Жыхарам Пецярбурга адключылі інтэрнэт і загадалі не выходзіць на вуліцу
11- 6.06.2026, 13:57
- 6,164
З-за масіраванага налёту ўкраінскіх дронаў.
Губернатар Санкт-Пецярбурга Аляксандр Бяглоў заклікаў жыхароў горада не пакідаць свае дамы з-за масіраванага налёту ўкраінскіх дронаў. «Раніцай 6 чэрвеня Пецярбург падвергнуўся маштабнай атацы беспілотных сродкаў вайсковага прызначэння. Працуюць сродкі СПА. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Аператыўнага штаба прашу пецярбуржцаў заставацца ў сваіх дамах і не выходзіць на вуліцу», — напісаў ён у сваім канале ў заблакаваным Telegram а палове васьмі раніцы. Паводле даных уладаў горада, у выніку атак тры чалавекі атрымалі раненні.
На гэтым фоне ўлады адмянілі правядзенне фестывалю «Паруса Кранштадта». Пра гэта абвясцілі ў Камітэце па развіцці турызму Санкт-Пецярбурга, звярнулі ўвагу ў Асацыяцыі тураператараў Расіі (АТОР). Фестываль павінен быў прайсці 6–7 чэрвеня на тэрыторыі «Вострава фортаў».
Бяглоў таксама папярэдзіў гараджан аб магчымых «перабоях мабільнага інтэрнэту» і паабяцаў асобна паведаміць пра «ліквідацыю паветранай небяспекі». Да 12:00 дадатковай інфармацыі губернатар не прадаставіў. Паводле даных маніторынгавага рэсурсу Downdetector, мабільны інтэрнэт у Пецярбургу пачалі актыўна глушыць каля 3:40. Колькасць скаргаў на адсутнасць злучэння пачала змяншацца да 11:00, аднак агульная колькасць паведамленняў пра збоі склала амаль 3 тыс. за суткі.
У каментарах пецярбуржцы пішуць, што інтэрнэт адсутнічае ўжо трэці дзень, з дня пачатку ПМЭФ у сераду, і не працуюць нават «белыя спісы». На партале «Сбой.рф» Пецярбург займае другое месца па колькасці скаргаў на блакіроўкі за апошнія 3 гадзіны, саступаючы толькі Маскве.
У выніку начнога налёту дронаў Збройных Сіл Украіны ў Пецярбургу і Ленабласці быў пашкоджаны шэраг аб’ектаў, уключаючы, меркавана, Кранштацкі марскі кадэцкі корпус. Пасля гэтага ўлады прыкладна на гадзіну перакрылі ўезд і выезд з горада, дзе знаходзіцца адна з ключавых ваенна-марскіх баз РФ на Балтыцы, якая ўжо трапляла пад украінскі ўдар у сераду.
Паводле інфармацыі кіраўніка Ленабласці Аляксандра Дроздэнкі, у выніку «беспрэцэдэнтнай атакі» дронаў у шэрагу раёнаў мелі месца «незначныя разбурэнні» ў выглядзе пасечаных аскепкамі фасадаў дамоў і шкла. Губернатар пацвердзіў факт пажару «на аб’екце Міністэрства абароны» ў Ламаносаўскім раёне і абвясціў пра «частковую эвакуацыю жыхароў з зоны побач з узгараннем».
Раніцай украінскія маніторынгавыя рэсурсы паведамлялі пра пажар і выбухі на тэрыторыі в/ч 81263 — 7082-й тэхнічнай мінна-тарпеднай базе ўзбраення ВМФ у Вялікай Іжоры. Паводле даных Дроздэнкі, ніхто не пацярпеў.