Італьянскія «Кентаўры» выйшлі на службу ў ЗСУ
- 24.05.2026, 19:16
- 1,544
Украінскія вайскоўцы распавялі пра траплянне ў мэту на дыстанцыі 11 кіламетраў.
Італьянскія колёсныя танкі B1 Centauro упершыню з'явіліся на ўзбраенні ЗСУ летась, але з таго часу пра іх амаль нічога не было вядома. Аднак днямі YouTube-канал Сіл абароны Украіны «Армія» апублікаваў рэпартаж з трэніровак экіпажаў гэтых машын са складу 78-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады.
У відэа танкіст з пазыўным «Дырэктар» патлумачыў, што галоўная асаблівасць Centauro — яго колёсная база і высокая хуткасць перамяшчэння. Паводле слоў вайскоўца, машына здольная рухацца па асфальтавых і грунтавых дарогах са хуткасцю да 105 км/г без неабходнасці выкарыстання тралаў для транспартавання праз населеныя пункты.

Экіпаж машыны складаецца з чатырох чалавек — механіка-вадзіцеля, камандзіра, наводчыка і зараджальніка. Centauro абсталяваны 105-мм гарматай, а боезапас складае 40 снарадаў розных тыпаў, у прыватнасці аскепкавых, кумулятыўных і бранябойных.
Украінскія вайскоўцы асабліва адзначаюць сістэму навядзення і дакладнасць агню.
«Самы далёкі стрэл — у мяне была закрытая пазіцыя — гэта на 11 км. На 11 100 [метраў] я трапіў дакладна ў дом, дзе сядзелі расіяне», — распавёў адзін з танкістаў.
Паводле слоў экіпажа, Centauro значна пераўзыходзіць савецкія танкі па якасці электронікі і ўнутранай сувязі. Вайскоўцы адзначаюць, што на старых Т-64 і Т-72 часта ўзнікалі праблемы з камунікацыяй паміж членамі экіпажа, тады як у італьянскай машыне гэтыя недахопы практычна адсутнічаюць.
Разам з тым экіпаж прызнае, што браніраванне машыны абмежаванае. Пярэдняя браня вытрымлівае снарады калібру 30 мм, аднак борты могуць прабівацца буйнакалібернымі кулямётамі 12,7 мм. З-за пагрозы FPV-дронаў танк дадаткова абсталявалі ахоўнымі канструкцыямі тыпу «капюшон».
Вайскоўцы таксама распавялі, што адзін з танкаў ужо перажыў некалькі атак дронаў-камікадзэ.
«У нас адзін танк двойчы па тры FPV-дроны заляталі наперад, у адзін бок. Ну, фары б'юць, і ўсё. Сетку падлаталі — і гатовы далей», — распавёў баец.
Афіцыйна Centauro класіфікуецца не як танк, а як знішчальнік танкаў. Аднак экіпаж прызнае, што сучасныя ўмовы вайны істотна ўскладняюць прамыя танкавыя дуэлі з-за масавага выкарыстання дронаў. У той жа час машына дэманструе высокую эфектыўнасць пры працы з закрытых пазіцый.
Асобна вайскоўцы звярнулі ўвагу на камфорт экіпажа. У машыне ёсць сістэма абагрэву, кандыцыянер, аўтаматычная каробка перадач і нават электрычная плітка для прыгатавання ежы. Паводле слоў байцоў, у параўнанні з савецкімі танкамі Centauro мае значна больш унутранай прасторы і больш камфортны для доўгага знаходжання экіпажа.