З-за ўдару беспілотнікаў спынены рух цягнікоў Беларускай чыгункі
2- 6.06.2026, 11:48
- 7,680
Рух спынены на ўчастку Крычаў — Сураж.
З 30 мая 2026 года Беларуская чыгунка спыніла адпраўленне грузавых цягнікоў праз стыкавы пункт Белынкавічы (БЧ) — Сураж (РЖД) у кірунку расійскай станцыі Унеча. Пра гэта паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Афіцыйнай прычынай стала пашкоджанне чыгуначнай інфраструктуры ў раёне станцыі Унеча Бранскай вобласці ў выніку ўдару беспілотніка 21 мая 2026 года.
Грузавыя цягнікі з крычаўскага накірунку БЧ перанакіраваныя ў абыход — праз Оршу і далей праз МГСП Асінёўка — Краснае.
Да атакі беспілотніка праз стык Белынкавічы — Сураж праходзіла не больш за 2–3 грузавыя цягнікі ў суткі. Другі стыкавы пункт у кірунку Унеча — Закопыцце (БЧ) — Злынка (РЖД) для руху не закрываўся.
Цяпер устойлівасць беларускіх грузавых перавозак усё больш залежыць не толькі ад стану ўласнай чыгуначнай сеткі, але і ад бяспекі расійскіх прыгранічных вузлоў.
Паводле непацверджаных звестак выдання, аднаўленне працы МГСП Белынкавічы — Сураж плануецца на 5–6 чэрвеня 2026 года, аднак у абмежаваным рэжыме — з прапускам не больш як аднаго грузавога цягніка ў суткі.
Унеча з’яўляецца буйным чыгуначным вузлом на расійскім баку, праз які забяспечваецца праход шэрагу цягнікоў, звязаных з работай БЧ.
Перанакіраванне саставаў праз Оршу стварае дадатковую нагрузку на накірунак, які, паводле звестак супольнасці, і без таго з’яўляецца найбольш загружаным у цяперашні час.