай кампаніі. На першым! Кожны разумее, у чым яго сіла, а ў чым — недахопы. І гэта важная рыса, якую я адзначыў: кожны ўмее выстаўляць ў прывабным свеце як свае сілы, так і недахопы. Карацей, Übermensch'ы (у перакладзе з нямецкай мовы «звышлюдзі». — Заў.), — смяецца Максім.

Самому Максіму спачатку было не вельмі камфортна сярод гэтых «звышлюдзей». Нават крыху стрэсова.

Фота: tut.by

— Але з часам я перастаў параноўваць сябе з іншымі, бо гэта неэфектыўна і нават шкодна. Не ўяўляю, як можна жыць і кожны дзень думаць, што ты не лепшы. Так можна і здароўе страціць. Цяпер я проста ведаю, што нічога не ведаю. І трэба рухацца наперад.

Пра «нічога не ведаю» — гэта ў Максіме зноў загаварыла яго сціпласць, канешне.

У першым семестры, распавядае, студэнтам Гарварда дазволена браць не больш за чатыры курсы. Максім абраў матэматыку, біялогію, гішпанскую мову і праграмаванне.

Праграмаванне яму давялося вывучаць з нуля, як і гішпанскую. Трапіў Максім у «прасунутую» групу, хоць сам пра тое не ведаў. Але выдатна справіўся з усімі хатнімі заданнямі і фінальным праектам павышанага ўзроўню.

Фота: tut.by

А нядаўна ён далучыўся да адной з лабараторый па біялогіі, куды «андэградаў» (тых, хто навучаецца ў бакалаўрыяце) звычайна не бяруць. Але Максіма — узялі. Пакуль ён толькі намацвае накірунак, у якім хацеў бы працаваць. А пасля плануе атрымаць грант універсітэта, каб прысвяціць сваё лета даследаванням.

— Звычайна ў лабараторыі працуе шмат постдактарантаў і PhD-студэнтаў. Я ж — андэград, які хадзіў і пытаў: «Ёсць што?» У першы дзень, калі далучыўся да лабараторыі, мой сябра абараняў сваё даследаванне. Помню, ён казаў: «Калі вы працуеце ў лабараторыі, і ў вас узнікла жаданне ўзяць „андэграда“, калі ласка, не бярыце. Лепш разліце кіслату сабе на скуру — будзе аднолькавы эфект».

Апроч вучобы, Максім трэніруецца ва ўніверсітэцкай камандзе па фехтаванні, куды яго запрасіў сам капітан, далучыўся да клубу па астрономіі і альпінізме. Магчымасцей для сацыяльнага жыцця — мноства, кажа Максім. Хоць прызнае: Гарвард у гэтым не лепшы.

— Студэнцкія паці ў Гарвардзе спецыфічныя. Гэта дакладна не паці-клуб. Не сказаць, што я скарджуся. Насамрэч, там ёсць шмат крутога, проста паці — не тое, у чым мы — першыя. У Йелі вечарынкі весялейшыя. Аднойчы быў там на выходных. Уявіце сабе: падвал, тры гадзіны ночы, secret society. І раптам пачынае граць музыка Веркі Сярдзючкі. Гэта было даволі сюррэалістычна.

Жыве Максім, як і ўсе першакурснікі, побач з кампусам — у Harvard Yard. Гэта самая старая частка ўніверсітэта. Кожны дзень ён прачынаецца і бачыць у вакне нібыта кадры з фільму — утульны двор, гістарычную забудову. У наступным годзе яго пераселяць у адзін з 13 дамоў, у кожнага з якіх — свае традыцыі і канкурэнцыя адзін з адным. Праўда, куды менавіта трапіць Максім, ніхто не ведае: усё адбываецца рандомна. Амаль як у «Гары Потэры».

— Калі прыехаў, усё падавалася неверагодным. Памятаю, я натуральна хадзіў з разінутым ртом. Было нерэальна крута. Зараз гэта падаецца нормай: прыгожыя будынкі, гістарычныя месцы. А спачатку!.. Наогул, адсутнасць чаканняў — гэта мая палітыка па жыцці. Што ні зробіцца потым, усё будзе добра.

На фінансавы аспект жыцця Максім не скардзіцца. Стыпендыя цалкам пакрывае плату за вучобу, жыллё і ежу ў сталовай. Атрымоўвае ён і невялікую стыпендыю на штодзённыя выдаткі, за якія тэарэтычна жыць можна, але крыху складана, улічваючы, які высокі ўзровень жыцця склаўся ў Гарвардзе.

Фота: tut.by

— Калі пайсці паесці за межамі сталовай, будзе адчувальна дорага. Ёсць шмат студэнтаў, якія могуць плаціць ды прывыклі жыць на шырокую нагу, і бізнэс гэта выдатна разумее. Не скажу, што жыву зусім сціпла, але вяду не такі самы лад жыцця, як некаторыя мае сябры.

Цешаць Максіма і роўныя адносіны з выкладчыкамі, і кодэкс гонару, якога абавязаны прытрымлівацца ўсе студэнты Гарварда.

— Гэтая рэч — кодэкс гонару — мне вельмі падабаецца. Перад пачаткам семестру было шмат сустрэч, падчас якіх нам распавядалі пра стасункі з калегамі, пра павагу і паважлівае стаўленне да іншых культур, рас, сэксуальных арыентацый. Каб мы з самага пачатку прытрымліваліся гэтых правілаў і станавіліся часткай Harvard Community. Дарэчы, перад іспытам кожны студэнт падпісвае паперу, што ён азнаёмлены з кодэксам гонару і ведае, што будзе, калі яго не прытрымлівацца. Але і без яго кожны разумее, навошта ён альбо яна паступілі ў Гарвард. Гэта тая рэч, якую можна было б ужываць у беларускіх універсітэтах — нагадваць пра сваю годнасць і гонар.