«У 18 гадоў прыдумала сістэму і карыстаюся ёй дагэтуль»
20- 17.05.2026, 16:13
- 15,002
Беларуска расказала, як марнуе за месяц 5000 рублёў і пры гэтым назапашвае падушку бяспекі.
Марыя з’ехала ад бацькоў у 15 гадоў, вучылася выжываць на макаронах з прыправай «15 у 1», а аднойчы патраціла стыпендыю ўсяго за тры дні. Цяпер ёй 28, яна працуе ў сферы рэкламы, атрымлівае за месяц 6—7 тысяч рублёў і збірае падушку бяспекі, піша Onliner.
«Роблю ўсё, каб штогод мой даход павялічваўся», — прызнаецца дзяўчына.
«У 18 гадоў прыдумала сістэму і карыстаюся ёй дагэтуль»
— У 14 гадоў я яшчэ не ведала, колькі каштуе хлеб. А ўжо ў 15 мне давялося цалкам весці свой бюджэт — пачынаючы з пакупкі штаноў і заканчваючы папаўненнем запасаў гарбаты — так склалася, што праз вучобу я рана з’ехала ад бацькоў.
Спачатку мы крыху пажылі са старэйшым братам. Ён навучыў мяне пячы бліны, варыць суп, а яшчэ клаць грошы на тэлефон і сачыць за лічыльнікамі. Крыху пазней ён з’ехаў, я засталася адна. Бацькі давалі мне пэўную суму, але ніяк не кантралявалі выдаткі.

Зараз Марыя ў асноўным гатуе дома, але часам ходзіць у кафэ
Вядома, першы час шмат траціла на салодкае і чыпсы, купляла ўсё, што калісьці ў сям’і абмяжоўвалі (і правільна рабілі!). Часам да канца тыдня не ставала — заставалася на голых макаронах, ратавала толькі прыправа «15 у 1». Прыблізна ў такім рытме пражыла да ўніверсітэта. У летнія канікулы падпрацоўвала ў краме. І на першыя заробкі купляла сукенкі, білеты на канцэрты, нядрэнную касметыку.
Без дакладнага планавання я жыла прыкладна да 18 гадоў. Але аднойчы, прагуляўшы ўсю стыпендыю за тры дні, засумавала і задумалася. Мне стала шкада дарма патраченых грошай. У той момант я прыдумала сістэму, якой карыстаюся дагэтуль.
Яна вельмі простая — увесь бюджэт размеркоўваецца на месяц. Ёсць тры асноўныя часткі:
абавязковыя выдаткі (не ежа) — камунальныя плацяжы, тэлефон, растэрміноўкі;
ежа і дробныя радасці — напрыклад, паход на бранч або білет у кіно (цяпер гэта 35 рублёў у дзень);
малыя і вялікія жаданні — новая сукенка, квіткі ў адпачынак, масаж.
І калі на пачатку месяца я размеркоўваю асноўныя часткі, у мяне заўсёды застаецца яшчэ крыху, парадку 5—10% ад усёй сумы. Гэтыя грошы я адразу ж адкладаю ў валюце. Так фармуецца мая падушка бяспекі. За 10 гадоў я двойчы да яе звярталася: калі засталася без працы і калі трэба было аплаціць значны штраф. Для мяне гэтая сума недатыкальная. Цяпер у скарбонцы крыху больш за 6 тысяч долараў.

Выдаткі на касметыку і ежу
Двойчы за ўсё жыццё я заставалася без працы.
У такія моманты я брала сябе ў рукі, скарачала выдаткі на ежу, цалкам прыбірала блок «вялікія і малыя жаданні», варыла супы і перабірала шафу.
І старалася не сядзець без справы — адразу ж шукала падпрацоўкі. Па досведзе магу сказаць, што такія сітуацыі вельмі актывізуюць мозг і камунікатыўныя навыкі, здымаюць усе страхі. Я проста ішла і дамоўлівалася пра тое, пра што раней магла б пасаромецца прасіць.
Я раблю ўсё, каб штогод мой даход павялічваўся. Працую на поўную стаўку, плюс заўсёды адна-дзве падпрацоўкі. Здаю бабуліну кватэру. І калі ў 2018 годзе я зарабляла каля 300 долараў у месяц (з іх палова ішла на аплату пакоя), то цяпер мне на карту прыходзіць каля 6—7 тысяч рублёў за месяц.
На што сыходзяць грошы
Кватэру я не здымаю, жыву з хлопцам у ягонай аднапакаёвай кватэры. Выдаткі атрымліваюцца прыблізна такія:
Камуналка, тэлефон, падпіскі, праязны 300 рублёў
Манікюр, педыкюр, касметолаг, масаж, касметыка 500 рублёў
Спорт (басейн з трэнерам і ёга) 350 рублёў
Ежа дома і ў кафэ, дробныя выдаткі 1400—1500 рублёў
Падарожжы па Беларусі і за мяжу (трачу/адкладаю) 1200—1500 рублёў
Музеі, выставы, тэатры, кіно 100 рублёў
Абнаўкі ў шафу і ў дом 600 рублёў
Падарункі і дапамога блізкім 150 рублёў
Скарбонка 1000—1400 рублёў
За гэтыя 10 гадоў я на ўласным досведзе вывела некалькі правілаў:
добра працаваць і добра адпачываць;
не залежаць ад адзінай крыніцы даходу;
нават калі даход зусім невялікі, адкладаць хаця б па 20—30 долараў;
нікому не даваць у доўг грошы і не апраўдвацца за гэта;
не эканоміць на здароўі — ніякіх танных макаронаў і сінтэтычных шкарпэтак;
прыблізна прадумваць меню на тыдзень і хадзіць у краму са спісам;
гатаваць дома, але часам не адмаўляць сабе ў кубку кавы і пераацэненым круасане;
раз на сезон перабіраць шафу, купляць абутак з натуральнай скуры і якасныя даўгавечныя рэчы;
ездаць на веласіпедзе з сакавіка па лістапад, таксі выклікаць толькі ў самым крайнім выпадку;

Бюджэтныя забавы Марыі ў Беларусі
хадзіць па кнігі ў раённую бібліятэку;
карыстацца бясплатнай медыцынай — гэта і аналізы, і агляды, і УГД, і ФГДС;
знайсці свае, ідэальна адпаведныя сродкі догляду — і закупляць іх вялікімі аб’ёмамі;
дапамагаць блізкім з прафіцыту — парадаваць маму, падкінуць капейчыну хроснікам, купіць падарунак хлопцу тады, калі ў мяне сапраўды ёсць лішнія грошы.
Дзякуючы такому падыходу да 28 гадоў я наведала 22 краіны, купіла ўсю патрэбную мне тэхніку, уключаючы добры смартфон і якасныя навушнікі, сфармавала падушку бяспекі.

Паездкі ў Італію і на Шры-Ланку
Патроху дапамагаю бацькам і рыхтуюся да новых выклікаў: разам з хлопцам мы марым пра кватэру пабольш і заводзім размовы пра дзяцей. Мяне вельмі цягне з’ездзіць у нятанныя краіны, такія як ЗША, Аўстралія, Нідэрланды. Спадзяюся, з часам усе мэты будуць дасягнутыя.