Расакрэчана дакладнае месца беларуска-расійскіх «ядзерных» вучэнняў
1- 24.05.2026, 12:49
- 2,524
Раней пра гэта пісалі ў журналісцкіх расследаваннях.
Улады Беларусі ўпершыню адкрыта паказалі інфраструктуру і сцэнар выкарыстання ядзернага «Іскандэра» ў Асіповічах — якраз у тым месцы, пра якое «Радыё Свабода» раней пісала ў сваіх расследаваннях. На ўчорашніх вучэннях мы таксама ідэнтыфікавалі расійскага генерала, звязанага з галоўным «ядзерным» упраўленнем Мінабароны Расіі, які мог адказваць за дастаўку зброі.
З 18 па 21 мая Беларусь і Расія правялі сумесныя вучэнні па «баявым ужыванні ядзернай зброі і ядзерным забеспячэнні». Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што падчас трэніроўкі адпрацоўваліся «дастаўка ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўка іх да прымянення». Мінабароны РФ заявіла, што беларускія ваенныя выконвалі задачы па атрыманні «спецыяльных боепрыпасаў» для комплексаў «Іскандэр-М», іх загрузцы на ракеты-носьбіты і падрыхтоўцы да пускаў.
21 мая Аляксандр Лукашэнка наведаў 465-ю ракетную брыгаду ў Асіповічах, дзе яму прадэманстравалі новыя ангары, казармы, а таксама імітацыю нанясення ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару комплексам «Іскандэр-М».
Такім чынам, беларускія ўлады фактычна пацвердзілі інфармацыю, раней апублікаваную ў расследаванні «Свабоды» і даследаванні Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў (FAS), пра будаўніцтва ў Асіповічах інфраструктуры для расійскіх комплексаў «Іскандэр-М», здольных выкарыстоўваць ядзерныя боепрыпасы.

Першыя машыны комплексу «Іскандэр-М» Расія перадала Беларусі напрыканцы 2022 года. У лютым 2023 года маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» заўважыў, што машыны гэтага комплексу маглі паступіць у 465-ю ракетную брыгаду ў Асіповічах.
У ліпені 2023 года Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў (FAS) выявіла першыя доказы гэтага. Спецыялісты заўважылі, што на тэрыторыі ракетна-артылерыйскай вайсковай часткі ў Асіповічах пабудавалі новы ангар, у якім мог змясціцца поўны дывізіён комплексу «Іскандэр-М». Звычайна ў склад такога дывізіёна ў расійскай арміі ўваходзяць каля 12 машын рознага прызначэння — ад камандна-штабной і транспартна-зараджальнай да машын тэхнічнага абслугоўвання і мабільных пунктаў падрыхтоўкі інфармацыі. Толькі чатыры з іх з’яўляюцца пускавымі ўстаноўкамі з ракетамі.
Аднак на гэтым будаўніцтва не спынілася. На спадарожнікавых здымках з сярэдзіны 2023 года да пачатку 2025-га «Свабода» заўважыла, што ў гэтай жа вайсковай частцы пабудавалі яшчэ два падобныя ангары. Кожны з іх таксама мог умяшчаць дадатковы дывізіён «Іскандэр-М». Гэта магло азначаць, што Расія перадала Беларусі ўжо поўную ракетную брыгаду гэтых комплексаў — не менш за тры дывізіёны, або каля 36 ваенных машын, з якіх 12 — пускавыя ўстаноўкі.
Акрамя таго, на спадарожнікавых здымках, раней апублікаваных «Свабодай», было бачна, што для ваенных 465-й ракетнай брыгады цалкам аднавілі адну з закінутых казармаў і адміністрацыйны будынак, пабудавалі новы стадыён і стаянку. У паўночнай частцы Асіповічаў таксама з’явіліся некалькі новых шматкватэрных дамоў і школа для вайскоўцаў.

За 12 кіламетраў ад Асіповічаў і месца базіравання комплексаў «Іскандэр-М» знаходзіцца 1405-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, дзе, паводле звестак журналістаў і навукоўцаў, можа размяшчацца сховішча ядзерных баягалоўкаў. Аналітыкі звярталі ўвагу на будаўніцтва новых ахоўных перыметраў, кантрольна-прапускных пунктаў і іншай інфраструктуры, уласцівой для аб’ектаў, звязаных з захоўваннем ядзернай зброі.
На спадарожнікавых здымках кампаніі Planet Labs ад 24 лютага 2025 года, атрыманых «Свабодай», былі прыкметныя маштабныя змены адразу ў некалькіх частках тэрыторыі базы: за апошнія два гады тут з’явіліся новыя аб’екты, а шэраг старых будынкаў прайшоў рэканструкцыю. Сістэму аховы вайсковай часці таксама ўзмацнілі — вакол базы размясцілі сродкі супрацьпаветранай абароны.
Будаўніцтва на 1405-й базе артылерыйскіх боепрыпасаў актывізавалася амаль адразу пасля заявы Уладзіміра Пуціна 25 сакавіка 2023 года аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Тады Пуцін казаў, што будаўніцтва сховішча для яе павінна быць завершана да 1 ліпеня 2023 года. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін з таго часу неаднаразова заяўлялі пра наяўнасць ядзернай зброі ў Беларусі, аднак ніякіх публічных доказаў гэтаму так і не было прадстаўлена.

Афіцыйныя кадры з наведвання 21 мая Аляксандрам Лукашэнкам асіповіцкай вайсковай часткі пацвердзілі частку інфармацыі, якую «Свабода» раней выявіла на спадарожнікавых здымках.
На відэа можна заўважыць, што вучэнні з імітацыяй ядзернага ракетнага пуску праходзілі на пляцоўцы паміж новымі ангарамі, пабудаванымі для комплексаў «Іскандэр-М». Унутры саміх ангароў таксама былі бачныя машыны гэтага комплексу. Міністр абароны Віктар Хрэнін дадаткова прадэманстраваў Лукашэнку рэканструяваныя казармы і штаб 465-й ракетнай брыгады.

Ці атрымалі беларускія ваенныя ад Расіі ядзерныя баягалоўкі для ракет — пацвердзіць немагчыма. Абвешчаны пуск быў электроннай імітацыяй — сама ракета заставалася на пускавой устаноўцы, а знішчэнне мэты адбывалася ўмоўна.
Аднак на пляцоўцы разам з Аляксандрам Лукашэнкам прысутнічалі і расійскія ваенныя. Як высветліла «Свабода», адным з іх можа быць генерал-маёр расійскай арміі Раман Громышаў.

У канцы 2021 года Громышаў быў камандзірам расійскай вайсковай часткі №14254 у закрытым ваенным гарадку Варонеж-45. Гэты аб’ект належыць 12-му Галоўнаму ўпраўленню Міністэрства абароны Расіі — структуры, якая займаецца захоўваннем, абслугоўваннем і транспартаваннем расійскіх ядзерных боепрыпасаў, а таксама адказвае за бяспеку іх захоўвання.
Раней эксперты ў каментарыях «Свабодзе» не раз падкрэслівалі, што не ўяўляюць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі без удзелу расійскіх ваенных з 12-га Галоўнага ўпраўлення. На іх думку, калі такая зброя сапраўды знаходзіцца ў Беларусі, то разам з ёй павінна быць створаная ўся неабходная інфраструктура для расійскага вайсковага персаналу, які займаецца яе аховай, абслугоўваннем і транспартаваннем. Фактычна павінна быць створаная новая расійская база на тэрыторыі Беларусі.
«Трэба выразна разумець адну рэч, якая асабіста ў мяне не выклікае ніякіх сумневаў: усе аперацыі з ядзернымі баявымі зарадамі як на тэрыторыі Расіі, так і на тэрыторыі Беларусі, калі раптам яны будуць туды дастаўлены, будзе ажыццяўляць выключна 12-е Галоўнае ўпраўленне Міністэрства абароны Расіі (12 ГУМО), — казаў у каментары «Свабодзе» старшы супрацоўнік Інстытута ААН па даследаванні праблем раззбраення Павел Падвіг. — Гэта азначае, што ўсе аперацыі — абслугоўванне, транспартаванне баявых зарадаў, ахова аб’екта і ахова перыметра — усё гэта будуць выконваць выключна расійскія ваенныя. Іншых варыянтаў тут няма».

У камандным пункце Міністэрства абароны Беларусі, дзе Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра пачатак сумеснай трэніроўкі, прысутнічалі і іншыя расійскія ваенныя, ідэнтыфікаваць якіх «Свабодзе» не ўдалося. Хоць Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ядзерная зброя ў Беларусі знаходзіцца пад яго кантролем і рашэнні аб яе прымяненні будуць прымацца ў Мінску, нават імітацыя ядзернага ракетнага пуску праходзіла пры ўдзеле расійскіх генералаў.
«Уся гэтая балбатня пра тое, што нас выкарыстоўваюць і гэтак далей — гэта ўсё лухта. Гэтага няма і быць не можа. Гэта наша зброя, і мы будзем яе выкарыстоўваць», — казаў ён у чэрвені 2023 года.

Аднак прэзідэнт Польскага інстытута нацыянальнай бяспекі Станіслаў Жарын лічыць, што Расія працягвае выкарыстоўваць Беларусь для сваіх інфармацыйна-псіхалагічных аперацый супраць НАТА.
«Разгортванне ядзернага арсеналу, інфармацыя пра выкарыстанне рэальных баявых галоўак, спробы схаваць перамяшчэнне войскаў і правядзенне выпрабаванняў зброі ў нетыповых месцах — увесь сцэнар падпарадкаваны мэце Масквы запалохаць Захад, — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X. — Цяперашнія вучэнні — гэта сігнал, свядома падрыхтаваны Расіяй для свету: укладзіце пагадненне з Крамлём або сутыкнецеся з рызыкай ядзернай вайны. Гэта добра правераны метад, але, на жаль, яшчэ заўсёды эфектыўны. За гэтым трэба ўважліва сачыць, і гэта патрабуе рэакцыі».