Эксперт растлумачыў, чаму «астыў» рынак нерухомасці ў Мінску
12- 19.05.2026, 12:18
- 8,602
Колькасць здзелак зменшылася.
У красавіку 2026 года ў Мінску колькасць здзелак з кватэрамі зменшылася на 3% у параўнанні з сакавіком. Так, паводле даных Realt, на другасным рынку было здзейснена 1220 здзелак, і гэта сведчыць, што ажывіць рынак не здолелі ні таннеючы долар, ні паніжаныя стаўкі па жыллёвых крэдытах. Чаму так адбылося?
Галоўнай прычынай «астывання» рынку жылой нерухомасці ў красавіку намеснік дырэктара па аналітыцы партала Realt Андрэй Чарнышэў называе бесперапынны рост цэн (плюс 9% з пачатку года), які падтрымліваецца зніжэннем курсу долара, змяншэннем колькасці кватэр у продажы і зніжэннем крэдытных ставак.
Выбар кватэр у Мінску звужаецца: калі ў красавіку 2025 года на продаж было выстаўлена 8 тыс. варыянтаў, то ў гэтым годзе выбіраць даводзілася ўжо з 5,8 тыс. кватэр. Пры гэтым выбар новабудоўляў звужаецца, а вось стары жыллёвы фонд — павялічваецца. Напрыклад, доля «панэлек», пабудаваных у СССР, у структуры прапанавання за год вырасла на 8%.
На гэтым фоне цэны працягнулі рост: сярэдні кошт «квадрата» ў параўнанні з сакавіком павялічыўся на 2,8% і дасягнуў $2121. Сярэдні кошт прададзенай кватэры перавысіў $105 тыс.
Галоўнае пытанне: што далей? На думку эксперта, колькасць кватэр, якія прадаюцца штомесяц, усё яшчэ недастаткова нізкая, каб матываваць прадаўцоў ісці на ўступкі ў цане. Таму перадумоў для стабілізацыі цэн пакуль не праглядаецца. Праўда, прадаўцам трэба быць гатовым да торгу і да таго, што здзелкі будуць запавольвацца.