На фронце паранены былы народны дэпутат Украіны Алег Цягныбок
10- 6.06.2026, 12:34
- 7,372
Расійскі дрон атакаваў аўтамабіль з палітыкам.
Былы народны дэпутат Украіны, старшыня Усеўкраінскага аб’яднання «Свабода» і вайсковец Алег Цягныбок атрымаў раненне на фронце ў выніку атакі расійскага дрона.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на паведамленне мэра Івана-Франкоўска Руслана Марцінківа у Telegram.
«Алега Цягныбока паранілі на фронце. Ён разам з пабрацімамі быў у адным аўтамабілі, у які трапіў варожы дрон. Жадаем хуткага акрыяння», — гаворыцца ў паведамленні.
Цяпер жыццю Цягныбока нічога не пагражае.
Пазней падрабязнасці інцыдэнту распавёў намеснік камандзіра роты батальёна беспілотных сістэм 128-й брыгады Цімур Кныш, паведамляе львоўскі тэлеканал NTA.
Паводле яго слоў, расійскі FPV-дрон атакаваў аўтамабіль, у якім знаходзіўся Цягныбок. Дзякуючы хуткім дзеянням вадзіцеля і хуткасці руху ўдалося пазбегнуць значна больш цяжкіх наступстваў.
«Дзякуючы майстэрству вадзіцеля і хуткасці перамяшчэння, раненне несмяротнае. Але сур’ёзная кантузія з усімі наступствамі — гэта баротраўма і страсенне мозгу. Але чалавек жывы», — распавёў старшы лейтэнант Кныш.
Што вядома пра Цягныбока
Алег Цягныбок — старшыня Усеўкраінскага аб’яднання «Свабода», былы народны дэпутат Украіны і кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 і 2014 гадоў.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ён абвясціў пра прыпыненне палітычнай дзейнасці партыі на перыяд ваеннага становішча і ўступіў у шэрагі Узброеных Сіл Украіны.
У 2025 годзе Цягныбоку прысвоілі званне падпалкоўніка і прызначылі камандзірам батальёна беспілотных сістэм брыгады «Дзікае Поле».