Каля гіганцкага зубра на М-1 з’явіцца незвычайнае кафэ
- 24.05.2026, 17:10
Турысты змогуць адпачыць і перакусіць каля папулярнай скульптуры.
Каля гіганцкай скульптуры зубра ля трасы М-1 хочуць адкрыць кафэ з незвычайнай кухняй. Як распавялі мясцовыя ўлады, цяпер волат прыцягвае шмат увагі — турысты спыняюцца, каб сфатаграфавацца.
Адпаведна, ёсць запыт і на кафэ, дзе можна было б адпачыць і перакусіць.
Ідэя кафэ з незвычайнай кухняй з’явілася ў уладаў Брэсцкай вобласці і Татарстана. Чыноўнікі супрацоўнічаюць і наведваюць адзін аднаго з візітамі. Падчас аднаго з іх і запланавалі адкрыццё сумеснага завядзення.
«Створым разам з Татарстанам кафэ «Крылы сяброўства» на ўездзе ў Брэсцкую вобласць каля скульптуры зубра», — расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Баценка.
Ён раскрыў асаблівасці меню. У новым завядзенні з’явяцца стравы татарскай кухні.
«Задзейнічаем птушкафабрыку «Дружба», якая вырабляе тыя ж курыныя крылы, ножкі», — адзначыў Баценка.
Але ў новым кафэ будуць прадстаўлены не толькі замежныя стравы — будзе і беларуская кухня.
Цяпер спецыялісты ўжо распрацавалі эскізны праект завядзення. Застаецца вырашыць толькі юрыдычныя пытанні.