Алесь Бяляцкі: Беларусі важна заставацца ў фокусе міжнароднай увагі
- 12.03.2026, 15:22
Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне пагаршаецца.
Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру і старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі падчас свайго першага міжнароднага візіту пасля вызвалення выступіў на сайд-івэнце 61-й сесіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэневе 11 сакавіка 2026 года, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Арганізатарамі мерапрыемства сталі пастаянныя прадстаўніцтвы Літвы, Польшчы, Нарвегіі і Швецыі пры ААН. У сайд-івэнце таксама ўзялі ўдзел прадстаўніца Групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі С’юзан Базілі, былая палітзняволеная Ганна Курыс, прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Анастасія Круопе, прадстаўнікі міжнароднай супольнасці, у тым ліку паслы розных краін. Мадэратарам сустрэчы выступіў Віціс Юрконіс з Freedom House
«Гэта мой першы міжнародны візіт, — заявіў падчас свайго выступлення Алесь Бяляцкі. — Падчас сайд-івэнту я падкрэсліў, што Беларусі патрэбныя і Група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і Спецыяльны дакладчык па Беларусі.
Нават у часы шматлікіх крызісаў у свеце Беларусі важна заставацца ў фокусе міжнароднай увагі, бо сітуацыя з правамі чалавека ў краіне пагаршаецца. Штодня мы фіксуем усё новыя выпадкі палітычных рэпрэсій, з’яўляецца ўсё больш палітвязняў. Таму важна сістэматычна працягваць працу на міжнародным узроўні — у тым ліку дакументаваць усе парушэнні, каб надалей гэта магло спатрэбіцца для прыцягнення вінаватых да адказнасці».